“Гістарычная ноч” – украінцы збілі ўсе “Кінжалы” ў небе над Кіевам

“Гістарычная ноч” – украінцы збілі ўсе “Кінжалы” ў небе над Кіевам

Начная атака на Кіеў, здзейсненая каля 04:00 раніцы 16 мая расійскімі войскамі, выявіла нечуваную раней здольнасць украінскіх сілаў супрацьпаветранай абароны збіваць любыя ракеты ворага.

“Выключная па сваёй шчыльнасці” атака, пра якую пісалі mogilev.media праводзілася з выкарыстаннем розных відаў боепрыпасаў з розных накірункаў у кароткі прамежак часу.

Сярод паведамленняў пра збітыя ракеты нечаканай стала інфармацыя пра знішчэнне ўсіх шасці з выпушчаных ракет тыпу “Кінжал”. Украінскі аналітык, эксперт і дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц ужо аб’явіў гэты выпадак гістарычным, піша Unian:

– Сёння адбылася гістарычная ноч, таму што вораг спрабаваў выкарыстаць усе хітрасці і магчымасці, каб прадушыць нашу СПА. Яшчэ не было такога, каб у адным паветраным нападзе выкарыстоўвалася 6 ці больш “Кінжалаў”. Размова ідзе аб 18 ракетах, з іх 6 “Кінжалаў”.

“Кінжал” заяўляўся прадстаўнікамі расійскіх ваенных ведамстваў як гіпергукавая ракета, якую немагчыма збіць. Яна здольная несці ядзерны боезарад. У адрозненне ад расійскіх, заходнія эксперты выказваюць меркаванне, што да ліку гіпергукавых ракет “Кінжал” адносіць нельга. Эксперт у галіне ядзернага нераспаўсюджвання Джэфры Льюіс адзначае што “Кінжал” больш карэктна называць балістычнай ракетай паветранага базавання, заявіўшы што “ён гіпергукавы толькі ў тым сэнсе, што амаль усе балістычныя ракеты гіпергукавыя”.

Тым не менш, да вайны ва Украіне лічылася, што такая цэль, як “Кінжал” з-за выкарыстання ёй балістычнай траекторыі а таксама з-за высокай хуткасці палёту практычна немагчыма выявіць і збіць у паветры. Выкарыстанне украінскімі вайскоўцамі комплексу супрацьпаветранай абароны Patriot выявіла здольнасць абраніцца нават ад падобнай звышнебяспечнай зброі.

На фота – бамбардзіроўшчыкі МіГ-31К з ракетамі “Кінжал”. Фота з адкрытых крыніц.