Памятаеце вертыкальную велапаркоўку ў Магілёве – вось як яна эксплуатуецца зараз

Год таму, у чэрвені 2024-га ў Магілёве абвясцілі пра ўсталяванне “элегантнага вынаходніцтва” ліфтавага завода – вертыкальнай велапаркоўкі, якая адначасова ўяўляе сабой “малую архітэктурную форму” з “арыгінальным дызайнам”. 

Аранжавая несуразная херабора, насамрэч, сапсавала і так немілавідны краявід на плошчы перад “Атрыумам”, заняла месца на восем-дзесяць веласіпедаў, прапануючы паркоўку ўсяго для шасці. 

Праз два (!) месяцы пасля ўстаноўкі, на велапаркоўцы правялі пусканаладачныя работы – задорна паведаміў гарвыканкамаўскі паблік “Магілёў – мой горад!”. Два месяцы пасля ўстаноўкі – гучыць даволі экзатычна, але ладна. Добра, што наогул правялі.

А сёння аўтару гэтых радкоў на вока трапіўся матэрыял магілёўскіх журналістаў з той самай плошчы перад “Атрыумам”, і ў кадр патрапіла якраз вертыкальная велапаркоўка.

велапаркоўка

Памятаецца, у дні адкрыцця паркоўкі мы адразу напісалі, што незразумела, каму гэтая бздура патрэбная. Так і атрымалася. Вось яна, стаіць пустая, пакуль побач раварысты дзясяткамі паркуюцца на нармальнай, альбо выбіраюць проста каля лаўкі трымаць свой веласіпед і не звязвацца з “элегантным вынаходніцтвам” з “арыгінальным дызайнам”.

вертыкальная паркоўка

Фота: magilev.by

У Магілёве паставілі электрычную велапаркоўку – каму гэтая бздура патрэбная, гараджане не разумеюць

Да Дня горада, што адзначаецца ў Магілёве на гэтых выходных, “Магілёўліфтмаш” падрыхтаваў абласному цэнтру даволі сумніўны падарунак. Вертыкальная электрычная велапаркоўка на шэсць ровараў была ўсталяваная прадпрыемствам на плошчы перад “Атрыўмам”. Раней гэтую дзіўную канструкцыю ўжо прэзентавалі на адкрыцці веласезона ў Магілёве.

Кіраўніцтва “Магілёўліфтмаша” пазіцыянуе сваю велапаркоўку як нейкае элегантнае вынаходніцтва, тады як у жыхароў горада, асабліва ў раварыстаў, узнікае вельмі шмат пытанняў што да глуздоў у аўтараў гэтай ініцыятывы.

Па-першае, на тым месцы, якое займае велапаркоўка, можна было б звычайным чынам размясціць тыя ж самыя шэсць веласіпедаў, калі не больш. Прадстаўнікі “Магілёўліфтмаша” на гэта заяўляюць, што ўтылітарныя функцыі велапаркоўкі другасныя, а ў першую чаргу гэта “малая архітэктурная форма” і “арыгінальны дызайн”.  А па-другое, сумненні выклікае якраз дызайн. Жалезная спаруда, пафарбаваная ў аранжавы колер – гэта тое, што павінна ўпрыгожваць горад, здзіўляюцца гараджане?

“Хватит уродовать город разным мусором” – рэагуюць на канструкцыю каментатары пабліка Mogilev Live. “Бессэнсоўна і бязлітасна. Я свой ровар туды ніколі не пастаўлю, навошта мне гэты гемарой з абвязваннем стужкамі каб далібог не зваліўся?” – піша карыстальнік, падпісаны як Andrej Žuraŭkoŭ.

Каля Магілёўскага абласнога музея імя Масленікава ўжо паставілі недарэчную гаргару – вертыкальную паркоўку для аўтамабіляў – нагадваюць таксама магілёўцы. У выніку толькі сапсавалі від на гісторыка-культурную каштоўнасць, а самой паркоўкай так ніхто і не карыстаецца.

Фота: magilev.by