У Магілёве плануюць аднавіць Траецкую царкву – плюсы і мінусы

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў, а таксама архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроні заклалі ў фундамент Траецкай царквы капсулу з заявай аб намеры аднавіць разбураную святыню. Заяўляецца, што на будаўніцтва храма маюцца сродкі ад спонсараў. Паспрабуем разабрацца – у чым безумоўная прывабнасць гэтага праекта, а таксама, у чым могуць хавацца невідавочныя мінусы.

Выпадковая святыня

Да рэвалюцыі ў Магілёве налічвалася некалькі дзясяткаў вялікіх і маленькіх храмаў розных канфесій. Найбольш значнымі праваслаўнымі святынямі ў цэнтры горада выступалі Богаяўленская і Спаская цэрквы, Іосіфаўскі сабор. Да іх можна далучыць таксама такую архітэктурную дамінанту, як былы касцёл св. Ксаверыя, які ў ХІХ стагоддзі таксама стаў праваслаўнай Васкрасенскай царквой. 

Хараство гэтай архітэктуры можна ацаніць на фотаздымку ніжэй, зробленым нямецкім салдатам у 1918 годзе. Дык вось, з гэтага спісу найвыбітных святыняў старажытнага Магілёва, да нашых дзён не дажыла ніводная. Усе былі разбураныя ў часы савецкай улады. Гэтаксама, як і безліч іншых, невялікіх храмаў, у тым ліку і Траецкая царква.

Магілёўскія цэрквы

У 2016 годзе, калі ў часы кіравання Магілёўскім гарвыканкамам Уладзіміра Цумарава перабудоўваўся мост праз Днепр на праспекце Пушкіна, на месцы будаўніцтва выпадкова выявілі фундамент разбуранай пасля вайны Траецкай царквы. Выпадкова – таму раней што ніхто не займаўся дакладным вызначэннем месца размяшчэння гэтай царквы. Яна не настолькі цікавіла даследчыкаў – храм досыць шараговы, у класіцыстычным стылі, што панаваў у Расійскай імперыі ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў.

Траецкая царква Магілёў
Траецкая царква на фотаздымку пач. ХХ ст. (справа)

Зараз у матэрыялах пра Траецкую царкву можна сустрэць некалькі журналісцкіх клішэ – пра цудоўнае адкрыццё фундамента храма, пра яго стылістычную сувязь з Іосіфаўскім саборам, які паклаў пачатак класіцызму ва Усходняй Еўропе – быццам бы Траецкая была яго паменшанай копіяй. Але гэта ўсё, шчыра кажучы, перабольшванні. Цяжка назваць цудоўным адкрыццё фундамента, якога ніхто не шукаў. Ну, а стылістычная сувязь ад Іосіфаўскага сабора прасочваецца з усім, што было пабудавана на абшарах Расійскай імперыі ў класіцыстычным стылі – так што копій можна знайсці процьму.

Цесна, тлумна, невыразна

Аднак, трэба аддаць належнае кіраўніцтву Магілёўскага гарвыканкама – адразу пасля выяўлення фундамента царквы, імгненна было прынята рашэнне памяняць будаўнічы праект. Месца са знойдзеным падмуркам акружылі варонкай, падобнай на амфітэатр, стварыўшы тут новую фотазону і турыстычны аб’ект.



Такое шчыльнае паўакружэнне царквы ажыўленай магістраллю стварае для храма першачарговую нязручнасць. Над цэнтральным уваходам, над галоўным фасадам будзе фактычна навісаць тлумная дарога. Сама Траецкая царква будзе метраў на восем закрытая гэтай трасай, так што над дарогай добра калі будзе выглядваць хаця б класіцыстычны купал. Відавочна, што дарогу адсюль прыбіраць ніхто не будзе, таму варта чакаць, што эстэтычная выразнасць храма будзе істотна сапсаваная наваколлем.

Троицкая церковь Могилев
Іншая нязручнасць у будаўніцтве Траецкай царквы заключаецца ў тым, што даследчыкам невядомыя выявы яе інтэр’ераў. Калі знешні выгляд яшчэ захаваўся на гравюрах і фотаздымках, то ўнутранае ўбранне, відавочна, будзе ўяўляць сабой сучасную фантазію.

Але, нягледзячы на гэтыя мінусы, аднаўленне Траецкай царквы мае адзін безумоўны і галоўны плюс – у Магілёве адродзіцца яшчэ адна старажытная каштоўнасць, прычым гэта будзе першы гістарычны помнік на тэрыторыі ўсяго Задняпроўя.

Фота з адкрытых крыніц