Дзяржкамітэт судэкспертыз па Магілёўскай вобласці гатовы за 140 рублёў праверыць хімічны склад вашых ныркавых камянёў.
Інфармацыя пра такую магчымасць у судовых экспертаў з’явілася на сайце дзяржкамітэту ў Магілёве. “Дзяржаўныя медыцынскія судовыя эксперты-хімікі, заключыўшы дамову з грамадзянінам, правядуць даследаванне камянёў на прадмет іх хімічнага складу і выдадуць заключэнне экспертызы. Хімічны склад камянёў (фрагментаў), якія адышлі самастойна альбо атрыманых з дапамогай хірургічнага ўмяшання, правяраецца па найбольш часта сустракаемым дзесяці паказчыках”, – рэкламуе сваю платную паслугу структура, якая жыве за кошт бюджэта, то бок за кошт грамадзян, якіх і запрашае з камянямі на платнае даследаванне.
Паводле яе, нядаўна двое магілёўцаў прыносілі на праверку свае камяні. У адным выпадку грамадзянін падаў тры ныркавых каменя масай 0,177 грама. У іх складзе эксперты выявілі аксалат-іёны, фасфат-іёны і іёны кальцыя. Шэраг іншых правяраемых іёнаў (рэчываў) не выяўлена.
У другім выпадку даследавалася два ныркавых каменя масай 0,110 грама. У іх складзе эксперты выявілі таксама фасфат-іёны і іёны кальцыя.
Як адзначаюць эксперты, высвятленне хімічнага складу камянёў дазваляе вызначыць тактыку далейшага лячэння.
Фотаздымак: sudexpert.gov.by
