У Глуску распусціліся першацветы

Красавіцкі першацвет прымула заквітнела ў сярэдзіне снежня ў Глуску.

У Глуску на вуліцы Кірава, побач з магазінам “Мегаопт”, заквітнела прымула – маленькая яркая плямка сярод зімовай шэрасці. “Мы радуемся яе яркім кветачкам, бо ў такія туманныя дні любы напамін пра вясну, аб цяпле асабліва прыемна” – піша тэлеграм-канал “Мястэчка Глуск”.

Але для самой прымулы гэта, на жаль, не лепшы знак. Звычайна яна прачынаецца толькі напрыканцы зімы або ранняй вясной, і гэтак ранняе красаванне кажа пра тое, што цёплае надвор’е збіла яе прыродны рытм. Калі халады вернуцца рэзка, расліна можа загінуць.

Фотаздымак: “Мястэчка Глуск”

Бялыніцкія лебедзі не паляцелі ў вырай

Нягледзячы на тое, што траціна снежня ўжо амаль мінула, лебедзі па-ранейшаму плаваюць у возеры каля вёскі Заполле Бялыніцкага раёну.

У Заполлі цяпер знаходзяцца з дзясятак гэтых грацыёзных птушак, піша Мagilev.by. Нягледзячы на каляндарную зіму, яны свабодна плаваюць па незамёрзлай вадзе, зачароўваючы ўсіх, хто праязджае міма. Машыны спыняюцца адна за адной, бо людзі выходзяць, каб палюбавацца нязвыклым для халоднага снежня відовішчам. Некаторыя птушкі настолькі прызвычаіліся да ўвагі, што падплываюць вельмі блізка да людзей.

Чаму ж лебедзі не адлятаюць? Экалогі тлумачаць гэта незвычайна цёплай зімой: вадаём доўга не пакрываецца лёдам, і таму ў птушак застаецца магчымасць харчавацца. Калі ж паверхня вады ўсё ж замярзае, лебедзі проста пералятаюць на іншы незамёрзлы вадаём і так могуць міграваць увесь зімовы сезон.

Сам холад для іх не страшны, бо густы пух надзейна ўтрымлівае цяпло, а лапкі і дзюба не падвяргаюцца абмаражэнню.

Але ёсць яшчэ адзін фактар. Гэта – ўплыў чалавека. Пастаянная падкормка робіць птушак залежнымі ад дапамогі і памяншае іх здольнасць самастойна здабываць ежу.  Таму спецыялісты настойліва раяць не карміць лебедзяў без вострай неабходнасці. Ва ўмоўна цёплую зіму яны выдатна здольныя забяспечыць сябе харчаваннем.

Дапамога сапраўды патрэбная толькі ў выключных выпадках: калі птушка паранена або калі раптоўна надыходзяць моцныя маразы ніжэй за мінус 20 градусаў. Тады лебедзям можна даваць аўсянку з сырой гароднінай, спецыяльны камбікорм для птушак або прарошчаны авёс, ячмень ці пшаніцу.

Фотаздымак: Мagilev.by