“Ляціць пыл, бруд” – жыхары Палыкавіч-2 скардзяцца на завод па вырабе падгузнікаў

Іншыя насельнікі вёскі пад Магілёвам не бачаць праблемы ў суседстве з новай вытворчасцю.

Паведамленне пра забруджванне паветра заводам БелЭмса, размешчаным у Палыкавічах-2 паявіліся на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах. У кароткім роліку чутна, як дзве жыхаркі паселішча абмяркоўваюць завод па вытворчасці падгузнікаў. 

“Ляціць пыл, бруд. Адыходы вытворчасці” – кажуць жанчыны за кадрам, а адзін з мясцовых жыхароў дадае:

– Не адзін месяц ужо завод працуе без фільтраў. Мой дом знаходзіцца прыкладна ў 300 метрах ад гэтага завода. На машыне ўвесь час адчуваюцца валокны, стаіць непрыемны саладкавы пах. Куды звяртацца, незразумела. 

Журналісты Магілёў.media пабывалі ў Палыкавічах-2 і могуць пацвердзіць, што незвычайны саладкаваты водар лунае ў паветры паблізу вытворчасці. Аднак сустрэтыя намі мясцовыя жыхары адверглі падазрэнні наконт завода падгузнікаў.

– Тут нічога не вытвараецца хімічнага. – запэўнілі двое мужчын сталага веку, што праходзілі міма БелЭмса – Тут падгузнікі толькі шыюць, збіраюць, а сюды ўжо прывозяць гатовую сыравіну. А пахне – гэта, можа, ад газавай станцыі?

Разам з тым, пачынаючы з 2020 года кампанія БелЭмса заяўляла, што акрамя дзіцячых падгузнікаў запускае новую вытворчую лінію па вырабе медыцынскіх масак. Гэтая лінія праектавалася як вытворчасць поўнага цыклу, а гэта азначае, што вытворчасць матэрыялаў для гатовай прадукцыі таксама ажыццяўляецца на прадпрыемстве. Медыцынскія маскі вырабляюцца на чатырох тэхналагічных лініях прадпрыемства. А ў 2022 годзе БелЭмса запусціла вытворчасць новага віду прадукцыі – падгузнікаў-трусікаў для дзетак.

Кампанія “БелЭмса” зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” у 2011 годзе. Заснавальнікам і інвестарам прадпрыемства выступіла турэцкая кампанія Ucar Grup. 70 працэнтаў прадукцыі экспартуецца, яна пастаўляецца ў 18 краін свету. Пераважна, гэта падгузнікі гандлёвай маркі “Senso”.