“Знаходка здзівіла” – дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі пра артэфакт з княскім знакам Ізяслава

Донца гаршчка з гербам князя Ізяслава было знойдзенае 13 жніўня на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйны артэфакт паведаміў стваральнік музею “Стары Менск” Глеб Лабадзенка.

“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!” – напісаў Лабадзенка ў Фэйсбуку. Ягоны допіс падаваў Магілёў.media.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза прызнаецца “знаходка нас здзівіла, таму што гэты сімвал – трызубец, які ўдалося інтэрпрэтаваць як асабісты княскі знак Ізяслава – сына Рагнеды і князя Уладзіміра Святаслававіча”. 

“Вядомы факт, што пасля канфлікту Уладзімір выслаў Рагнеду з сынам на радзіму, але невядома, куды менавіта. Лічылася, што ў Заслаўе. Дарэчы, герб гэтага горада паўтарае знойдзены сімвал. Але ў Заслаўі не знаходзілі падобных знакаў. Знаходка можа сведчыць аб тым, што гэтыя тэрыторыі маглі быць аддадзены Кіевам князю Ізяславу і ўвайшлі ў Полацкае княства ў канцы 10 – пачатку 11 стагоддзя”, цытуе Вадзіма Лакізу выданьне “СБ. Беларусь сегодня”.

Раскопкі гарадзішча на рацэ Менка пачалі з пачатку лета. Паводле Вадзімы Лакізы гэтая мясціна – ўнікальны гісторыка-культурны комплекс ды археалагічны аб’ект для краіны. 

“Найважнейшы для разумення гісторыі беларускай дзяржаўнасці” – адзначае ён. 

Рагвалод, Рагнеда, яе сын Ізяслаў – летапісныя легенды беларускай гісторыі. Кіеўскі князь Уладзімір забіў Рагвалода, бацьку Рагнеды, і гвалтам зрабіў яе жонкай. Яна спрабавала яго забіць, калі дазналася, што ён хоча ажаніцца з іншай. 

Ейнага сына Ізяслава, які за матчыны крыўды кінуўся быў на бацьку з кінжалам, Полацк прызнаў за свайго валадара і так аднавілася полацкая дынастыя Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў, вядомы як Мудры, княжыў у Кіеве.

Дзень у гісторыі: 4 жніўня. Ува Францыі пачаў караляваць праўнук легендарнай беларускі Рагнеды. Вялікім князем Літоўскім стаў Вітаўт. Пачалося вызваленне Полацку ад маскоўцаў. Нарадзіўся Янка Брыль, які лічыў, што беларусу трэба загадаць ім быць

1060 год. Ува Францыі пачаў караляваць Філіп I.

Ён быў прадстаўніком дынастыі Капетынгаў, сынам караля Генрыха I і Ганны Кіеўскай, якая была ўнучкай беларускай княжны Рагнеды і праўнучкі князя Рагвалода. Рагнеда – продак амаль 30 францускіх каралёў.

Рагнеда – летапісная легенда беларускай гісторыі. Кіеўскі князь Уладзімір забіў ейнага бацьку Рагвалода і гвалтам зрабіў яе жонкай. Яна спрабавала яго забіць, калі дазналася, што ён хоча ажаніцца з іншай. 

Ейнага сына Ізяслава, які за матчыны крыўды кінуўся быў на бацьку з кінжалам, Полацк прызнаў за свайго валадара і так аднавілася полацкая дынастыя Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў, вядомы як Мудры, княжыў у Кіеве.

Сама Рагнета прыняла хрысціянства і стала першай беларускай манашкай.

1392 год. Вялікім князем Літоўскім стаў Вітаўт Кейстутавіч.

Вітаўт Вялікі – знакавы валадар Вялікага Княства Літоўскага. Яго лічылі гаспадаром Літвы, так у сярэднявеччы называлі беларускія землі. За ім дзяржава дасягнула наймагутнейшай велічы.

Дзеля ўмацавання сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў – у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падоллі.

У дачыненнях з Тэўтонскім ордэнам ён мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасці разменнай манеты. Па бітве пад Грунвальдам цяперашняя Летува была прыгорнутая Вялікім Княствам, тэрыторыя якога на той момант прасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мораў.

1579 год. Войскі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя ўзялі ў аблогу Полацк, каб выбіць адтуль маскоўцаў.

30 жніўня войскі Івана IV капітулявалі.

Полацк пад акупацыяй маскоўскага цара Івана, празванага беларусамі Жахлівым, быў больш за шаснаццаць гадоў – ад 1563 да 1579 года. Старажытную сталіцу краю маскоўцы зрабілі стратэгічным цэнтрам заваёвы Беларусі.

За валадараннем Стэфана Баторага Магілёў атрымаў прывілей на самакіраванне – Магдэбургскае права.

1777 год. У Лондане адкрылі першы ў свеце цырк Філіпа Эстлі «Амфітэатр Эстлі». 

Будынак меў купалападобны дах, круглую глядацкую залу, манеж, аркестр, сцэну.

У Беларусі да Другой сусветнай вайны цырк быў і ў Магілёве. Ён стаяў на Дняпроўскім праспекце (цяпер вуліца Першамайская) насупраць сабора святога Іосіфа (зруйнаваны і на яго месцы ўзведзеная гасцініца Дняпро). 

У вайну цырк згарэў. Ацалела ўваходная арка, з якой зрабілі па вайне Трыумфальную з пазначэннем войск, якія вызвалялі ад нацыстаў горад. На ўрачыстыя падзеі да гэтай аркі ўскладаюць вянкі.

1917 год – нарадзіўся Янка Брыль.

Народны пісьменнік Беларусі. Быў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, які ліквідавалі ўлады. 

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. 

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

нікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненнай вёскі…».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.

1922 год. Пакладзены пачатак архіўнай справы Беларусі.

Прэзідыумам ЦВК БССР былі прыняты пастановы «Аб архіве», «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі», створаны Цэнтральны архіў Беларусі.

У Магілёве абласны архіў размясцілі на ўскрайку гораду, на вуліцы Чалюскінцаў.

1946 год. Нарадзілася Вікторыя Мазур.

Вядучая салістка беларускай аперэты. Народная артыстка Беларусі, выхаванка Магілёўскага музычнага вучылішча. Прыма Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру.

 1947 год. Нарадзіўся Мікалай Селяшчук.

Беларускі мастак, афарміцель кніг.

Аздабляў кнігі вядомых беларускіх аўтараў, імкнуўся да стварэння вобразаў-ідэяў, а яго карціны, па словах крытыкаў, нагадваюць тэатр.

Творы аўтара экспанаваліся і захоўваюцца ў больш чым 20 краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Пабачыць яго карціны можна і ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленнікава. 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.