У Хоцімскім раёне двое працаўнікоў сельгаспрадпрыемства накралі больш за 1 тону камбікорму. Цягалі яго на свае падворкі некалькі месяцаў.
Выкрылі жыхароў вёскі Бярозкі падчас міліцэйскага рэйду. 53-гадовая яе жыхарка ў хляўку назапасіла дзяржаўнага камбікорму амаль 760 кілаграмаў. Супраць вяскоўкі распачатая крымінальная справа.
Яе 35-гадовы зямляк не змог утаіць ад міліцыі 300 кілаграмаў камбікорму. Распачатая праверка, па выніках якой ўчынку вяскоўца дадуць прававую ацэнку.
Скрадзенае, піша тэлеграм-канал «Милиция Могилевщины» вернутае гаспадарцы.
Цяпер найбольш, калі сыходзіць са звестак міліцыі, крадуць на вёсках фарбаваную салярку, прызначаную для запраўкі сельгастэхнікі.
Днямі 840 літраў такога паліва выявіў міліцэйскі рэйд у жыхаркі Магілёўскага раёну. Магілёў.media падлічыў, што літраж нацяганай вяскоўкай саляркі складае 64% ад усяго аб’ёму накрадзенага паліва з пачатку месяца ў рэгіёне.
Праваахоўнікі высвятляе, дзе жанчына набрала столькі фарбаванага паліва.
З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі і крадзяжамі не толькі ў Беларусі, пісаў раней Магілёў.media.
У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.