У Магілёве аднаўляюць помнік ахвярам Халакосту. Як тое робіцца, выклікае здзіўленне

Мармуровая стэла развалілася на часткі, калі на яе падчас навальніцы абрынулася дрэва. Тое адбылося 29 чэрвеня.

Амаль увесь прамінулы час фрагменты помніка заставаліся на зямлі. Пляцоўку падмялі, а дрэва вывезлі. Цяпер узяліся за аднаўленне.

Ім займаецца, як удалося высветліць, будаўнічае ўпраўленне пры гарвыканкаме. Кантралююць хаду прац мясцовыя ідэолагі і пракуратура.

Для таго, каб паставіць на пастамент цяжкую з мармуру стэлу камунальнікі выкарыстоўваюць круглякі з парэзаных дрэў.

У наведнікаў яўрэйскіх могілак, дзе стаіць помнік, такі метад яго аднаўлення выклікае саркастычныя ўсмешкі. Паводле іх, у 21 стагоддзі існуе вялікі выбар тэхнічных сродкаў для гэтага. Наведнікі адзначаюць: узгрувашчванне на круглякі цяжкога фрагменту помніка небяспечнае для работнікаў.

У магіле пад помнікам пахаваныя парэшткі забітых у 1941 годзе нацыстамі нявольнікаў, створанага імі ж, гета. На выгравіраваным у мармуры надпісу няма згадкі пра нацыянальнасць пахаваных. Адзначана толькі, што тут спачываюць 2 тысячы загінулых «савецкіх грамадзян».

Пасля таго, як улада распачала кампанію збірання звестак і пошуку ахвяраў генацыду беларускага народу ля помніка сталі праводзіць пафасныя імпрэзы з удзелам школьнікаў і службоўцаў. Фотаздымкі з такіх мерапрыемстваў тыражавалі праўладныя медыі. У каментарах да іх не згадвалі Халакост і нацыянальнасць забітых.

Ва Ўкраіне арыштаваныя беларускія вагоны. Кошт маёмасці больш за 12 мільёнаў долараў

Вагоны трапілі ва Ўкраіну і  выкарыстоўваліся з парушэннем мытнага заканадаўства.

Украінская пракуратура паведаміла пра арышт маёмасці Беларусі і Расіі коштам у 360 мільёнаў грыўнаў (12 305 630 долараў ЗША). Яе ўладальнікі не называюцца.

Паводле паведамлення ў тэлеграм-канале ведамства, арыштаваныя чыгуначныя кантэйнеры, а таксама вагоны, наладаваныя мінеральнымі ўгнаеннямі. Як сцвярджаецца яны трапілі ва Ўкраіну і выкарыстоўваліся з парушэннем мытнага заканадаўства.

Санкцыянаваны арышт на падставе рашэнняў Шаўчэнкаўскага суду Кіева. Дасудовае следства вядзецца за сумыснае ўхіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах.

фота: radatv.online