Мікалаеў не абстрэльвалі ўсяго 44 дні з 256 дзён вайны, распавялі ў гарадской адміністрацыі. Расійскія ракеты забілі 149 грамадзянскіх асоб, з іх – 2 дзіцяці. Цяжка параненыя 698 чалавек, 10 з якіх – дзеці.
З 486 000 чалавек, якія пражывалі ў горадзе да пачатку поўнамаштабнай вайны, у горадзе засталося толькі каля 220 000 – 230 000. Да гэтага паведамлялася пра страты і пашкоджанні больш за 13 000 грамадзянскіх аб’ектаў.
korabelov.info
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Гераізму прыфрантавога Мікалаева прысвечана фотавыстава ў Кіеве.
«Горад, у якім я пражыў шмат шчаслівых хвілін, восем месяцаў стрымліваў націск варожай арды. Колькі ран на яго целе цячэ крывёй, колькі пераломаў і ўдараў ён атрымаў за гэтыя жудасныя месяцы вайны — не падлічыць. Але ён стаіць і трывае, я гэта дакладна ведаю», «Мікалаеўцы, якія цяпер у Кіеве, і ўсе, усе, усе, абавязкова прыходзьце, ушануем подзвіг жыхароў нашага суровага горада-героя Мікалаева. Перамога будзе за намі!» — пішуць мікалаеўцы у паведамленнях пра выставу.
img.novosti-n.org
Мікалаеўскія спартсмены за адзін дзень заваявалі 10 медалёў на чэмпіянаце свету па кікбоксінгу ISKA.
Спаборнцтва праходзіць у Турцыі. У скарбонцы спартсменаў 6 залатых, 3 сярэбраныя і 1 бронзавы медалі.
news.pn
Крымінал.
У Мікалаеўскай вобласці затрыманы дзве жанчыны, якія звярнуліся ў сэрвісныя цэнтры МУС па атрыманне паслугі. Але аказалася, што яны знаходзяцца ў вышуку, паведамляе прэс-служба МУС па Мікалаеўскай вобласці.
Адна звярнулася з заявай аб выдачы вадзіцельскага пасведчання, другая з мэтай здачы тэарэтычнага іспыту для атрымання вадзіцельскага пасведчання.
А ў Мікалаеве суд арыштаваў Аляксея Ушахіна, супрацоўніка камунальнага прадпрыемства. Ён далучыўся да тэлеграм-каналу акупантаў і падаў ім каардынаты для паўторнага ўдару па будынку ўпраўлення СБУ.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў.media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў – адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».