У наваколлях Магілёва заўважылі незвычайнага павука з небяспечным укусам

Пад Магілёвам заўважылі павука пагрозліва-яркага віду. Укус госця, які прыбыў у Беларусь з цёплых краін, можа быць балючым.

На відэа, якое апублікаваў у Інстаграме акаўнт vidosy_mogilev, бачны павук – а дакладней, называецца ён аса-павук ці аргіёпа Бруніха – які ахоўвае кокан з будучым патомствам. Для Беларусі такая сустрэча пакуль рэдкая, хоць у апошнія гады гэты від усё часцей заўважаюць у розных рэгіёнах краіны.

Як выглядае аргіёпа

Самкі аргіёпы даволі буйныя: даўжыня іх цела можа дасягаць 15-25 міліметраў. 

Цэнтр уласнага павуціння з’яўляецца асноўным месцам іх пастаяннага знаходжання, дзе яны заўсёды вісяць галавой уніз. Гэта адрознівае іх ад больш звыклых беларускіх крыжавікоў, якія часта хаваюцца збоку.

Самцы значна меншыя і непрыкметныя: маюць шэра-бурую афарбоўку і амаль не трапляюць на вочы. Іх жыццё складанае: замест таго каб будаваць сеткі, яны адразу шукаюць самку, а ў выпадку канкурэнцыі паміж некалькімі «прэтэндэнтамі» могуць адбывацца бойкі. 

Нягледзячы на ўражлівы выгляд, укус аргіёпы адносна бяспечны для чалавека. Ён падобны да ўкусу пчалы ці асы: выклікае кароткатэрміновы боль і пякоту. Тым не менш, для людзей з алергіяй яго яд можа стаць небяспечным і справакаваць больш сур’ёзныя рэакцыі.

Шлях з поўдня на поўнач

Гістарычна аргіёпа Бруніха насяляла стэпы і пустыні ад Міжземнамор’я да Японіі, уключаючы Кітай і паўночную Індыю. Аднак з канца ХХ стагоддзя гэты від пачаў актыўна рухацца на поўнач. Яго знаходзілі ў Польшчы, Германіі, краінах Балтыі, Расіі і нават у Скандынавіі. У Беларусі ўпершыню аргіёпу зафіксавалі толькі ў 2001 годзе, у Белавежскай пушчы.

Як піша “Наша ніва”, навукоўцы тлумачаць гэта не толькі глабальным пацяпленнем. Генетычныя даследаванні паказалі, што еўрапейскія і азіяцкія папуляцыі павукоў змешваліся, што прывяло да ўзбагачэння генетычнага фонду і лепшай прыстасаванасці да халаднейшых умоў. Дзякуючы гэтаму аргіёпа здолела пашырыць свой арэал далёка за традыцыйныя паўднёвыя межы.

У Беларусі аргіёпа Бруніха пакуль лічыцца рэдкай, але яна не ўключана ў Чырвоную кнігу. Няма яе і ў спісах ахоўваемых відаў ва Украіне ці Расіі. У еўрапейскіх краінах гэты від таксама не мае статусу аховы.

Скрыншот: Інстаграм vidosy_mogilev