У Магілёве запланавалі дарогу на падтапляемых землях

Дарогу на ўскрайку раёна вуліцы Падгорнай, дзе ўвесну часам Днепр падтапляе зямлю, запланаваў Магілёўскі гарвыканкам.

 

Магілёўскія ўлады абвесцілі ад правядзенні грамадскага абмеркавання інжынерна-транспартнай інфраструктуры каля забудовы па вуліцы Падгорнай. Новую дарогу збіраюцца пабудаваць “у пойме Дняпра, у зоне санітарнай аховы водазабору, водаахоўнай зоне”. Чыноўнікі задумалі яе з чатырма палосамі, веладарожкай, паркоўкамі.

 

Пры гэтым улады здаюць сабе справы, што тэрыторыя, дзе павінна быць дарога, мае забалочаныя і падтапляемыя ўчасткі. Акрамя таго, “на праектаваную тэрыторыю аказвае ўплыў гідраграфічная сетка, прадстаўленая р.Днепр з прытокам р.Дзебра”.

 

З аднаго боку дарогі будзе пойма Дняпра, а з другога – раён вуліцы Падгорнай. Адзін канец дарогі будзе мець працяг у далучэнні да дарогі-пуцепровада па вуліцы Каралёва, а з другі ніякага працягу мець не будзе, бо, згодна схемы, будзе сканчацца каля Дзебры.

 

Пры гэтым ад раёна вуліцы Падгорнай да новай дарогі плануюць пабудаваць шматпавярховыя дамы, а паміж дарогай і Дняпром – фізкультурна-аздараўленчую зону.

 

Прэзентацыя праекта запланавана на 14:10 26 лютага 2026 года на трэцім паверсе Магілёўскага гарвыканкама. грамадскае абмеркаванне будзе цягнуцца да 6 сакавіка.

 

Дарэчы, восенню 2020 года магілёўскія ўлады пад ціскам гараджан адмовіліся ад будаўніцтва ў тым месцы новага мікрараёна Юбілейны-2 паміж Падгорнай і Дняпром. Гараджане тады выступілі супраць забудовы вялізнай зялёнай зоны каля ракі – сабралі больш за 440 подпісаў. Па генплане меркавалася, што ў новым мікрараёне паміж ракой Днепр і вуліцай Падгорнай пабудуюць 24 пяціпавярхоўкі, дзіцячы сад, школу і гандлёвы цэнтр.

 

Цяпер, пачаўшы з будаўніцва з’езда з вуліцы Каралёва да праектуемай дарогі, улады іншым шляхам усё ж праціскаюць гэты мікрараён. 

 

Фотаздымак: etoretro.ru