Дзень 9 кастрычніка. Паўстанне ў Магілёве – сталіцы “Літоўскіх бунтаў”. Граф на Быхаве Хадкевіч здабывае адну з найвялікшых перамог у гісторыі Еўропы

Сусветны дзень пошты і тыдзень ліста ААН (з 1969 года). У 1874 годзе 22 краіны свету аб’ядналіся ў Сусветны паштовы саюз.

На тэрыторыі Беларусі рэгулярная паштовая сувязь арганізавана ў 1667 годзе.

1618 год. Выбухнула Магілёўскае паўстанне 1618 году. Выступленне месцічаў супраць прымусовага ўвядзеньня царкоўнай уніі.

У гэты дзень полацкі ўніяцкі архіяпіскап Язафат Кунцэвіч прыбыў да Магілёва з намерам зачыніць праваслаўныя цэрквы. Магістрат адмовіўся падпарадкавацца ўніяцкай мітраполіі. Пры набліжэнні Кунцэвіча месцічы замкнулі браму і ўсталявалі на гарадзкім вале гарматы. 

Кунцэвіч выехаў у Варшаву да вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы, які 22 сакавіка 1619 года выдаў унівэрсал аб выраку на смерць 20 удзельнікаў выступленьня і накладанні на месцічаў спагнаньня. 

Смяротны прысуд не быў выкананы, затрымаўшыся ў юрыдычных калізіях і гасціннасці магілёўцаў што да каралеўскіх паслоў.

1621 год. Войска Рэчы Паспалітай з быхаўскім графам Янам Каралем Хадкевічам на чале перамагло асманскую армію Асмана II у бітве пад Хоцінам. 

Бітва цягнулася з 2 верасня па 9 кастрычніка. 

Войскі Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва мелі толькі 58 тысяч чалавек, а  Атаманскай імперыі – каля 200 тысяч. 

Войска Рэчы Паспалітай абаранялася пяхотай на земляных валах табара, і выкарыстоўвала контратакі конніцай, асабліва гусарыяй, пад агнявым прыкрыццём з валоў. 

Запасы ў табары вычэрпваліся і вядома легенда, што ў дзень падпісання перамір’я 9 кастрычніка ў табары не было ані харчу, ані фуражу, і заставалася толькі адна бочка пораху.

Наступствы перамогі мелі вялікае міжнароднае значэнне. Турцыя адмовілася ад планаў заваёвы Еўропы, аслабла султанская ўлада. 

Быхаўскі граф Ян Караль Хадкевіч, які камандаваў войскамі Рэчы Паспалітай, памёр падчас бітвы.

1708 год. У ходзе Паўночнай вайны рускія войскі ў бітве пры Лясной пад Прапойскам (зараз Слаўгарад) упершыню перамаглі шведаў.

Па словах Пятра I бітва пад Лясной – «маці Палтаўскай бітвы». Палтаўская бітва адбылася роўна праз 9 месяцаў.

З нагоды падзеі, у аграгарадку Лясная адбываецца штогадовая акцыя “Лясная – месца воінскай славы”. 

Пра святочныя мерапрыемствы ў гэтым годзе чытайце ў матэрыяле Магілёў.media.

1780 год. Сфармаваўся Вялікі ўраган 1780 года. 

Самы смяротны ўраган Атлантыкі за ўсю гісторыю назірання. 

За 10 дзён забраў 22 тысячы  жыццяў.

1920 год. Войскі генерала Люцыяна Жалігоўскага занялі Вільню і Віленскі край.

У мемуарах ураджэнец Ашмян Жалігоўскі пісаў: 

“9 кастрычніка 1920 г… заняў Вільню не польскі генэрал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыньнікаў на літоўскай зямлі. 

Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы літвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцці звязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другое”.

12 кастрычніка 1920 года Л. Жалігоўскі абвясціў аб стварэнні асобнай дзяржавы – Сярэдняй Літвы.

1924 год. Нарадзіўся Аляксандар Аксёнаў. 

Беларускі і савецкі палітык і дыпламат.

Працаваў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ,  намесніка старшыні КДБ, міністрам МУС (1960-1965), старшынёй Савету міністраў БССР (1978-1983), амбасадарам СССР у Польшчы.

На пасадзе старшыні Дзяржкамітэту СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1985-1989) спрыяў дэмакратызацыі дзяржаўных СМІ.

1929 год. Памёр Адам Лісоўскі. 

Адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху, каталіцкі святар. Служыў у розных парафіях на беларускіх землях, у тым ліку ў Магілёве.

У 1922 годзе арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на 5 гадоў турмы. У 1924 годзе ў выніку абмену палітычнымі вязнямі выехаў у Польшчу.

Праваднік  беларусізацыі  касцёла. Пераклаў на беларускую мову некаторыя часткі Новага Запавету.

Адыграў вялікую ролю ў лёсе ксяндза Адама Станкевіча і яго беларускай нацыянальнай свядомасці.

1940 год. А 6:30 падчас налёту нямецкай авіяцыі на Ліверпуль нарадзіўся Джон Ленан. 

Брытанскі рок-музыкант, спявак, кампазітар, гітарыст, піяніст, паэт, акцёр, грамадскі дзеяч, мастак, пісьменнік. 

Заснавальнік і ўдзельнік гурта «The Beatles». Адзін з найбольш папулярных музыкантаў XX стагоддзя.

Быў забіты ў 1980 годзе.

1976 год. У Нью-Ёрку памёр Павал Пракапеня. 

Беларускі, польскі і расейскі оперны спявак, бас-барытон.

Да вайны спяваў разам з вядомыі артыстамі Янам Кяпурам,  Ежы Сямёнавым, гастраляваў у родным Навагрудку.

У Польскім Войску У. Андэрса быў артыстам ансамбля Карпацкай брыгады. Пасля вайны жыў у ЗША. 

Аб’ездзіў з канцэртамі паўсвету, але ў Польшчу, Беларусь  шлях яму быў зачынены.

У песенным рэпертуары прадстаўлены польскія, беларускія, расійскія народныя песні. У 1943 зняўся ў дакумэнтальным фільме «Шатландская мазурка».

1977 год. Першы раз паляцеў у космас ураджэнец Беларусі  Уладзімір Кавалёнак. 

Двойчы Герой Савецкага Саюза. Генерал-палкоўнік авіяцыі, кандыдат тэхнічных навук.

Палёт цягнуўся з 9 па 11 кастрычніка, 2 дні 44 хвіліны і 45 секунд, на касмічным караблі «Саюз-25». 

Па праграме палёту «Саюз-25» павінен быў састыкавацца са станцыяй «Салют-6», але з-за няштатных рэжымаў работы сістэмы збліжэння стыкоўку ажыццявіць не ўдалося і палёт быў датэрмінова спынены.

1984 год. нарадзілася Валярына (Валерыя) Кустава. 

Беларуская паэтэса, літаратар. Працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Перакладчыца з беларускай, расейскай, украінскай, польскай моў. 

У лютым 2018 года ў Беларускім Доме ў Варшаве на Дзень роднай мовы правяла «Нацыянальную дыктоўку» да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

У чэрвені 2021 году з прычыны пераследу з боку ўладаў пакінула Беларусь.

 

Дзень у гісторыі: 12 верасня. Над Беларуссю збілі мірны паветраны шар з двума грамадзянамі ЗША. Нарадзіўся эканаміст Сцяпан Аскерка. Памерлі: першы гаспадар Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг і літаратуразнаўца, перакладчык Яўген Барычэўскі. Войскі Рэчы Паспалітай і Святой Рымскай імперыі перамаглі асманаў

1263 год. Памёр Міндоўг.

У гісторыі Беларусь, на землях якой дзяржаўнасць пачалася з больш ранніх Полацкага і Тураўскага княстваў, Міндоўг выступае як першы ўладар Вялікага Княства Літоўскага – дзяржавы, якая ў далейшым ахапіла ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі, Літвы і шэраг суседніх зямель.

1612 год. Памёр Пётр Скарга.

Царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Прафесар, першы рэктар Віленскай акадэміі, стваральнік і першы рэктар полацкага езуіцкага калегіума, заснавальнік калегіумаў у Рызе і Дэрпце (Тарту).

Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596 году.

У ХІХ стагоддзяў разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны, бо папярэджваў, што прамаруджванне цэнтралізацыі ўлады шкодна адаб’ецца на лёсе краіны.

1683 год. Войскі Рэчы Паспалітай і Святой Рымскай імперыі перамаглі асманскае войскам і выратавалі ад іх Еўропу.

Бітве адбылася пад Венаю ля мястэчка Каленберг. Войскамі Рэчы Паспалітай кіраваў кароль і вялікі князь Ян Сабескі.

З Венскай бітвы пачаўся заняпад турэцкай магутнасці, Асманская імперыя ўжо не ўяўляла сур’ёзнай пагрозы для хрысціянскай Еўропе.

Сярод захопленых трафеяў была кава. Ад таго часу зачалася традыцыя шырокага ўжывання кавы ў Рэчы Паспалітай і Вялікім княстве Літоўскім.

Нарадзіўся Сцяпан Аскерка.

Беларускі, прускі эканаміст, юрыст.

Упершыню ўвёў у навуковы ўжытак слова «план».

Сфармуляваў ідэі, якія былі пакладзены ў аснову прускага шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.

1929 год. Нарадзіўся Мікалай Матукоўскі.

Драматург.

Кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Аўтар п’ес, па якіх ставіліся спектаклі, сцэнарыяў кінафільмаў, у тым ліку «Траянскі конь», «Мудрамер», кнігаў публіцыстыкі, эсэ.

1934 год. Памёр Яўген Барычэўскі.

Літаратуразнаўца і перакладчык.

Прафесар БДУ. Працаваў у Інстытуце мастацкай культуры.

Аўтар шэрагу кніг, сярод якіх хрэстаматыі «Мир искусств в образах поэзии…», «Тэорыя санету», у якой адзначаў, што ўпершыню строгія страфічныя формы з’явіліся ў Максіма Багдановіча.

Удзельнічаў у працы над 2-томным зборніку твораў Багдановіча.

Даследчык творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага.

1960 год. Нарадзіўся Алесь Агееў.

Гісторык. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Рэдактар гісторыка-краязнаўчага альманаха «Магілёўская даўніна».

Даследуе палітычную гісторыю Беларусі XIX–ХХ стагоддзя, гісторыю Магілёўшчыны, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Аркадзя Куляшова.

Аўтар 220 навуковых прац, шэрагу кніг, у тым ліку ў суаўтарстве з Алегам Трусавым «Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне».

Звольнены з МДУ імя А. Куляшова ў 2021 годзе.

1992 год. Адкрыўся Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Экспазіцыя размешчана ў 9 залах, якія адлюстроўваюць найбольш значныя падзеі гісторыі гораду і раёну, знаёміць з утварэннем Вялікага княства Літоўскага, каранацыяй Міндоўга, дзейнасцю вялікіх князёў літоўскіх, гісторыяй рассялення татараў, атрыманне магдэбургскага права, пра Навагрудскі замак, падзеі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў, выбітных ураджэнцаў і жыхароў, у тым ліку вучонага ў галіне астранаўтыкі Барыса Кіта.

Музей мае разнастайную і этнаграфічную калекцыю.

1995 год. Беларускім верталётам Мі-24 у Бярозаўскім раёне збіты амерыканскі паветраны шар D-Caribbean.

Паветраны шар удзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах паветраных шароў і заляцеў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Польшчы.

Пілоты Алан Фрэнчэль і Джон Сцюарт загінулі.

Арганізатары чэмпіянату папярэдзілі дыспетчарскія службы ўсіх краінаў, праз чый паветраны калідор транзітам скіроўваліся экіпажы.

Збіты паветраны шар стаў прычынай міжнароднага скандалу і расследавання.

Ніхто з беларускіх афіцыйных асобаў не ўзяў на сябе адказнасць за інцыдэнт.

На месцы аварыі  паставілі камень з надпісам «Прабачце».

 

У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц