Армагедон на Магілёўшчыне – самы моцны ўдар стыхіі прыйшоўся на Асіповічы. Фота, відэа

Днём 14 ліпеня на Магілёўшчыну абрынуўся жорсткі ўдар стыхіі. Навальніца, якая прайшла па паўднёвых рэгіёнах нашай краіны, закранула таксама некаторыя ўчасткі Магілёўшчыны. Сярод раённых цэнтраў самы моцны ўдар стыхіі адчулі на сабе жыхары Асіповіч.

Так, сапраўдная паніка пачалася ў наведвальнікаў цырка, калі ад моцнага ветра тут пачало проста рваць сам шацёр. Відэа, знятае гледачамі прадстаўлення, а таксама іншыя наступствы стыхіі на вуліцах Асіповіч і на дарогах Магілёўскай вобласці – у нашай відэападборцы.

У Асіповічах стыхія ламала дрэвы ў парку і на вуліцах. Увесь вечар 14 ліпеня і сёння раніцай у горадзе камунальныя службы і іншыя арганізацыі займаліся разборам завалаў.

На некаторых трасах рэгіёна паваленыя дрэвы заблакавалі рух транспарта. Гэта назіралася на трасе Гомель-Магілёў, на дарозе пад Чавусамі – пісалі карыстальнікі Тэлеграм-канала “ДАІ Магілёў ДПС”. 

У Бабруйску пасля навальніцы заліло некалькі гарадскіх вуліц – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Нажаль, у піянерскім лагеры пад Рэчыцай ахвярай навальніцы стаў 13-гадовы хлопчык.

АБНОЎЛЕНА:
Ахвярай стыхіі таксама стала 5-гадовая дзяўчынка ў Магілёўскім раёне – паведамляе Следчы камітэт.

Фота, відэа: “Асіповіцкі край”.

Танкі з Лаоса пакажуць у Чавусах і Асіповічах пад выглядам “танкаў Перамогі”

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь запусціла акцыю “Марш Перамогі” – па дзевяці гарадах праедуць танкі Т-34-85, пабудаваныя пасля 1951 года ў Чэхаславакіі для Лаоса. Іх будуць выдаваць за бронетэхніку, што ўдзельнічала ў аперацыі “Багратыён”.

На маніпуліцыі з боку беларускага ваеннага ведамства звярнула ўвагу выданне zerkalo.io. Міністэрства абароны абвясціла пра патрыятычную акцыю “Марш Перамогі”, у межах якой па некалькіх населеных пунктах Беларусі праедуць танкі Т-34-85, падобныя на тыя, што ўдзельнічалі ў аперацыі “Багратыён” і вызвалялі Беларусь у 1944 годзе. Усяго дэманстрацыя ваеннай тэхнікі пройдзе ў 9 гарадах і пасёлках, якія атрымалі вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” – гэта Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея. Акцыя будзе праходзіць з 12 па 20 ліпеня.

Бронетэхніка, якую пакажуць на парадзе, прадстаўлена беларускаму ваеннаму ведамству расійскім Міністэрствам абароны. Раней яна прыбыла ў нашу краіну для ўдзелу ў парадзе на 3 ліпеня ў Мінску. Як высветлілі журналісты выдання zerkalo, гэтая тэхніка раней, у 2019 годзе, была выкупленая ў арміі Лаоса. А ў гэтую краіну танкі Т-34-85 былі прададзеныя Чэхаславакіяй, якая вырабляла іх па савецкай ліцэнзіі пасля 1951 года.

На фота: танкі Т-34-85 чэхаславацкай вытворчасці ў складзе Народных узброеных сіл Лаоса.

Лаоскія танкі маюць шэраг знешніх адрозненняў ад аналагічнай савецкай бронетэхнікі ўзору 1944 года. Напрыклад, гэта больш роўная і гладкая форма вежы, а таксама здвоеныя ліхтары ў левай частцы пярэдняй брані. Для параўнання – танк Т-34-85, што стаіць на пастаменце па праспекце Міра ў Магілёве.

Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і з адкрытых крыніц.

У Асіповіцкім раёне выявілі кнігі з занадта маленькімі прабеламі

У прыватнага прадпрымальніка ў Асіповіцкім раёне падчас праверкі знайшлі літаратурныя выданні, якія не адпавядаюць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза. Выяўлена, што прабелы ў кнігах не адпавядаюць патрабаванням – яны ў некалькі разоў менш, чым неабходна. Як адзначылі спецыялісты, такія кнігі могуць нанесці шкоду здароўю дзяцей. Уся гэтая прадукцыя – расійскай вытворчасці. Продаж кніг быў забаронены.

Фота Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта.

Хросны бацька ў Асіповічах пабіў дзіцёнка – хлопчык у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай

А трэцяй гадзіне ночы агрэсіўна настроены, п’яны жыхар Асіповіч заявіўся ў госці да сваёй кумы і хроснага сына. Раней мужчына ўжо неаднаразова лупцаваў свайго хросніка. Разумеючы, што збіццё можа адбыцца і на гэты раз, маці ўсё ж адкрыла дзверы замест таго, каб выклікаць міліцыю. На пасяджэнні камісіі яна патлумачыла, што зрабіла гэта бо пабаялася, што кум паб’е вокны – жыллё сям’і знаходзіцца на першым паверсе. У выніку хросны бацька зноў адлупцаваў свайго хросніка так, што малы трапіў у шріталь з чэрапна-мазгавой траўмай – піша “Асіповіцкі край”.

 

Фота ілюстрацыйнае

Затрымана банда, якая гандлявала мясам са скотамагільнікаў

Гнілое мяса прамывалі Fairy, змешвалі са свежым і прадавалі як хатняе.

Злачынная група дзейнічала ў Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях – паведамляе тэлеканал АНТ. У склад банды ўваходзілі ветэрынарныя лекары і брыгадзіры сельгаспрадпрыемстваў з Асіповіцкага, Любанскага і Старадарожскага раёнаў і ўсе яны раней ужо былі асуджаныя за крадзёж буйной рагатай жывёлы.

У сюжэце гаворыцца, што ўсе асноўныя ўдзельнікі злачыннай групы затрыманыя, гэта тры жыхары Любані. Яны распрацавалі схему па выкраданні мяса са скотамагільнікаў – усталявалі на сваіх месцах здабычы фотапасткі і такім чынам вызначалі час, калі лепш за ўсё ехаць забіраць тушы забітых жывёл. Тушы разбіралі і прадавалі пасярэднікам альбо звычайным пакупнікам, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю. 

Фота: АНТ, скрыншот

Паведамляецца, што тэхнолаг прыватнага прадпрыемства параіла ўдзельнікам схемы мыць мяса содай альбо мыйным сродкам Fairy, каб выдаліць непрыемны пах. Пры гэтым самі злачынцы гэтым не займаліся, а прыцягвалі іншых працаўнікоў, якім плацілі 1500 рублёў за месяц. Прадаючы мяса, удзельнікі банды змешвалі яго са свежым і выдавалі за хатняе.

Вось як пракаментаваў якасць гэтага мяса дырэктар Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Іван Пырцак:

– Гэты паўфабрыкат ялавічны з’яўляецца нясвежым і мае прыкметы псавання. Гэта сведчыць пра тое, што гэтае мяса атрымана ад жывёл хворых, знясіленых альбо забітых у стане агоніі, што забаронена ветэрынарна-санітарнымі правіламі. Выяўленыя бактэрыя роду Salmonella і бактэрыі групы кішачнай палачкі.

У штаце мяснікоў меўся свой ветэрынарны лекар і тэхнолаг. Усе фігуранты справы затрыманы, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

У Асіповічах тры дні будзе мутная вада

З 21 па 24 траўня на вуліцах Камуністычнай, Вакзальнай, Інтэрнацыянальнай, Першамайскай, Ленінскай і завулку Мічурына ў Асіповічах мясцовая дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў Беларускай чыгункі будзе праводзіць прамыванне і дэзінфекцыю магістральнай сеткі вадаправода. Чакаецца, што ў гэтыя дні вадаправодная вада ў горадзе можа мець падвышаную мутнасць, каляровасць і пах хлору, магчымы нізкі яе напор – паведамляе “Асіповіцкі край”.

Фота: “Асіповіцкі край”

Дызайн вайсковай часткі пад Асіповічамі ўсё больш нагадвае сховішча ядзернай зброі – The New York Times

Выданне The New York Times апублікавала новыя матэрыялы пра вайсковую частку пад Асіповічамі, якая можа выступаць як сховішча для ядзерных боепрыпасаў. Раней, у сакавіку гэтага года даследчыкі з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў ужо звярталі ўвагу на гэтую частку – пісалі mogilev.media.

На думку экспертаў, якія вывучалі новыя спадарожнікавыя здымкі ваеннага аб’екта пад Асіповічамі і падзяліліся сваімі ўражаннямі з The New York Times, па сваім дызайне частка стала ўсё больш нагадваць тыповыя расійскія сховішчы атамнай зброі.

Эксперты адзначылі, што вайсковая частка працягвае забудоўвацца, на аб’екце з’явіўся аварыйны эвакуацыйны выхад і дадатковая сістэма супрацьпаветранай абароны.

На фота: Дадатковая сістэма супрацьпаветранай абароны, разгорнутая на базе пад Асіповічамі. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

Адна змена ў архітэктуры ваеннага аб’екта паставіла ў тупік даследчыкаў. Раней частка была абнесеная чатырма лініямі агароджы, а зараз іх толькі тры.

Схема размяшчэння ліній агароджы і кантрольна-прапускнога пункту на базе пад Асіповічамі, на думку экспертаў, стала нагадваць тыповыя сховішчы атамнай зброі ў Расійскай Федэрацыі, у Наўгародскай, Хабараўскай, Белгарадскай і іншых абласцях.

Адзін з экспертаў, Уільям Мун, заявіў выданню The New York Times, што дызайн магчымага сховішча расійскай ядзернай зброі пад Асіповічамі вельмі нагадвае сучасныя ядзерныя базы ў Расіі, дзе Мун, па ягоных словах, бываў асабіста ў складзе дэлегацый Пентагона ў якасці назіральніка за бяспекай захоўвання ядзернай зброі.

Пад Асіповічамі правялі спаборніцтвы паміж гаўбіцамі

На палігоне пад Асіповічамі прайшлі вучэнні з удзелам артылерыйскіх груп Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў беларускіх Узброеных сілаў – паведамляе “Асіповіцкі край”.

Continue reading “Пад Асіповічамі правялі спаборніцтвы паміж гаўбіцамі”

У Асіповічах шукаюць чалавека, ён знік яшчэ ў сакавіку

Пошукавы атрад “Фенікс” абвясціў пра пошук Эдуарда Татура з Асіповіч. Мужчына 1970 года нараджэння пакінуў свой дом у раённым цэнтры 31 сакавіка і з таго часу яго месцазнаходжанне невядомае. На выгляд яму 55-60 гадоў, рост 175-180 см, хударлявага целаскладу, валасы сярэдняй даўжыні сівыя, вочы шэрыя, носіць акуляры. На грудзях ёсць два шнары ад аперацый. Падрабязнасці пра працэс пошукаў – тут.

Фота: Атрад “Фенікс”

Рэвальвер сістэмы Наган і 261 патрон да яго здаў у міліцыю жыхар Асіповіцкага раёна

Жыхар вёскі Лапічы заявіў, што рэвальвер і боепрыпасы знайшоў напрыканцы 2023 года недалёка ад свайго дома – піша “Асіповіцкі край”. Па фотакалажу, прадстаўленаму ў выданні, можна заўважыць, што рэвальвер быў моцна пашкоджаны іржой, але адрэстаўраваны. Зрабіць выснову пра яго баявыя якасці складана, а вось боепрыпасы выглядаюць цалкам боездатнымі.

Выданне адзначае, што жыхар Лапіч здаў зброю супрацоўнікам міліцыі добраахвотна і будзе вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

Фота: “Асіповіцкі край”