Прагноз надвор’я на уікенд

Тэмпературы днём да +8° С, пераважна пахмурна, месцамі з праясненнямі, без ападкаў. Дзень амаль 12 гадзін. 

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы блізкія да +3°С, з ваганнямі ноччу ад 0 -2°С да +3°С, днём – ад +6°С да +8°С. 

Будзе пераважаць пахмурнае, галоўным чынам без ападкаў надвор’е. З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 8 хвілін з 11 гадзін і 55 хвілін 17 сакавіка да 12 гадзін 3 хвілін 19 сакавіка, ужо 19 сакавіка дзень будзе больш за 12 гадзін. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 7:05, зойдзе ў 19:08.

Сінаптычны прагноз на апошні рабочы дзень тыдня, 17 сакавіка: раніцай каля +2°С, удзень да +6 +7°С, увечары да +2°С, уноч да 0 -2°С. У першай палове дня чакаецца яснае надвор’е, у другой палове – воблачна, без ападкаў. Вецер на працягу сутак паўночны, паўночна-усходні, к вечару – паўднёва-усходні, хуткасцю да 2-4 м/с. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца, раніцай і вечарам у паніжэннях магчымы туман.

Суботняе, 18 сакавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным месцамі з невялікімі праясненнямі, без ападкаў. Раніцой тэмпература каля 0 +3°С, днём да +8°С, ноччу ад 0°С да +1°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага ўсходу, хуткасць вятроў 3-4 м/с.

У нядзелю, 19 сакавіка, раніцай тэрмометры пакажуць 0 +1°С, удзень да +8°С, да ночы слупок тэрмометра панізіцца да +2 +3°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёва ўсходнія вятры хуткасцю да 4-5 м/с. Пахмурна, пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца.

Ранак панядзелка 20 сакавіка пачнецца з воблачнага з праясненнямі надвор’я, з вятрамі паўднёвага накірунка хуткасцю да 4 м/с, тэмпературамі +2 +3°С. У сярэдзіне дня чакаецца павышэнне тэмпературы да +7 +11°С. У другой палове дня, бліжэй да вечара пройдзе невялікі дождж.

Дзень у гісторыі. 16 сакавіка. Катэхізіс Буднага. 1870 мм ападкаў за суткі. Выключэнне Расіі з Савета Еўропы. Нарадзіліся акцёр С. Міхоэлс, музыка М. Анемпадыстаў.

1562 год. Беларускі асветнік Сымон Будны (1530-1593) у Нясвіжы надрукаваў свой “Катэхізіс”.

Яго Катэхізіс перавыдаваўся 2 разы: у Стакгольме (1628), у Мінску (2005). Да 2005 года бібліятэкі Беларусі не мелі ніводнага асобніка гэтай кнігі, а пазнаёміцца з ёй маглі толькі даследчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальная бібліятэкі і толькі з ксеракопіяй.

С. Будны – філосаф і гісторык, актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі, прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму. Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы. Акрамя Катэхізісу, выдаў Бібліію, Новы Запавет у перакладзе на старабеларускую і польскую мовы.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

Помнікі асветніку ўсталяваны ў Нясвіжы і ва ўнутраным дворыку БДУ (кампазіцыя «Дыспут: Цяпінскі і Будны»).

1757 год. Пад Прапойскам (зараз – Слаўгарад) нарадзіўся Восіп Казлоўскі.

Беларускі, польскі і расійскі кампазітар, арганіст. Класік рускай музыкі даглінкаўскай пары.

Вучыўся ў Варшаўскай капэле пры касцёле Святога Яна. Настаўнік музыкі Міхала Клеафаса Агінскага, Караля Ельскага. Выдавец твораў Агінскага. Аўтар неафіцыйнага гімна Расійскай імперыі паланэза «Гром перамогі, гучы», «інспектар музыкі» імператарскіх тэатраў, фактычны кіраўнік музычнага і тэатральнага жыцця Пецярбурга.

Пасля 1819 года жыў у Прапойску, дзе працаваў кіраўніком хору і аркестра графа Мурамцава.

Аўтар музыкі да спектакля «Дажынкі ў Залессі», «Рэквіема» (на смерць караля С. Панятоўскага), аркестравых і фартэпіянных паланэзаў, песен-рамансаў, меладрам.

Ён наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы. Адзін з пачынальнікаў рускага раманса. Аўтар уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рускага праграмнага сімфанізму.

Памёр 11 сакавіка 1831 года.

З ушанаваннем памяці кампазітара на радзіме ўтварылася кур’ёзная сітуацыя: на мемарыяльнай шыльдзе замест яго партрэта размешчана выява яго аднафамільца – дыпламата, паэта, князя Пятра Казлоўскага (1783–1840).

1890 год. Нарадзіўся Саламон Міхоэлс (Воўсі).

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

Забіты ў Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі 13 студзеня 1948 года.

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 годзе была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку Рускага драмтэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

1928 год. Застрэлены камуністамі Міхаіл Гурын-Маразоўскі (1891-1928).

Беларускі палітык, журналіст.

Скончыў Пскоўскі настаўніцкі інстытут, настаўнічаў. Удзельнік 1-й сусветнай вайны, прапаршчык кавалерыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі, вучыўся ў Акадэміі Генштаба.

Рэдагаваў газеты «Белорусская деревня» і «Савецкая Беларусь». У 1921 годзе за крытыку Галоўпалітасветы БССР, пазбаўлены права абірацца на кіраўнічыя пасады, засланы на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь для падрыхтоўкі ўзброенага паўстання і далучэння да БССР. Але апынуўшыся на тэрыторыі Польшчы, парваў з кампартыяй і стаў пазбаўляць Кампартыю Заходняй Беларусі ад уплыву бальшавікоў. Пачаў ствараць сваю свабодную нацыянальную партыю, стаў падпольна выдаваць віленскую газету «Чырвоны сцяг».

На “працэсе 56-і” над лідарамі БСРГ даў паказанні супраць Б. Тарашкевіча і С. Рак-Міхайлоўскага.

Сябар, паэт Міхась Чарот лічыў Гурын-Мазароўскага смелым і парывістым дзеячам пачатку 1920-х гадоў і сцвярджаў, што той быў ініцыятарам таго, што ў Беларусі з’явіўся свой першы самалёт.

Застрэлены С. Клінцэвічам і А. Капуцкім пад час правядзення серыі палітычных забойстваў па рашэнні ЦК КПЗБ.

1943 год. Нарадзіўся Леанід Кучко.

Беларускі акцёр.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў у тэатрах Магілёва, Мінска, Томска, Новасібірска, Бабруйска (1987-2018).

Вядомы гледачу па спектаклях: «Свае людзі – злічымся», «Лес», «Пучына» А. Астроўскага, «Выходзілі бабкі замуж», «Любіш? Не любіш?» Ф. Булякова, «Далей-цішыня» В. Дэльмара, «Добры чалавек з Сычуані» Б. Брэхта, «Страчаны лебедзь» Ю. Сохара, «Лісток на ветры» А. Дзялендзіка, «Прымакі» Я. Купалы, «Нерон» Ю. Сохара) і іншым.

Здымаўся ў расійскіх, беларускіх і сумесных праектах, сярод якіх фільмы і серыялы “Цёмная ноч”, “Чалавек вайны”, “Выклік”, “Дэтэктыўнае агенцтва “Іван ды Мар’я”, “Суд”.

Памёр 15 студзеня 2023 года. Пахаваны на могілках “Усходняе” ў Бабруйску.

1952 год. На востраве Рэюньён у Індыйскім акіяне прайшоў дождж з рэкорднай кольскасцю ападкаў.

За адны суткі (15-16 сакавіка) у мястэчку Кілаос дождж абрынуў на зямлю 1870 мм ападкаў. А за 5 дзён з 13 па 18 сакавіка гэтага года лівень праліў на зямлю 3854 мм, за сем дзён тут выпала 4110 мм ападкаў.

Увогуле, Рэюньён – уладальнік рэкордаў па моцных ліўнях.

28-29 лютага 1964 года тут быў адзначаны самы інтэнсіўны ў свеце 12-гадзінны лівень, калі выпала 1350 мм.

Для прыкладу, месячная норма ападкаў у Беларусі рэдка перавышае 100 мм.

1954 год. У Лондане заснавана Англа-беларускае таварыства.

Грамадская арганізацыя ўтворана членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі беларускай эміграцыі і англійскімі навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод грамадзян Каралеўства.

Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны ў Лондане таварыства з’яўляецца цэнтрам беларускага навукова-культурнага жыцця Вялікабрытаніі. У 1965-1988 гадах выпускала «Часопіс беларускіх даследаванняў», у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культурных праблемах жыцця беларускага народа.

3 1966 года арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі літаратуры і культуры Беларусі. Выдае кнігі беларускіх аўтараў на беларускай і англійскай мовах.

Прэзідэнтамі і Старшынямі Таварыства з’яўляліся вядомыя брытанскія палітыкі, даследчыкі. Зараз арганізацыю ачольвае філолаг-славіст, прафесар, папулярызатар беларускай літаратуры, уладальнік медаля 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Арнольд Мак-Мілін.

1964 год. Нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў.

Беларускі дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст, перакладчык. Сябра Беларускага ПЭН-клуба.

Удзельнік Беларускай Майстроўні.

Працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках за мяжой і на Беларусі.

Адзін з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекта «Народны альбом» (1997, «альбом года»). Песні на яго вершы выконваюцца гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», Касяй Камоцкай.

Аўтар перакладаў тэкстаў польскіх гуртоў «Brygada Kryzys», «Republika», «Chłopcy z placu broni», «Perfekt», Марка Грэхуты.

У 2006 годзе  абраны «Чалавекам году» па версіі інтэрнэт-парталу «Tuzin.fm».

Памёр 23 студзеня 2018 года.

М. Анемпадыстаў, Л. Вольскі.

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Давыдоўскі.

Беларускі музыкант, літаратар і журналіст.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускага рок-гурта «Мроя», стваральнік гурта «Вялікае Княства». 

Аўтар інфармацыйнага праекта «Сусветная служба Беларускай Маладзёжнай». Удзельнічаў у музычных і кнігавыдавецкіх праектах, тэматычна звязаных з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага.

Працаваў у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная», Радыё «Рацыя», «Радыё Свабода».

Каардынатар парталаў «Вялікае Княства. Навіны» і «Вялікае Княства. Эліта».

2000 год. Памёр ураджэнец в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Павел Пруднікаў (1911-2000).

Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.

У 15 гадоў разам з А. Пруднікавым стаў мясцовым школьным паэтам, дзеткорам, юнкорам, селькорам розных газет. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет у роднай вёсцы, напісаў рэпартаж у «Беларускаю вёску».

Працаваў на будаўніцтве шаўковай фабрыкі ў Магілёве, ў БелТА.

Рэпрэсаваны ў 1937 годзе. Некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах», потым да 1945 года быў у сібірскай ссылцы.

Вярнуўся да паўнацэннай літаратурнай дзейнасці толькі ў 1959 годзе і гэтую падзею  разглядаў як сваё другое нараджэнне.

Аўтар зборнікаў вершаў, выбраных твораў, кнігі для дзяцей «Заранка», кніг успамінаў аб беларускіх літаратарах, пачынаючы са Зм. Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і канчаючы Іванам Мележам, у тым ліку якія загінулі на вайне ці падчас вялікага тэрору ў СССР, твораў на тэму сталінскіх рэпрэсій.

У Клімавіцкім і Браслаўскім краязнаўчых музеях працуюць экспазіцыі, прысвечаныя пісьменніку.

2014 год. Пачатак новай хвалі істэрыі “Крымнаш” у сувязі з “рэферэндумам”, паводле якога Крым быў анэксіраваны Расіяй.

Сусветная супольнасць не прызнала рэферэндум легітымным. Нягледзячы на знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, Беларусь не прызнала Крым расійскім.

2022 год. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прагаласавала за выключэнне Расійскай Федэрацыі з Савета Еўропы за ваенную агрэсію супраць Украіны.

Галасавала 216 дэпутатаў Парламенцкай асамблеі і ніводны дэпутат не прагаласаваў супраць.

У ПАСЕ лічаць, што вайна Расіі супраць Украіны вядзецца з лютага 2014 года, а 24 лютага 2022 года пачалася актыўная фаза.

Прагноз на люты – невялікія маразы, нязначныя ападкі, тэмпературы ад 0 да -6º

Папярэдні доўгатэрміновы прагноз надвор’я.

Шматлікія мадэлі надвор’я на люты сведчаць пра тое, што месяц будзе з марозным надвор’ем, у сярэднім ад 0 да -6ºС, у асобныя дні ад -3 да +2 ºС, самыя мінімальныя начныя тэмпературы могуць дасягнуць адзнакі -9 -12 ºС. Большая частка дзён месяца будуць пахмурнымі, з невялікімі ападкамі. 

Люты – апошні месяц зімы. У народзе яго называюць па-рознаму, часцей «люцень», паколькі бываюць яшчэ ў гэты час лютыя маразы. А яшчэ “Люты – ілгун: адзін бок грэе, другі студзіць”. Існуе прымаўка: “Люты – месяц люты, пытаецца: як абуты?”.

У гэтым апошнім каляндарным зімовым месяцы хутчэй расце паўдзённая вышыня сонца, падаўжаецца дзень, з ім расце і сонечная радыяцыя, тэмпература паветра. Але месяц застаецца пахмурным. У сярэднім сонца закрыта аблокамі 16 дзён, бывае і 23. Ясных дзён мінімум 2, максімум – 7.

Сярэдняя тэмпература лютага на 0,7ºС вышэйшая за студзеньскую і складае ў Магілёве -6,9ºС, у Бабруйску -6,8º. Самая нізкая тэмпература лютага на Магілёўшчыне ў Горках -7,8ºС. 

Адзін раз на 33 гады сярэдняя тэмпература лютага ніжэй за -15ºС. У лютым 1940 года адзначаны абсалютны мінімум сярэднемесячных тэмператур у вобласці  -19ºС. 

Пад уплывам Атлантыкі і патокаў міжземнаморскіх паветраных мас з Балкан часта фарміруецца цёплае лютаўскае надвор’е.

Так, у 1990 годзе сярэдняя тэмпература лютага склала +1,7 ºС, што было на 8,6 º вышэй за норму. У гэтым жа годзе быў адзначаны і самы высокі абсалютны максімум лютаўскіх тэмператур: у Магілёве +12,9º, Бабруйску +14,9º. 

Амплітуда крайніх тэмператур складае амаль 52ºС, сярэдніх 21º – усё гэта вынік “свавольства” цыркуляцыйных працэсаў.

Паўднёвыя сцены дамоў, схілы дахаў добра праграваюцца і нават у марознае надвоор’е назіраецца капёж. Нездарма месяц называюць “бакагрэй”, “бакі грэй”, бо сонейка пачынае прыпякаць.

У лютым выпадае невялікая колькасць ападкаў – 32-35 мм, але характэрна іх вялікая зменлівасць. У 1890 годзе у Магілёве выпала толькі 1 мм, а у 1926 годзе – 81 мм.

У лютым пераважаюць вятры паўднёвых напрамкаў, у сярэднем хуткасцю 4,1 м/с. У гэтым месяцы да паловы дзён могуць быць з мяцеліцамі.

Прыкметы аб надвор’і ў лютым.

У пачатку лютага цёпла, растае снег – да добрага ўраджаю.

Калі люты халодны – да спрыяльнага лета.

Люты халодны і сухі – жнівень гарачы.

Люты цёплы – да халоднай вясны.

Яркія зоркі ў лютым – да марозу, цьмяныя – да адлігі.

Калі люты выдасца дажджлівым, то такімі ж можна чакаць вясну і лета.

Пагодлівы люты прадвесціць засуху летам.

Моцныя маразы – да кароткай зімы.

У канцы лютага шмат доўгіх ледзяшоў – да доўгай вясны.

Чым халадней апошні тыдзень лютага, тым цяплей будзе ў сакавіку.

Гром у лютым – да моцных вятроў.

Узмацненне ветру парывамі да 20 м/с. Плюсавая тэмпература

Днём 15 студзеня, у нядзелю,  на большай частцы тэрыторыі краіны, а ноччу 16 студзеня, у панядзелак, па поўначы чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, – папярэджвае Белгідрамет.

Заўтра, у нядзелю 15 студзеня ў Магілёўскай вобласці прагназуецца воблачнае надвор’е, без істотных ападкаў. Верагоднасць ападкаў 10-15%. Слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра 0.. +2 °C. Вецер паўднёвы, 5-10 м/с, парывамі  да 14 м/с, у асобных раёнах да 20 м/с.

Моцны вецер і завіруха чакаюцца на Магілёўшчыне таксама заўтра 11 студзеня

Моцны вецер і мяцеліцу 11 студзеня прагназуюць метэаролагі.

Будзе пераважаць воблачнае надвор’е. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі выпадуць ападкі – снег, мокры снег. Месцамі чакаецца слабая мяцеліца.

Тэмпература паветра ўначы складзе да -8  -11°С.  Вецер да 5-10 м/с, пры парывах – да 14 м/с. 

Удзень пераважна ва ўсходніх раёнах чакаецца снег. У асобных раёнах слабы туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Пераважна воблачнае надвор’е. Вецер паўднёва-ўсходні 5-10 м/с. Слупок тэрмометра пакажа -5  -6°С, месцамі, у асноўным па  усходнім раёнах, да 8°С.

Фота ілюстрацыйнае

Надвор’е на выходныя: маразы да -15°С

У пятніцу, 6 студзеня, паводле прагнозаў сіноптыкаў, паўночна-ўсходнія паветраныя масы прынясуць дадатковую хвалю пахаладання. Удзень чакаецца да -9 -12°С,  уноч на 7 студзеня слупок тэрмометра апусціцца да -15°С. Усталюецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Хуткасць ветра да 3-10 м/с.  

На Каляды па юліянскім календары, 7 студзеня, працягнецца паступленне арктычных паветраных мас, прагназуецца яснае без ападкаў надвор’е. Тэмпература раніцай -14  -15°С, удзень да -12  -14°С, ноччу да -15°С, месцамі да -16°С, Хуткасць ветра да 5-8 м/с.

У нядзелю, 8 студзеня, прагназуецца воблачнае надвор’е з праясненнямі, месцамі ясна, пераважна без ападкаў. Вецер хуткасцю 2-4 м/с. Тэмпература паветра ўноч да -14 °С, днём да -8 -10°С.

На наступным тыдні, з 9 па 14 студзеня, прагназуюцца дзённыя тэмпературы ад -4 да -8°С, у начны час ад -8°С да -14°С. 10, 11 і 14 студзеня магчымы снег.

Галалёдзіца амаль да самага Новага года, ваганні тэмператур вакол нуля. Папярэдні прагноз

22 снежня, чацвер, на асобных участках дарог Магілёўскай вобласці захаваюцца галалёдныя ўмовы, папярэджвае Белгідрамет. 

Будзе воблачна. Раніцай невялікі дождж. Верагоднасць ападкаў каля 60-70%. Днём без істотных ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра 0.. +2 °C. Вецер паўднёва-заходні, хуткасцю да 4-9 м/с.

23 і 24 cнежня, у пятніцу і суботу,  прагназуюцца станоўчыя тэмпературы ўдзень, ноччу ад 0 да -2°С, месцамі ападкі і застаецца верагоднасць ледзянога дажджа. Галалёдзіца. 

25 снежня, на каталіцкае Раство, у нядзелю, днём чакаецца тэмпература 0- -1°С, ноччу да -8-10°С, пераважна без ападкаў. 

26 і 27 снежня  днём прагназуюцца тэмпературы да +1 +2°С, ноччу слупкі тэрмометраў панізяцца да -2 -7°С. Месцамі магчымы снег. Галалёдзіца. 

27 снежня пераменна яснае надвор’е.

28 снежня, серада, зноў адліга, днём да +2, ноччу да +1°С, ападкі не прагназуюцца. Хуткасць ветра да 14 м/с, месцамі да 16 м/с. Галалёдзіца. Яснае надвор’е на большай частцы вобласці.

Днём 29-31 снежня прагназуюцца станоўчыя дзённыя тэмператры – да +1°С, у ноч крыху будзе падмаражваць  – тэмпературы прагназуюцца крыху ніжэй за 0°: да -1- -2°С. 

29 снежня будзе ясна, ветрана, хуткасць вятроў пры парывах да 18 м/с. Магчымы ападкі.  

У апошнія дні года, 30 і 31 снежня, без ападкаў.

Аранжавы ўзровень небяспекі захоўваецца – прагноз надвор’я

На 18 снежня, нядзелю, Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве (аранжавы ўзровень небяспекі).

Па прагнозах  сіноптыкаў, днём у нядзелю воблачна з праясненнямі. Часам снег, верагоднасць ападкаў больш за 90%, слабая мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўноч да -13°С, удзень -5..-7°C. 

Вецер паўночна-заходні хуткасцю да 5-10 м/с, пры парывах да 14 м/с. 

З 18 па 24 снежня ў Магілёве самыя кароткія дні – 7 гадзін і 24 хвіліны.

У панядзелак, на  Міколу Зімовага, прагназуецца рэзкае паніжэнне слупка тэрмометраў, асабліва ў начны час. 19 снежня ўдзень да -9°С пры ясным надвор’і, ападкаў не прагназуецца. Уноч да -14°С, месцамі да 17 -19°С, хуткасць ветра да 3-5 м/с, месцамі да 13-14 м/с.

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». 

Не трэба пужацца такіх нізкіх начных тэмператур на Міколу, бо ў народзе кажуць: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі». Не трэба думаць, што пойдзе чарада марозных начэй. Ад сілы яшчэ адна.

Аўторак, 20 снежня, па ўсіх прагнозах, захаваецца халоднае надвор’е ўночы з марозамі да -16°С, а вось удзень тэмпература падымецца ўжо крыху вышэй за 0°, да +1°С, будзе снег. Узмацніцца вецер, да 8-10 м/с, месцамі да 18-19 м/с.  У гэты дзень і ў наступныя на асобных участках дарог галалёдзіца. 

У сераду 21 снежня і днем і ўноч чакаюцца станоўчыя тэмпературы – да +1°С пры воблачным надвор’і. Снег. Хуткасць ветру да 4 м/с.

У чацвер, 22 снежня, чакаем ноччу тэмпературу каля 0°, днём да +1°С. Снег. Вецер да 5-6 м/с.  

У пятніцу, 23 снежня, прагназуецца воблачнае надвор’е, уноч каля 0°С, днём, магчыма, слупок тэрмометра падымецца да +2°С. Вялікая верагоднасць выпадзення снегу.

Свята Ганны і Зімовае сонцастаянне. «Ганкі — сядайце на санкі». Нягледзячы на станоўчыя тэмпературы, снег не растане. Даўжыня дня найкарацейшая ў годзе – каля 7 гадзінаў, у Магілёве дзень складае 7 гадзін і 24 хвіліны (такая даўжыня з 18 па 24 снежня), даўжыня ночы – 16 гадзін і 36 хвілін.

Прыкладна такое ж надвор’е чакае нас і на выходныя, 24-25 снежня, са снегам. У нядзелю магчыма праясненне неба.

Фота: planetabelarus.by 

Снежань прагназуецца мяккім, снежным, пахмурным. Сюрпрызаў не чакаецца

Снежань – першы месяц календарнай зімы і апошні месяц года.

Папярэдні прагноз надвор’я на снежань такі.

Ясныя дні найбольш верагодныя 1, 7, 8, 9, 12 снежня, пераменна ясныя  2, 3, 13, 15, 24, 26, 27 снежня, астатнія 19 дзён – пахмурныя, што укладваецца ў сярэднія паказчыкі месяца

Снежань вуха марозам ірве. 

Зрэдку ў снежні 2022 года начныя тэмпературы апусцяцца да  -9  -10°С, месцамі да -14 -16°С і  гэта верагодна адбудзецца ноччу 2-га, з 5 па 8 снежня. У астатнія дні, галоўным чынам, тэмпературы ў ноч будуць не ніжэй за -5°С, у асобных раёнах вобласці да -7° С.

Дзённыя тэмпературы  ў -4 -8°С чакаюцца з 1 па 8 снежня, у межах -1  -3°С з 14 да 31 снежня, у асобных месцах да 0°С.

Дні з адлігамі прагназуюцца 9-13 снежня і 26-27 снежня. У гэтыя дні чакаюцца мокры снег, снег з дажджом.

11 снежня магчымы ледзяны дождж.

назва месяца снежань у Еўропе, officelife.media

Снежань – месяц самых кароткіх дзён. 22 снежня светлы час сутак у Магілёве працягваеца толькі  7 гадзін 24 хвіліны. 

Снжань яшчэ і самы цёмны, пахмурны месяц – у сярэднім 22 дні без сонца і толькі 3 ясныя. А вось у 1966 годзе ў снежні былі ўсе дні пахмурнымі, а ў 1963 – толькі 12 пахмурных і 19 ясных.

У Магілёве сярэдняя, за шматгадовы перыяд назіранняў, тэмпература снежня -4,9°С, у Бабруйску – 4,2°С. Самая высокая сярэдняя тэмпература снежня адзначана ў Магілёве ў 1960 годзе, калі склала +1,6°С, а мінімальная -12,9°С у 1890 годзе.

Абсалютная максімальная тэмпература снежня ў Магілёве дасягала +10,4° у 1903 годзе, а мінімальная – 33,1° у 1959.

Снежань вочы снегам цешыць. Сярэдняя шматгадовая колькасць ападкаў у Магілёве каля 50 мм максімальная – 112 мм (1935 год), мінімальная – 6 мм (1946 год).

Паўсюдна ўсталёўваецца ўстойлівае снегавое покрыва – у Магілёве 7 снежня, у Бабруйску – 16.

Літаратурныя крыніцы фіксуюць кароткія характэрыстыкі зім Магілёўшчыны ХІХ стагоддзя. 

Зіма 1821/1822 года на Магілёшчыне стаяла на рэдкасць мяккая, з частымі адлігамі.

А незвычайна суровай была зіма 1833/1834 года.

Яшчэ больш халоднай была зіма 1839/1840 гадоў, калі ў некаторых мястэчках загінула да трэці жывёлы.

Зіма 1850/1851 была няўстойлівая. Маразы змяняліся адлігамі.

Незвычайна мяккай і шматснежнай на Магілёўшчыне была зіма 1852/1853 года. Але прыйшла халодная і дажджлівая вясна. Загінулі азімыя. У вёсках губерні “немагчыма было адшукаць кавалка хлеба”.

Зіма 1859/1860 была надзвычай марознай. Халады суправаджаліся моцнымі бурамі і снегападамі, якія прычынілі вялікія бедствы.

Надзвычай суровай была зіма 1870/1871. Са снежня па люты стаялі лютыя маразы. Ад маразоў загінула каля 120 чалавек.

Зіма 1883/1884 была даволі цёплай

Зіма 1890/1891 у Магілёўскай губерні была адзначана як шматснежная і вельмі марозная. Халады аказаліся небывала ўстойлівымі. Такіх працяглых халадоў, як адзначаюць афіцыйныя дакументы, не было з 1813 г. Ураджай азімых поўнасцю загінуў.

Да студзеня 1897 года паўсюдна выпалі моцныя снягі, якія суправаджаліся моцнымі снежнымі бурамі.

У снежні 1899 года здарылася “велізарная тэрмічная анамалія” – небывалыя халады ахапілі тэрыторыю губерні.

У чацвер і пятніцу пройдуць дажджы, выходныя абяцаюць быць цёплымі і без ападкаў

Нягледзячы на штодзеннае скарачэнне светавога дня – а ён ужо меней за 9 гадзін – лістапад не перастае здзіўляць сваім цёплым надвор’ем. 

У ноч з 9 на 10 лістапада па Магілёўскай вобласці  прагназуецца тэмпература +6 +8°С. Будуць панаваць вятры паўднёвых накірункаў з  хуткасцю да 5-10 м/с. 

Раніцай 10 лістапада, у чацвер, туманы, надвор’е з праясненнем. 

Удзень чакаецца +8 +10°С, вецер хуткасцю да 6-10 м/с, воблачна, месцамі выпадуць невялікія ападкі. 

У пятніцу, 11 лістапада, прагназуюцца невялікія дажджды, воблачнасць, у асноўным да+7 +9°С, месцамі да +10°С. 

Выходныя, па прагнозах метэаролагаў, парадуюць нас надвор’ем без ападкаў. Будзе воблачна і месцамі ясна, тэмпература паветра ўдзень да +9 +10°С.

З панядзелка паступова слупок тэрмометра папаўзе ўніз, і  ў другой палове тыдня чакаецца дзённая тэмпература ніжэй за +5°С. 

Аўтамабілістам нагадаем, што пара мяняць летнюю гуму на зімовую.

Паводле шматгадовых назіранняў, сярэдняя тэмпература лістапада складае 0,1°С, у Бабруйску +0,7°С,  Магілёве +0,1°С. У гэтым годзе сярэднія тэмпературы першай дэкады склалі болей за +5°С.