Дзень у гісторыі. 5 кастрычніка. 110 тысяч ахвяр Ашхабадскага землятрусу. Дзень нараджэння фотамастака Аляксандра Ліціна, таксама Сяргея Філімонава,Сяргея Харэўскага

Сусветны дзень настаўніка (World Teachers’ Day, з 1994 года) адзначаецца ў больш чым 100 краінах свету. 

ААН прапануе бацькам і ўсім грамадзянам на хвіліну задумацца аб тым, як змяніў іх жыццё добры настаўнік, памяць аб якім яны захавалі.

У апошнія гады назіраецца масавы адток настаўнікаў, выкліканы такімі фактарамі, як скарачэнне бюджэту работнікаў дзяржаўнай службы, адсутнасць нармальных умоў працы, будучы выхад на пенсію пажылых настаўнікаў, стрэс, знясіленне фізічных і духоўных сіл.

Пандэмія COVID-19 таксама пагоршыла праблемы, з якімі сутыкаюцца і без таго перагружаныя сістэмы адукацыі ва ўсім свеце. Таму цяпер неабходна працаваць разам з настаўнікамі, каб абараніць права на адукацыю і ўпісаць яе ў новую рэальнасць, якая фарміруецца ва ўмовах пандэміі.

Міжнародны дзень дзіцячага цэрэбральнага паралічу (World Cerebral Palsy Day, з 2012 года) праводзіцца ў першую сераду кастрычніка

Каля 17 мільёнаў людзей ва ўсім свеце пакутуюць ад ДЦП. 

Гэтая хвароба становіцца прычынай інваліднасці ў дзяцей, пры гэтым ад ДЦП няма ніякіх лекаў. 

Дзеці з ДЦП маюць патрэбу ў асаблівым клопаце. Спецыялізаваныя ўстановы праводзяць рэабілітацыю дзяцей з гэтым дыягназам, ажыццяўляюць комплекс мер, сярод якіх развіццё здольнасцей дзяцей, а таксама іх большае далучэнне да соцыуму.

Міжнародны дзень супраць прастытуцыі (International Day of No Prostitution, з 2002 года).

Большую частку мерапрыемстваў арганізоўваюць члены феміністычных рухаў, якія лічаць прастытуцыю формай эксплуатацыі жанчын і мужчынскага дамінавання над жанчынамі. Яны лічаць, што гэтая ганебная практыка абавязана сваім існаваннем існуючаму патрыярхальнаму грамадскаму парадку.

1733 год. Саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст II Ветын у Кракаве абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. 

Здабыць карону дапамагла Расія: 20-тысячнае рускае войска перайшло межы Рэчы Паспалітай і рушыла на дапамогу прэтэндэнту.

Пры Аўгусце ажывілася культурнае і эканамічнае жыццё, пачалася адукацыйная рэформа. 

Але ў час яго валадарання ў краіне пашырылася феадальная анархія, пачаўся палітычны крызіс.

Рэч Паспалітая трапіла ў залежнасць ад суседніх дзяржаў, асабліва Расіі.

1892 год. Нарадзіўся Андрэй Якубецкі (Якубоўскі).

Беларускі вайсковец, дзеяч культуры і асветы.

Удзельнік стварэння войска БНР, прадстаўнік Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гродна.

Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года. 

Галоўнакамандуючы войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Генерал-маёр.

Дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі.

На фота злева

1919 год. Здарылася крушэнне цягніка «Вільня — Мінск» на перагоне паміж Радашковічамі і Заслаўем.

Адбылося падчас вайны Савецкай Расіі з Польшчай і не атрымала маштабнага асвятлення ў СМІ. 

Загінулі 23 чалавекі і 100 атрымалі раненні. 

Вінаватымі прызналі супрацоўнікаў станцыі Радашковічы, якія былі аддадзены пад суд.

фота мае ілюстратыўны характар

1937 год. Расстраляны НКУС Лукаш Калюга (Канстанцін Вашына). 

Беларускі пісьменнік, член аб’яднання «Узвышша».

Збіральнік краязнаўчых матэрыялаў, фальклорных твораў.  

Аўтар многіх апавяданняў, раманаў.

Перакладчык на беларускую мову рамана Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка».

1948 год. Ашхабадскі землятрус забраў жыцці 110 000 чалавек у Туркменістане. 

Адзін з самых згубных землятрусаў у сусветнай гісторыі. 

Інтэнсіўнасць скалынанняў у эпіцэнтральнай вобласці дасягала 9-10 балаў. 

Туркменская сталіца ператварыўся ў руіны. 

Пацярпела яшчэ каля 150 населеных пунктаў Туркменістана і  Ірана.

1948 год. Створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў са штаб-кватэрай у горадзе Гланд (Швейцарыя). 

Міжнародная некамерцыйная арганізацыя займаецца асвятленнем праблем захавання біяразнастайнасці планеты.

Ёй належыць ідэя стварэння Чырвонай кнігі – міжнароднага спісу відаў жывёл і раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. 

Гэты дакумент вядзецца з 1963 года.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ліцін

Магілёўскі фотамастак, фотажурналіст, краязнавец. 

Аўтар і суаўтар многіх кніг па гісторыі магілёўскага габрэйства, фотасправы. 

Стваральнік творчай групы «Студыя 3 plus» (1990). 

Удзельнік больш за 100 фотасалонаў і фотавыстаў ў розных краінах свету. 

Лічыць, што «свой горад і павінен быць цэнтрам свету».

1959 год. Нарадзіўся Сяргей Філімонаў

Беларускі тэлевізійны вядоўца, аўтар музычнай праграмы “Відзьмо-невідзьмо” (1992-2010-я гады).

Перадача стала культавай для беларусаў. 

У ёй абмяркоўваліся навіны і з’явы кіно, музыкі, поп-культуры, сучаснага мастацтва. 

З 2015 году праграма адрадзілася за мяжой.

Памёр 16 лістапада 2021 года.

1967 год. Нарадзіўся Сяргей Харэўскі

Беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца. 

Выкладык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

«Дыск-жакей Сяргей» правёў першую ў гісторыі беларускамоўную дыскатэку, вёў канцэрты «Мроі» і іншых беларускіх гуртоў. 

Мастак-афарміцель многіх кніг, у тым ліку Алеся Краўцэвіча, Уладзіміра Арлова, Валянціны Аксак.

1974 год. Памёр Залман Шазар

Ураджэнец беларускага мястэчка Мір, ізраільскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт, палітык, трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).

Аўтар аўтабіяграфічных нарысаў, перакладаў, зборнікаў паэзіі, публіцыстыкі,  навуковых даследаванняў.