Ляснічы пойдзе пад суд па абвінавачванні ў незаконнай вырубцы лесу, продажы гэтай драўніны і крадзяжы дызельнага паліва.
24-гадовы магілёвец займаў пасаду ляснічага ў адном з лясніцтваў. Са снежня 2024 года па лістапад 2025 года без дазвальных дакументаў арганізаваў незаконную рубку 288 дрэў розных парод і дыяметраў. Тым самым, як падлічыла пракуратура, была нанесена шкода навакольнаму асяроддзю і дзяржаве ў асабліва буйным памеры – на агульную суму звыш 61 тыс.рублёў.
Атрыманую ў выніку незаконнай рубкі драўніну ляснічы прадаваў фізічным асобам і прадстаўнікам прадпрыемстваў, якія займаліся яе перапрацоўкай.
Таксама мужчыне ставіцца ў віну злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Ён падазраецца ў крадзяжы 190 літраў дызельнага паліва прадпрыемства на суму звыш 490 рублёў.
Крымінальная справа ляснічага накіравана ў суд. Сам ён знаходзіцца пад вартай.
Фотаздымак: Генеральная пракуратура
