У Бабруйску прадаюць дом на Гарэліка, недабудаваны яшчэ з 2019 года

Як выглядае адваротны бок жыллёвага будаўніцтва ў Бабруйску, якога не сустрэнеш у афіцыйных справаздачах.

На вуліцы Гарэліка ў Бабруйску прадаюць чатырохпавярховы дом. Звонку ён выглядае цалкам прыстойна – забудоўшчык паспеў абліцаваць фасад. Але ўнутры будынка няма міжпаверхавых перакрыццяў, сцены пакрыты трэшчынамі, цвіллю і плямамі, будаўнічае смецце так ніхто і не прыбраў.

даўгабуд

Будавалі, будавалі…

Людзі, якія купілі тут кватэры яшчэ ў 2018-2019 гадах, жылля так і не атрымалі. Цяпер гэты дом выстаўлены на аўкцыён – па стартавай цане 1,12 мільёна рублёў, што прыкладна роўна кошту дзесяці звычайных кватэр у горадзе.

Паводле даных Бабруйскага гарвыканкама, у 2025 годзе горад уклаў у жыллёвае будаўніцтва 179,8 мільёна рублёў – гэта 31,4 працэнта ад усіх інвестыцый у асноўны капітал. Старшыня гарвыканкама, Максім Гурын, падводзячы вынікі года, ставіў задачы на 2026-ы: рост інвестыцый у асноўны капітал на 12 працэнтаў у супастаўных цэнах, далейшае ўдасканаленне інфраструктуры.

Паралельныя вымярэнні

Супастаўнасць супастаўнасцю, але на практыцы ўсё адбываецца так, быццам дакладчыкі, якія рапартуюць пра поспехі, жывуць у паралельным вымярэнні.

Самы красамоўны паказчык – у афіцыйнай статыстыцы ён схаваны за нейтральнымі фармулёўкамі.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у студзені-верасні 2025 года ўведзена ў эксплуатацыю 10,2 тысячы квадратных метраў. Гэта толькі 21,8 працэнта ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля. Па выніках усяго года гэты паказчык не палепшыўся – чаргавікі атрымалі 17,9 працэнта ад агульнай плошчы новага жылога фонду.

Іншымі словамі, восем з кожных дзесяці квадратных метраў новага жылля будуецца не для чаргавікоў, а для тых, хто можа дазволіць сабе купіць кватэру па рынкавай цане. Пытанне: калі рынак, то навошта хлусіць пра сацыяльна арыентаваную дзяржаву?

Ідзём далей. Бюджэт горада на 2026 год выдзяляе на капітальнае будаўніцтва толькі 16,5 мільёна рублёў – 2,4 працэнта ўсіх расходаў.

Гэтыя грошы дзеляцца паміж жыллёвым будаўніцтвам, новай паліклінікай №5, рамонтам дажджавой каналізацыі і яшчэ некалькімі аб’ектамі.

Гэта значыць, бюджэтная доля ў жыллёвым будаўніцтве мінімальная, асноўная нагрузка перакладаецца на плечы прыватных пакупнікоў і забудоўшчыкаў.

Гісторыя паўтараецца, нічога не змяняецца

Гісторыя дома на Гарэліка, 380 – не першая ў Бабруйску. У 2017 годзе ў горадзе разгортвалася падобная драма вакол ТАА «Горад плюс»: пайшчыкі, якія ўклалі грошы ў будаўніцтва гандлёвых памяшканняў у цэнтры горада, засталіся без сваіх аб’ектаў пасля пачатку працэдуры банкруцтва забудоўшчыка. Яны пісалі ў адміністрацыю Лукашэнкі, Генпракуратуру, Следчы камітэт, выходзілі на пікеты з плакатамі «Ашуканыя пайшчыкі» і «Вярніце наша, чужога не трэба».

У выпадку з домам на Гарэліка гісторыя паўтараецца ўжо ў жыллёвым сектары. ТАА «Чывонх Інвестмент» узялося за рэканструкцыю старых ваенных казармаў у 2018 годзе – заяўлялася, што на іх месцы з’явяцца сучасныя чатырохпавярховыя дамы з кватэрамі вольнай планіроўкі.

Для паскарэння будаўніцтва кампанія прадавала кватэры на стадыі рэканструкцыі – па 320 долараў за квадратны метр з магчымасцю растэрміноўкі. Сем’і ўклалі грошы, некаторыя – усе свае зберажэнні. Чатыры гады таму яны ўжо павінны былі ўехаць.

Не ўехалі.

Цяпер паўразбураны знутры дом выстаўлены на таргі, а арганізатары аўкцыёну сумленна папярэджваюць патэнцыяльных пакупнікоў: агледзьце аб’ект перад тым, як рабіць стаўку, бо стан будынка не вельмі добры. А ў райвыканкаме працягваюць абяцаць, што «вынікам рэалізацыі прагнозу на 2026 год стануць далейшае ўдасканаленне эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры горада, павышэнне камфортнасці пражывання».

Для жыхароў дома на Гарэліка, 380 гэтае абяцанне прагучала яшчэ ў 2018-м.

Фота “БелЮрОбеспечение”.