У Магілёве стартавала «Анімаёўка-2022»

Юбілейны XXV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2022” пачаў сёння працу ў Магілёўскім кінатэатры “Радзіма”. 

Сёння ў кінатэатры адбылося таксама адкрыццё выставы работ конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці фестывалю. На выставе, якая будзе радаваць наведвальнікаў на працягу фестывальных дзён, прадстаўлены работы, якія занялі прызавыя месцы і ўдастоены заахвочвальнага дыплома фестывалю,  са 105 заяўленых.

У вялікай зале кінатэатра “Радзіма” адбылося ўрачыстае адкрыццё  “Анімаёўкі”, прайшлі два праграмных майстар-класа.

Як і агучвалася ў анонсе, гледачам падрыхтавалі сапраўдны трохдзённы мультыплікацыйны марафон: паказы конкурсных і фестывальных праграм анімацыйных фільмаў, кінапраграм “Залатая калекцыя “Анімаёўкі”, “Рэха “Анімаёўкі”, фільмаў – пераможцаў фестывалю, таксама запланаваны творчыя сустрэчы і майстар-класы. 

А пазаўчора сталі вядомы пераможцы і ўладальнік Гран-пры “Анімаёўка-2022”. 

У якасці суддзяў конкурсу ў рэжыме відэаканферэнцыі засядалі рэжысёры з Расіі – Леанід Носыраў, Іна Яўланікава; Беларусі – Алена Турава; Кітая – Чэнь Сі. Па выніках пасяджэння экспертнай камісіі для ўдзелу ў конкурсе анімацыйных фільмаў адабрана 48 фільмаў з 20 краін, у конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці – 32 фільмы з 8 краін. 

У выніку нялёгкіх абмеркаванняў і спрэчак вызначаны пераможцы ў 12 намінацыях і ўладальнік Гран-пры. Іх імёны вядомыя пакуль толькі членам журы, паведамляюць у «Кінавідэапракаце». Канкурсанты, якія атрымалі перамогу, будуць аб’яўлены ў Міжнародны дзень анімацыі – 28 кастрычніка на закрыцці фестывалю (кінатэатр “Радзіма”, 14:00). Дыпломамі і крыштальнымі алоўкамі ўзнагародзяць лепшых з лепшых.

Фестываль праводзіцца з 1998 года. Калі 24 гады таму на “Анімаёўку-1998” было заяўлена 12 работ беларускіх рэжысёраў-аніматараў, то сёлета 44 краіны свету заявілі 174 фільмы, у тым ліку 134 – у конкурс анімацыйных фільмаў, 40 – у конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці. “Беларусьфільм” заявіў 4 фільмы. 

Упершыню да фестывалю сёлета далучыліся Алжыр, Гана, Малайзія, Нігерыя, Новая Зеландыя, Саудаўская Аравія і Ямайка.

«Рэха «Анімаёўкі-2022».  

Фільмы, заяўленыя для ўдзелу ў конкурсах “Анімаёўка-2022”, пасля правядзення фестывалю будуць дэманстравацца ў рамках кінапаказаў праграм “Рэха “Анімаёўкі-2022” з 29 кастрычніка 2022 па 28 кастрычніка 2023 г. у кінатэатрах Беларусі і ў іншых краінах.

Гісторыя фестывалю. 

Ідэя правядзення Міжнароднага фестываля анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” належыць рэжысёру-аніматару кінастудыі “Беларусьфільм” Ігару Волчаку.

Першы фестываль быў праведзены ў маі 1998 г. у Мінску. У верасні таго ж года па ініцыятыве генеральнага дырэктара КУП “Магілёўаблкінавідэапракат” Андрэя Бычкова правядзенне фестывалю “Анімаёўка” было арганізавана ў горадзе Магілёве. 

З таго часу Магілёў штогод прымае гасцей і ўдзельнікаў фестывалю анімацыйных фільмаў.