Цэнтр Еўразійскіх даследаванняў у жоўта-блакітных танах адкрылі ў Магілёве

Для вывучэння інтэграцыйных працэсаў у магілёўскім Беларуска-Расійскім універсітэце разам з расіянамі адкрылі цэнтр еўразійскіх даследаванняў імя Анатолія Грамыкі. 

Цэнтр адкрылі Расійскі дзяржаўны гуманітарны і Беларуска-Расійскі ўніверсітэты. Плануецца, што ён стане навукова-адукацыйным аб’яднаннем па вывучэнню “тэндэнцый развіцця прасторы Вялікай Еўразіі”.

Заяўленай мэтай створанага цэнтра з’яўляецца садзейнічанне навукова-адукацыйнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы і фарміраванні агульнай навукова-адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і СНД.

Рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў на адкрыцці заявіў: “Захаванне агульных гістарычных каштоўнасцяў – адна з місій нашага ўніверсітэта. Першапачатковая задача цэнтра – вучэбная праца, абмен выкладчыкамі. У бліжэйшай будучыні – рэалізацыя сумесных сеткавых адукацыйных праграм, сур’ёзная аналітычная праца.”

У цэнтры, нягледзячы на прэтэнзію на даследаванне Еўразіі, плануюць вывучаць інтэграцыйныя працэсы выключна ў рамках міжнародных аб’яднанняў, у якіх актыўна ўдзельнічае Расійская Федэрацыя. Аб’ектам вывучэння будуць: Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Еўразійскі эканамічны саюз, Шанхайская арганізацыя супрацы. 

Сімвалічна, што перарэзалі стужку, паціснулі рукі і падпісалі дамову бакі ў аўдыторыі, якая аформлена ў прыемных жоўта-блакітных каляровых танах.