На пажары ў Глуску выратавалі мужчыну

4 чэрвеня а 1:31 раніцы паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома ў Глуску па вуліцы Гагарына. Ратавальнікі хутка прыбылі на месца выкліку і ўбачылі дым, які выходзіў з акна кватэры.

Паводле суседкі, унутры мог знаходзцца 53-гадовы гаспадар. Ратаўнікі выявілі яго на канапе ў пакоі і вынеслі на свежае паветра, выкарыстоўваючы кіслародную маску. Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала мужчыну. Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры паленні – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Пад Мсціславам згарэла вясковая крама

Ноччу 29 траўня пажар ахапіў сельскую краму ў вёсцы Лютня Мсціслаўскага раёна, паведамляе прэс-служба МНС. У выніку пажару згарэў дах, пашкоджана ўнутранае начынне, пагарэла многа тавару. Прычына высвятляецца, пацярпелых няма.

Фота: МНС

Магілёўская пенсіянерка загінула на пажары ў Шклоўскім раёне

Трагедыя адбылася вечарам 23 траўня. У аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна загарэлася лецішча, якім валодае жыхар Магілёва. У дачным доміку на момант пажару жыла маці гаспадара, пенсіянерка 1946 года нараджэння. Яе абгарэлае цела ратавальнікі знайшлі пасля таго, як пагасілі агонь. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Магілёве пройдзе забег па лесвіцы ў Падміколлі – у баявой вопратцы і ў апаратах па 18 кілаграмаў

Магілёўскі гарадскі аддзел МНС абвясціў турнір “Падмікольскі каскад” з забегам для ўсіх ахвотных у баявой вопратцы.

Спаборніцтвы пройдуць 31 траўня ў 9.00. У забегу прымуць удзел некалькі груп спартсменаў. Першыя дзве групы складуць супрацоўнікі МНС, мужчыны. У трэцяй групе змогуць спаборнічаць усе жыхары Магілёва старэйшыя за 18 гадоў, таксама мужчыны. Жанчыны – як супрацоўніцы МНС, так і грамадзянскія асобы, змогуць прыняць удзел у чацвёртым забегу.

Спартсмены будуць спаборнічаць у хуткасным пад’ёме на лесвіцу Падмікольскага парка. Усе ўдзельнікі-мужчыны пойдуць на забег у баявой вопратцы ратавальніка і ў апаратах на сціснутым паветры, вага якога 18 кілаграмаў. Жанчыны будуць бегаць без апаратаў, але ў баявой вопратцы. Перад пачаткам спаборніцтваў усе спартсмены пройдуць медыцынскае асведчанне.

Фота: mogilev.media

У Магілёве гарэў інтэрнат “Зеніта”, спрацаваў апавяшчальнік

17 траўня ў Магілёве адбыўся пажар у адным з пакояў інтэрната на вуліцы Кедравай. Там размешчаныя інтэрнаты прадпрыемства “Зеніт”. Загарэўся пакой у блоку на першым паверсе. Падчас пажару спрацаваў галасавы апавяшчальнік, дзякуючы чаму 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, былі эвакуяваныя з інтэрната яшчэ да прыезду пажарных – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота з адкрытых крыніц

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як паведамляе прэс-служба МНС, выбухнула двухлітровая бутэлька з бензінам, якая ляжала каля кастра. У выніку хлопчык атрымаў апёкі 10% цела і быў шпіталізаваны.

Фота ілюстрацыйнае

Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Мсціславе

Дзве сям’і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957 года нараджэння і яго жонка 1977 года прымалі ў гасцях сястру з пляменніцай. Усе яны загінулі падчас начнога пажару, які адбыўся каля трэцяй гадзіны ночы, паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны трагедыі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Двух сабак выратавалі на Магілёўшчыне работнікі МНС за выходныя

Жыхары Кіраўска не сталі выклікаць ратавальнікаў і самі прыйшлі з сваім сабакам у аддзел МНС. Іх пёс заблытаўся ў ланцугу, на якім яго трымалі, і самастойна гаспадары вызваліць хатнюю жывёлу не здолелі. Супрацоўнікі МНС перакусілі ланцуг адбысловымі кусачкамі – паведамляе прэс-служба ведамства.

У пасёлку Глуша Бабруйскага раёна хатняя жывёла засунула галаву ў бочку і не змагла выцягнуць. Каб вызваліць сабаку, гаспадарам прыйшлося выклікаць ратавальнікаў, якія пры дапамозе спецыяльнага інструмента пашырылі адтуліну ў бочцы. Ніводная жывёла не пацярпела.

Фота: МНС

У Быхаве мужчына прабраўся ў нежылы дом і загінуў на пажары

Трагедыя адбылася вечарам 26 красавіка ў Быхаве на вуліцы Шчорса. Тут загарэўся нежылы дом, а суседзі паведамілі ратавальнікам, што ў ім павінен быў знаходзіцца мужчына. Пажарныя знайшлі на месцы здарэння цела мясцовага жыхара 1970 года нараджэння. Паводле суседзяў, ён прабраўся ў дом самавольна, піша прэс-служба МНС.

Фота: МНС 

У Касцюковічах правялі рэпетыцыю аварыі на Смаленскай АЭС

Службы надзвычайных сітуацый і грамадзнскай абароны правялі ў Касцюковічах комплексную трэніроўку на выпадак аварыі на Смаленскай АЭС. Навіна пра гэта з’явілася на сайце газеты “Голас Касцюкоўшчыны” 25 красавіка, хоць днём правядзення вучэнняў у матэрыяле пазначана дата 25 сакавіка – верагодна, памылкова.

Падчас рэпетыцыі быў “адпрацаваны комплекс мерапрыемстваў па абароне насельніцтва ад наступстваў радыяцыйнай аварыі на Смаленскай АЭС. Задзейнічана раённая эвакуацыйная камісія, разгорнуты група прыёму і размяшчэння часова адсяляемага насельніцтва і пагрузачнае звяно.” – паведамляе “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”