Мужчына загінуў на пажары ў Горацкім раёне

Пра пажар у вёсцы Казлы паведамілі суседзі, а таксама пра тое, што ў хаце павінен быў знаходзіцца чалавек. Па прыездзе выратавальнай каманды дом гарэў адкрытым полымем – паведамляе прэс-служба МНС. Цела 47-гадовага мужчыны было знойдзенае на падлозе ў жылым памяшканні дома. Ён пражываў у хаце сваёй маці, якой не стала ў мінулым годзе.

фота: МНС

У Хоцімску пры пажары абгарэў мужчына, яго выратавалі

Прыватны дом 69-гадовага пенсіянера палаў адкрытым полымем увечары 7 лістапада. Ратавальнікі заўважылі гаспадара сядзібы на падлозе ўнутры дома і вынеслі яго на свежае паветра – паведамляе БелТА. У мужчыны дыягнаставанае атручэнне прадуктамі гарэння і апёкі, ён шпіталізаваны.

Фота: БелТА

Дзядуля з унукам праваліліся ў калодзеж у Быхаве

лопчык з пераахалоджаннем дастаўлены ў бальніцу. 

Здарэнне адбылося ўвечары 31 кастрычніка. Дзядуля разам з бабуляй і двума ўнукамі адправіліся ў лес, каб нарэзаць яловых галінак і накрыць імі саджанцы – паведамляе прэс-служба МНС. У нейкі момант 9-гадовы ўнук праваліўся ў адчынены калодзеж з вадой. Дзядуля палез даставаць хлопчыка, але праваліўся ў калодзеж таксама. Бабуля выклікала ратавальнікаў, якім удалося выцягнуць ахвяр на паверхню. Хлопчык атрымаў агульнае пераахалоджанне і адправіўся ў лякарню, яго дзядуля не пацярпеў.

Рэкордныя 5 дзён правяла ў лесе 79-гадовая пенсіянерка Глускага раёна і выжыла дзякуючы кукурузе

Ратавальнікі з дапамогай валанцёраў 4 дні шукалі грыбніка-недарэку і знайшлі яе ў прытомнасці. Здарэнне адбылося паблізу вёскі Поблін Глускага раёна. 

Па інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ 13 кастрычніка ў 22:30 ратавальнікам паступіла паведамленне аб жанчыне, якая пайшла ў лес у грыбы і не вярнулася.  Мабільнага тэлефона жанчына, парушыўшы шматлікія папярэджанні і правілы, не ўзяла з сабой.

Як аказалася, Юлія Давыдаўна, жыхарка вёскі Поблін, раніцай 13 кастрычніка пайшла ў лес у грыбы. Калі яна з надыходам змяркання не вярнулася дадому, то дачка пенсіянеркі патэлефанавала ў МНС. Каб у спадарыні Юліі быў мабільны, то лакалізаваць яе месцазнаходжанне было б адносна проста. Але яна не выявіла асцярожнасці і прадбачлівасці. 

Наступнай раніцай ратавальнікі, работнікі міліцыі, лясгаса, валанцёры, мясцовыя жыхары пачалі пошукі, але яны напачатку былі безвыніковымі. З кожным днём надзея на выратаванне раставала. Тым часам  жанчына 4 ночы вымушана была праводзіць у лесе. 

Толькі 17 верасня раніцай ратавальнік Сяргей Анцюшэня знайшоў Юлію Давыдаўну ў полі паміж вёскамі Поблін і Разлевічы. Ёй пашчасціла натрапіць на кукурузнае поле. Менавіта збожжа кукурузы стала ежай і дапамагло выжыць.

Жанчына была ў прытомнасці, але яна зусім знясілела і толькі прасіла піць. Ратавальнікі неадкладна перадалі пацярпелую медыкам. Пенсіянерка шпіталізавана.


Парады: Вопытныя грыбнікі і спецыялісты па выжыванню раяць збіраючыся ў грыбы браць з сабой не толькі нож і кошык для грыбоў, але і заплечнік для паклажы, гумовыя боты і порхаўку (дажджавік), мабільны тэлефон і паўэрбанк, компас, сродкі ад насякомых, бінт і антысептык, ліхтарык, свісток, а яшчэ хаця б невялічкую бутэлечку з вадой і крыху ежы. 

І самае галоўнае – апранацца ярка.

фота: МЧС

Гарэў палац культуры сельгасакадэміі ў Горках, у будынку былі людзі

Пацярпелых няма – усе супрацоўнікі своечасова пакінулі памяшканні. Трохпавярховы будынак палаца культуры горацкай акадэміі загарэўся 10 кастрычніка каля 11 гадзін раніцы, паведамляе прэс-служба абласнога МНС. 

Пажар адбыўся на першым паверсе ў дапаможным памяшканні танцавальнага класа. Заняткі ў гэтым класе на момант здарэння не праводзіліся. У выніку пажару ў дапаможным памяшканні пашкоджана маёмасць, абгарэлі сцены і столя.

Мужчыне заціснула нагу мотакультыватарам, прыйшлося выклікаць ратавальнікаў

У вёсцы Сідараўка  Краснапольскага раёна гаспадар працаваў на сядзібе, пераворваючы палеткі. Падчас працы фраза мотакультыватара зачапіла штаніну мужчыны і зацягнула нагу – паведамляе прэс-служба міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Выкліканыя на месца здарэння работнікі МНС дэблакавалі заціснутую нагу і перадалі пацярпелага медыкам. З траўма і ён шпіталізаваны.

Тры чалавекі загінулі на Магілёўшчыне за суткі – пажары і іншыя надзвычайныя здарэнні

У Магілёве на праспекце Шмідта ў сваёй кватэры загінуў шасцідзесяцігадовы мужчына. Пажар адбыўся ў памяшканні на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома. 

У Круглым пасля апёкаў, атрыманых на пажары ў неэксплуатаваным аднапавярховым жалезабетонным будынку памёр яшчэ адзін жыхар вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. 

Гібель яшчэ аднаго чалавека зафіксавана ў Быхаўскім раёне. Падрабязнасці трагедыі не паведамляюцца.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У Горацкім раёне згарэла вясковая крама

Пажар адбыўся ў пасёлку Сенькава, верагодна з-за электрапрыбораў.

Паведамленне пра ўзгаранне вясковай крамы паступіла да пажарнай службы ноччу 14 верасня. Як выявілася па прыездзе пажарных экіпажаў, полымя ахапіла ўнутранае памяшканне магазіна, пашкодзіўшы тавары і вітрыны. Дзве халадзільныя ўстаноўкі аказаліся пашкоджанымі, а таксама прагарэла аздабленне столі на плошчы 2 квадратных метры. Пацярпелых няма. Прэс-служба МНС паведамляе, што верагоднай прычынай пажару з’яўляюцца парушэнні ў правілах эксплуатацыі электраабсталявання і электрасетак.

Вёска Сенькава знаходзіцца амаль у васьмі кіламетрах ад раённага цэнтра. 

На Магілёўшчыне ўжо каторы раз ратуюць буслоў

Буслы перыядычна становяцца закладнікамі блізкага пражывання з аб’ектамі чалавечай інфраструктуры. Паведамленні пра трапіўшых у пастку птушак штогод паяўляюцца ў розных рэгіёнах Беларусі.

Два такіх выпадках адбыліся ў Магілёўскай вобласці.

Бусла, які заблытаўся і захрас на воданапорнай вежы, заўважылі жыхары аграгарадка Скрыпліца Кіраўскага раёну. Выратавальнікам давялося падымацца да буслінага гнязда з дапамогай вышкі. Выявілася, што адна з лап улюблёнай беларусамі птушкі заблыталася ў вяроўцы, – паведамляе абласное Упраўленне МНС.

Днём раней бусла ратавалі ў Клімавіцкім раёне. Птушку заўважылі на электрычным слупе ў аграгарадку Малашковічы. Супрацоўніку МНС хапіла трохкаленнай лесвіцы, каб дабрацца да бусла і вызваліць, піша газета «Родная ніва».

 

На Магілёўшчыне за першую палову 2022 году пажары забралі жыцці 48 чалавек

За гэты час адбылося 390 пажараў. З 48 загінулых – 35 былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Разам з тым, паводле начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Дзямідава, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году колькасць смерцяў на пажарах зменшылася на 19 працэнтаў. Летась загінула – 59 чалавек, паведамляе сайт газеты «Голас Касцюкоўшчыны»

Па словах Сяргея Дзямідава асноўнай прычынай смерцяў, звязаных з пажарамі застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Гэта прывяло да гібелі 41 чалавека. 35 чалавек на момант узнікнення пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.