Дажджы, навальніцы, да +26°С – прагноз надвор’я на доўгія выходныя

На ўікенд і доўгія выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы каля +20°С, ноччу да +15°С, днём +24° +27°С.

Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшыцца на 3 хвіліны да 17 гадзін 1 хвіліны на 3 ліпеня – сонца ўзыйдзе ў 4:32, зойдзе ў 21:34.

30 чэрвеня, пятніца, апошні дзень чэрвеня, надвор’е абяцае быць воблачным у першай палове. Уноч да +15°С, раніцай да +20°С, днём тэмпература падрасце да +26°С. У другой палове дня прагназуюцца дажджы з навальніцамі. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, паўночнага ўсходу, хуткасць вятроў да 5-6 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У суботу, у першы дзень ліпеня, на большай частцы рэгіёна прагназуюцца дажджы. Уноч і уранні да +17°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +27°С, месцамі і ў асобных раёнах да +28°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду і паўднёвага ўсходу, хуткасць вятроў да 4 м/с. Поўня. Магнітнае поле спакойнае.

У нядзелю, 2 ліпеня, прагназуецца воблачнае надвор’е. У другой палове дня пройдуць дажджы, уноч і раніцай да +15°С, удзень паветра прагрэецца да +24°С, у асобных раёнах да +25°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-заходнія і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю 3-4 м/с. Поўня.

Ранак панядзелка, 3 ліпеня, пачнецца з даждлівага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +15°С, з паўднёва-заходнімі вятрамі хуткасцю да 3-9 м/с. У другой палове дня – воблачна, пераважна без ападкаў, тэмпература да +24°С.

Фота: mogilev.media

Зіготкія кольцы Сатурна паказаў «Джэймс Уэб»

На неапрацаваных фотаздымках кольцы планеты мігацяць на фоне чорнага космасу

Касмічны тэлескоп “Джэймс Уэб” даслаў новыя выявы Сатурна. Пазней іх ачысцяць ад шуму і афарбуюць у натуральныя колеры – паведамляе NASA.

Нядаўна астраномы вымералі ўзрост кольцаў Сатурна: яны сфармаваліся яшчэ пры дыназаўрах – гэта каля 240 мільёнаў зямных гадоў таму назад.

Тэлескоп правёў назіранні з дапамогай спектрографа блізкага інфрачырвонага дыяпазону. Сатурн і яго кольцы свецяцца як у інфрачырвоным, так і ў блізкім інфрачырвоным дыяпазоне, але дыяпазон даўжынь хваль адрозніваецца.

Астраномы спадзяюцца выкарыстоўваць атрыманыя дадзеныя, каб даведацца больш аб Сатурне і яго спадарожніках. Яны адзначаюць, што ў хуткім часе з «Джэймс Уэб» паступяць новыя здымкі месяцаў планеты.

Фота: NASA

Невялікае паніжэнне тэмператур, пахмурнае з дажджамі надвор’е.

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць невялікае паніжэнне тэмператур, у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-усходнія і паўночныя. Сярэднія сутачныя тэмпературы пад +20°С. Удзень да +16 +27°С, начныя тэмпературы ад +13  да +15°С. Працягласць дня будзе змяншацца па хвіліне, да 17:04 у пятніцу. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:31, зойдзе ў 21:35.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 26 чэрвеня. У ноч з нядзелі на панядзелак да +14°С, раніцай да +14°С, удзень і ўвечары да +26°С. На працягу сутак будзе воблачна, у другой палове дня значная верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія, хуткасць да 2-3 м/с. Месяц расце.

У аўторак, 27 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, месцамі магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-усходнія вятры, хуткасць да 2-5 м/с. Уноч і ўранні каля +14°С, днём тэмпература крыху падрасце і дасягне рыскі +16°С, месцамі да +18°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на адзнацы не ніжэй за +16°С. Месяц расце.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 28 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна з ападкамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +14°С, у другой палове дня да +23°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія і паўночныя вятры хуткасцю 4-5 м/с. Месяц расце.

У чацвер, 29 чэрвеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-усходні хуткасцю 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +27°С. Месяц расце.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 30 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць на працягу сутак дажджы, панаванне паўночна-заходніх і паўночных вятроў хуткасцю да 2-3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +15°С, удзень і ўвечары да +27°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media

25 чэрвеня ў гісторыі. Выбух на Месяцы. Самы вялікі банкет. Нарадзіўся П. Броўка. Памёр Майкл Джэксан

Дзень сяброўства, яднання славян.

Славяне – буйная моўная і культурная супольнасць народаў свету. На сёння славян у свеце пад 350 мільёнаў чалавек: заходнія (палякі, чэхі, славакі, кашубы і лужычане), паўднёвыя (балгары, сербы, харваты, баснійцы, македонцы, славенцы, чарнагорцы) і ўсходнія (беларусы, рускія, украінцы, русіны).

Афіцыйна свята адзначаецца з 1969 года, калі ў стыку межаў РСФСР, УССР і БССР прайшоў першы фестываль “Славянскае адзінства”. У 1975 годзе там жа ўзведзены манумент Сяброўства – “Тры сястры”. 

Славянскія братэрскія адносіны разбураны падзеямі ў былой Югаславіі, вайной Расіі супраць Украіны.

У 2019 годзе беларускім бокам праведзена рэканструкцыя манумента Сяброўства. У маі 2022 года ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расіі Чарнігаўская абласная адміністрацыя распачала падрыхтоўку дакументаў па дэмантажу помніка.

31 мая 2023 года на дарозе каля манумента адбыўся выбух. Расійскія ваенныя паблікі ўдакладняюць, што дарога была ўзарвана, каб «не дапусціць мерапрыемствы ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных груп у Бранскай вобласці Расіі».

Дзень памяці вялебнага Пятра Афонскага (праваслаўны каляндар).

Пётр у VII стагоддзі служыў ваяводам у імператарскіх войсках, жыў у Канстанцінопалі, а потым стаў манахам. Правёў у пустынных месцах, не бачачы нікога з людзей, 53 гады. Адзенне яго спарахнела, а валасы і барада адраслі і пакрылі цела замест адзення. Вялебны Пётр памёр у 734 годзе.

На Русі Пятра празвалі Сонцаваротам. Лічылася, што з гэтага дня сонца кароціць свой ход: дні становяцца ўсё карацейшымі і карацейшымі, а ночы – даўжэйшымі.

У гэты дзень нашы продкі асабліва славілі сонца: уздымаліся на вяршыню якога-небудзь пагорка, дзе маліліся і дзякавалі Пятру за цяпло і святло.

На Пятра Сонцавароту нельга было класціся спаць раней за паўночы: лічылася, што калі гэтага не зрабіць, то можна забыцца пра свае планы. Акрамя таго, не варта насіць чорныя ці занадта цёмныя рэчы – сонца можа пакрыўдзіцца і пойдзе дождж.

“З Пятра сонца на зіму, а лета на спякоту”.

У Пятроў дзень выпадаюць вялікія росы.

Дзень моладзі і студэнцтва Беларусі.

Свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, спазнання і самасцвярджэння, кахання і рамантыкі.

Сваю гісторыю ён вядзе з часоў існавання СССР, калі «Дзень савецкай моладзі» адзначаўся ў апошнюю нядзелю чэрвеня.

У Беларусі 1,6 мільёнаў жыхароў адносіцца да моладзі (кожны пяты). У 2023 годзе маладзевай сталіцай краіны абраны Наваполацк.

1178 год. Пяцёра кентэрберыйскіх манахаў назіралі нейкі выбух на Месяцы.

Мяркуюць, што гэта было сутыкненне метэора з Месяцам, у выніку якога ўтварыўся кратэр Джардана Бруна.

1652 год. Мястэчка Жыровіцы атрымала магдэбургскае права і герб.

Мястэчка – грэка-каталіцкі цэнтр Літвы. Зараз – аграгарадок з 2,5 тысячамі жыхароў, прадмесце Слоніма.

Цэнтр турызму нацыянальнага значэння, уваходзіць у турыстычныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоння», «Мураваны летапіс Слоніма і Жыровіцаў». 

Тут месціцца Свята-Успенскі манастыр (з 1587) з будынкамі і цэрквамі XVII-XVIII стагоддзяў. 

У верасні 1730 года адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай.    

1730 год. Польскі кароль і вялікі князь ВКЛ Аўгуст II Моцны арганізаваў самы вялікі ў сусветнай гісторыі банкет.

На ім было 30 000 гасцей – ледзь не ўдвая болей за армію краіны. Асаблівай прычыны для папойкі не было.

Пры Аўгусце пачалася крайняя ступень анархіі, з 18 сеймаў 11 былі сарваны (не без расійскіх грошай), армія была паменшана з 80 да 18 тысяч, праводзіліся палітычныя і рэлігійныя рэпрэсіі. Апошнімі словамі Аўгуста ІІ перад смерцю былі: «Усё маё жыццё было адзіным бесперапынным грахом».

1905 год. Нарадзіўся Пятрусь Броўка (1905-1980).

Беларускі грамадскі дзеяч, празаік, паэт і перакладчык. Народны паэт, Герой Сацыялістычнай працы, акадэмік АН БССР. Галоўны рэдактар часопіса “Полымя” і выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”.

Аўтар 3-х дзясяткаў кніг паэзіі, шматлікіх аповесцей, лібрэта опер, перакладаў.

Яго творы перакладзены на 27 моў, імя прысвоена выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя”, вуліцам у Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

У Мінску працуе літаратурны музей Петруся Броўкі, у  Пуцілкавічах Ушацкага раёна — хата-музей.

Нягледзячы на ўсе яго заслугі, вядомы такія крытычныя радкі Р. Барадуліна:

Пятрусь Броўка піша лоўка,
Піша лоўка і даўно,
Але ўсё, што ён напіша,
Альбо – дрэнь, альбо – …

1911 год. Нарадзіўся Арсень Булаўка (1911-1994).

Беларускі гідролаг, географ, доктар геаграфічных навук.

У 1939-1941 гадах – кіраўнік Магілёўскай гідралагічнай станцыі. Удзельнік абароны Магілёва.

Распрацоўшчык праблем гідралогіі Беларусі, тэорыі воднага балансу. Узначальваў Мінскую гідраметэаралагічную абсерваторыю.

Аўтар і суаўтар шматлікіх навуковых і навукова-папулярных прац, у тым ліку кнігі “Рака Бярэзіна”.

Рака Бярэзіна

1932 год. Нарадзіўся Часлаў Кудаба (1932-1993).

Беларускі і літоўскі географ-краязнавец, эколаг.

Лаўрэат Дзяржпрэміі Літвы. Барацьбіт за незалежнасць Літвы. Кіраўнік праекта па стварэнню геаграфічнага атласа Літвы, аўтар манаграфій, кніг, артыкулаў аб прыродзе, культуры, экалагічным стане Літвы, Беларусі, пра хараство Нарачанскага краю.

Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.

1946 год. Распачаў сваю дзейнасць Сусветны банк.

Заснаваны ў снежні 1945 года. Галоўнай мэтай яго стварэння была адбудова знішчанай у Другой Сусветнай вайне Еўропы і Японіі, а таксама дапамога ў развіцці краін Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Цяпер ён працуе з 124 краінамі з 184 краін-членаў.

Беларусь стала членам Групы Сусветнага банка ў 1992 годзе. За перыяд супрацоўніцтва Сусветны банк інвеставаў у значныя для Беларусі праекты больш за 1,7 мільярдаў долараў, у тым ліку «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення», «Павышэнне энергаэфектыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Абыходжанне з цвёрдымі бытавымі адходамі ў Рэспубліцы Беларусь», «Рэабілітацыя раёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», на рэканструкцыю аўтадарогі М6 Мінск-Гродна і іншыя.

1950 год. Армія Паўночнай Карэі напала на Паўднёвую Карэю.

Больш чым 60-тысячная армія Паўночнай Карэі узброеная савецкімі танкамі перайшла дэмаркацыйную лінію ўздоўж 38-й паралелі і ўторглася на тэрыторыю паўднёвай суседкі каб пачаць “нацыянальна-вызвольную вайну” і ашчасцлівіць братоў на камуністычны манер.

У вайне Паўночнай Карэі дапамагалі СССР, 1 мільён кітайцаў, а Паўднёвай – войскі ЗША, якія выступалі пад сцягам ААН.

Вайна завяршылася “ўнічыю” 27 ліпеня 1953 года: захавалася даваеннае тэрытарыяльнае размежаванне. Пры гэтым загінула 9 мільёнаў карэйцаў, 1 мільён кітайцаў, 54 000 амерыканцаў, колькасць савецкіх – невядома. Вядома толькі, што 22 савецкія летчыкі атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

1977 год. Падчас рыбнай лоўлі маланка стукнула рэйнджара нацыянальнага парка Шэнадоа Роя Саллівана і апякла яму грудзі і плечы.

Пацярпелага даставілі ў шпіталь. Гэта было ўжо сёмае пападанне маланкі ў Роя, за што ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Упершыню маланка ўразіла яго ў 1942 годзе, пазбавіўшы пазногця на вялікім пальцы нагі. 2-гі выпадак адбыўся ў ліпені 1969 – былі спалены бровы. 3-і ў ліпені 1970 – паранена левае плячо. 4-ы 16 красавіка 1972 – запаліліся валасы. 5-ы 7 жніўня 1973 – ізноў згарэлі адрослыя валасы і апякло ногі. 6-ы: 5 чэрвеня 1976 – пашкоджана шчыкалатка.

Смерць знайшла героя ў верасні 1983 года, калі ва ўзросце 71 года ён стрэліў сам у сябе. Кажуць, што “іскрысты рэйнджар” не змог жыць далей з-за непадзеленага кахання.

1992 год. У Беластоку афіцыйна зарэгістрана Праграмная рада тыднёвіка «Ніва».

Рада выдае тыднёвік польскіх беларусаў. Газета заснавана ў 1956 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Беларускамоўны тыднёвік асвятляе жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуе матэрыялы па краязнаўстве, аб актуальных падзеях на Беларусі.

Выходзіць старонка для дзяцей «Зорка», перыядычна змяшчаюцца тэматычныя ўкладкі.

Газета імкнецца да яднання беларускага насельніцтва ў Польшчы.

1997 год. Памёр Жак-Іў Кусто (1910-1997).

Французскі акіянограф, контр-адмірал, фатограф, рэжысёр, вынаходнік, аўтар мноства кніг і фільмаў, акадэмік, дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака.

Адзін з вынаходнікаў акваланга, падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак».

Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя.

Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання», «Залатая рыба» (прэмія «Оскар») і «Свет бяз сонца» («Оскар»), якія добра вядомы значнай частцы беларускіх гледачоў.

Існуюць звесткі, што знакаміты вучоны і падарожнік мае беларускія карані, што быццам ягоны бацька Даніель Кусто (1878-1969) эміграваў у Францыю з Лынтупаў сённяшняга Пастаўскага раёна, перарабіў свае беларускія імя і прозвішча Даніла Куст на францускі ўзор. Хаця верагодна гэта толькі прыгожая легенда, бо на інтэрактыўным генеалагічным дрэве сям’і Кусто бліжэйшыя продкі Жак Іва Кусто паходзяць выключна з Францыі.

2009 год. Памёр Майкл Джэксан (1958-2009).

Культавы амерыканскі спявак, танцор, аўтар песень.

Кумір соцень мільёнаў меламанаў 1970-х-2020-х гадоў. Дасягнуў міжнароднай вядомасці ва ўзросце 11 гадоў, «Кароль поп-музыкі», «Чалавек Тысячагоддзя», уладальнік 19 прэмій «Грэмі», двойчы занесены ў Залу славы рок-н-рола – у якасці сольнага выканаўцы і як удзельнік гурта “Jackson 5”. Найвялікім прызнаннем у свеце карыстаюцца ягоныя 3 альбомы з 10: «Off the Wall», «Thriller» і «Bad». «Thriller» занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як дыск-лідар па продажу ў свеце (104 млн копій); ён узначальваў Billboard 200 на працягу 9 месяцаў і не пакідаў чарта больш за 2 гады.  

2011 год. Памёр Раман Тармола-Мірскі (1936-2011).

Беларускі паэт, сцэнарыст.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання.

Аўтар 11 кніг паэзіі, двух кніг для дзяцей. Напісаў сцэнарыі да некалькіх дакументальных фільмаў, у тым ліку «Я не самотны… Максім Багдановіч», да  тэлеспектакля «Зачараваны Валерка».

Горача, воблачна, дажджліва – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы вышэй за +20°С, ноччу каля +17°С, днём +25° +28°С.

Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшыцца на 1 хвіліну да 17 гадзін 8 хвілін 25 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:28, зойдзе ў 21:36.

23 чэрвеня, пятніца – надвор’е абяцае быць воблачным. Днём тэмпература падрасце да +27°С і пераважна без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага-захаду, поўначы, у другой палове дня – з паўднёвага захаду, хуткасць вятроў 2-4 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 24 чэрвеня, пераважна воблачна. Уноч да +17°, уранні і ўвечары да +22°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +26°С, месцамі і ў асобных раёнах да +28°С. Надвор’е пратрымаецца ў першай палове ў асноўным без ападкаў, у другой палове, асабліва пад вечар, магчымы дажджы . На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага захаду і паўночнага усходу, хуткасць вятроў 1-4 м/с, пры парывах да 6-8 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У нядзелю, 25 чэрвеня, прагназуецца пераважна даждлівае надвор’е, у другой палове магчымы навальніцы, уноч і раніцай да +17°С, удзень паветра прагрэецца да +26°С, у асобных раёнах да +28°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць заходнія і паўночна-заходнія вятры хуткасцю 2-4 м/с. Месяц расце.

Ранак панядзелка 26 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +14°С, з паўночна-заходнімі вятрамі хуткасцю да 2 м/с. У другой палове дня вялікая верагоднаць дажджоў, тэмпература да +26°С.

Фота: mogilev.media

Спякотна, да +32°С, без дажджоў – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы вышэй за +20°С, з ваганнямі ноччу ад +9°С да +19°С, днём – ад 20°С да +32°С.

Будзе пераважаць воблачнае, пераважна без ападкаў надвор’е. Працягласць дня вырасце да 17 гадзін 8 хвілін 18 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 4:27, зойдзе а 21:35.

16 чэрвеня, пятніца. 

Надвор’е абяцае быць воблачным. Уноч да +9° +15°С, днём тэмпература падрасце да +24° +26°С, у асобных раёнах да +29°С. Пераважна без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, у другой палове дня – з поўдня, хуткасць вятроў 2-3 м/с, месцамі пры парывах да 9 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 17 чэрвеня, пераважна воблачна. 

Уноч і ўранні да +12° +19°С. Днём слупкок тэрмометра падымецца да +26° +28°С, месцамі і ў асобных раёнах да +30°С. Надвор’е пратрымаецца ў асноўным без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага ўсходу, поўдня. Хуткасць вятроў 3-4 м/с, пры парывах да 9-10 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 18 чэрвеня, таксама воблачна.

Уноч і раніцай да +18°С, удзень паветра прагрэецца да +27° +29°С, у асобных раёнах Магілёўшчыны да +30° +32°С, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-ўсходнія вятры хуткасцю 3-7 м/с. Маладзік. Магнітнае поле няўстойлівае.

Ранак панядзелка 19 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +18°С, з паўднёвымі вятрамі хуткасцю да 2-3 м/с. Днём да +24°С. Маладзік.

Фота: mogilev.media

Сатурн вярнуў сабе статус планеты з найвялікай колькасцю спадарожнікаў – іх 145

Сатурн вярнуў сабе статус планеты з найвялікай колькасцю спадарожнікаў у Сонечнай сістэме. Адкрыццё 62 новых спадарожнікаў аднавіла лідэрства акружанай кольцамі планеты ўсяго праз 3 месяцы пасля таго, як яе ненадоўга абагнаў Юпітэр – піша брытанскае выданне The Guardian. 

Рэкорд адноўлены пасля адкрыцця 62 новых спадарожнікаў Сатурна, у выніку чаго іх афіцыйная агульная колькасць дасягнула 145. 

Юпітэр, 12 новых спадарожнікаў-месяцаў якога былі адкрыты ў лютым, мае 95 спадарожнікаў.

«Сатурн не проста амаль падвоіў колькасць спадарожнікаў. У яго зараз больш спадарожнікаў, чым ва ўсіх астатніх планет Сонечнай сістэмы разам узятых» – рэзюміраваў прафесар Брэт Гладман, астраном з Універсітэта Брытанскай Калумбіі, які ўдзельнічаў у назіраннях.

Новым спадарожнікам Сатурна ў будучыні будуць прысвоены, па традыцыі, імёны ў гонар гальскіх, скандынаўскіх і інуіцкіх багоў.

Што да паходжання гэтых шматлікіх аб’ектаў, то навукоўцы схіляюцца да таго, што большасць з іх, хутчэй за ўсё, з’явіліся ў выніку адносна нядаўняга сутыкнення двух досыць буйных спадарожнікаў.

У апошнія дзесяцігоддзі колькасць пацверджаных спадарожнікаў планет Сонечнай сістэмы няўхільна расла па меры павышэння адчувальнасці тэлескопаў і павышэння эфектыўнасці метадаў аналізу. У апошнім даследаванні выкарыстоўваліся дадзеныя, атрыманыя з дапамогай тэлескопа, размешчанага на гары Мауна-Кеа (Гаваі) і які дазваляе выяўляць і назіраць спадарожнікі дыяметрам да 2,5 км.

Акрамя таго, навукоўцы разлічваюць, што місія НАСА Dragonfly, якая павінна быць запушчана ў 2027 годзе, зможа правесці больш уважлівае даследаванне аднаго з невялікіх знешніх спадарожнікаў Сатурна.

Фота з адкрытых крыніц

Ідзе цяпло – надвор’е на рабочы тыдзень.

На кароткі рабочы тыдзень – з серады па суботу – у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць прыток цяпла, воблачнае з дажджамі надвор’е. Галоўным чынам без замаразкаў. 

Удзень ад +8 да  +19°С, уноч ад 0 да +5 і нават + 10°С. Працягласць дня з серады да суботы вырасце на 11 хвілін і дасягне амаль 16 гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня, а гэта субота, 13 мая, сонца ўзыдзе ў 5:01, зойдзе ў 20:52.

Серада, 10 мая 

Прагназуецца днём воблачнае надвор’е без ападкаў. Уноч ясна, 0 +3 °С. Ранішнія тэмпературы да +8°С, у другой палове дня да 14°С. На працягу сутак прагназуюцца вятры ўсходніх і усходне-паўночных напрамкаў, хуткасць вятроў да 3 м/с. Убываючы Месяц. Геамагнітнае поле неўстойлівае.

Чацвер, 11 мая

Сіноптыкі прадказваюць воблачнае з дажджамі надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-заходні і паўночна ўсходні, хуткасцю да 2-3, месцамі да 4 м/с. Ноччу да +5 °С, ўранні да +10°С, у абедзенныя часы – каля +16 °С, увечары – да +11 °С. Убываючы Месяц. Геамагнітнае поле неўстройлівае.

Пятніца, 12 мая 

Па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае з дажджамі надвор’е з панаваннем паўночна-ўсходніх і паўночных вятроў хуткасцю да 3-5 м/с. Уноч +4 +6 °С, у ранішнія гадзіны да +12°С, удзень слупок тэрмометра дасягне велічыні 18°С, увечары прагназуецца каля +14°С. Убываючы Месяц. Геамагнітнае поле неўстройлівае.

Працоўная субота, 13 мая 

Сіноптыкі па папярэдняму прагнозу дапускаюць у асноўным воблачнае без значных ападкаў надвор’е з панаваннем паўночна заходніх вятроў хуткасцю да 3-4 м/с. Уноч і ўранні да +10°С, удзень слупок тэрмометра верагодна дасягне велічыні ў 19°С. Убываючы Месяц. Геамагнітнае поле неўстройлівае.

Фота: mogilev.media

Унікальныя астранамічныя назіранні ў сакавіку

У сакавіку можна будзе ўбачыць няўзброеным вокам адразу некалькі планет – дастаткова рэдкая з’ява – паведамляе навуковы дырэктар Маскоўскага планетарыя Фаіна Рублёва. Акрамя таго, чакаецца актыўнасць метэорнага патоку Лірыды.

Венера.

«Венера будзе вечарамі ззяць над заходнім гарызонтам. Яе можна будзе назіраць у яснае надвор’е, у тым ліку калі 24 сакавіка Месяц і Венера пройдуць побач адзін з адным. 

Таксама ўвечары і ноччу ў сузор’ях Цяльца і Блізнят дастаткова высока над гарызонтам будзе бачны Марс, але ён у параўнанні з Венерай не такі яркі. Не кожны месяц можна бачыць адразу некалькі планет.

Юпітэр.

Па вечарах на заходнім гарызонце можна будзе назіраць Юпітэр, аднак ён будзе бачны непрацяглы час. 

Уран і Няптун.

Уран і Няптун таксама будуць знаходзіцца над гарызонтам, але іх без тэлескопа разглядзець нельга.

Дзень раўнадзенства.

Дзень вясновага раўнадзенства наступіць 21 сакавіка, калі Сонца перасячэ лінію нябеснага экватара і пяройдзе з Паўднёвага паўшар’я ў Паўночнае. 

У гэты момант у паўднёвай паўкулі (паўшар’і) пачнецца восень, у паўночнай, гэта значыцца і на тэрыторыі Беларусі, настене астранамічная вясна.

Назіранне сузор’еў.

Зараз можна без праблем назіраць сузор’і Вялікай і Малай Мядзведзіцы. Зімовае сузор’е Арыёну з яркімі зоркамі і зорку Сірыўс з сузор’я Вялікага Сабакі зараз яшчэ можна назіраць, але яны паступова будуць хавацца за гарызонтам. 

Сярод незаходзячых будуць добра бачныя сузор’і Касіяпеі, Цэфея і Персея на паўночным захадзе.

Фота мае ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц.

Знакі цёмнага неба – Месяц і землятрусы на Зямлі

Землятрусы, якія адбыліся ў Турцыі, супалі з поўняй і маладзіком. Бліжэйшая поўня – 5 сакавіка.

У Інстытуце касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук  сабралі за шмат гадоў цікавую статыстыку ўзаемасувязі землятрусаў і месяцовых фаз. Як высветлілася, падзеі ў Турцыі пад яе таксама падыходзяць.

У гісторыі землятрусаў па ўсім свеце назіраецца адна цікавая тэндэнцыя, якой пакуль не атрымоўваецца знайсці адэкватнае навуковае тлумачэнне, распавёў life галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута касмічных даследаванняў РАН С. Пулінец. 

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што першы падземны штуршок на мяжы Турцыі і Сірыі раніцай 6 лютага 2023 года адбыўся падчас поўні. Калі казаць дакладней, поўня была 5 лютага ў 21:29 па маскоўскім часе, гэта значыць за некалькі гадзін да пачатку бедства. Праз два тыдні, 21 лютага, крыху на поўдзень ад эпіцэнтра папярэдняга бедства здарылася новая сейсмічнае падзея. І яна практычна супала з надыходам маладзіка – адбылася на наступны дзень пасля яго.

Але рэч у тым, што падобныя дзіўныя супадзенні гэтымі выпадкамі не вычэрпваюцца. Напрыклад, землятрус магнітудай 8,4 на Алясцы ў 1964 годзе здарыўся напярэдадні поўні – і сапраўды такая ж фаза назіралася падчас землятрусу магнітудай 9,1 на Суматры ў 2004 годзе. Увогуле ў гэтым спісе – амаль два дзясяткі землятрусаў магнітудай ад 5,2 да 9,4, якія адбыліся ў тыя моманты, калі Месяц быў вельмі блізкі альбо да фазы поўні, альбо да фазы маладзіка.

– Пакуль не зразумела, ці з’яўляецца гэта проста супадзеннем, ці гэта нейкі фізічны эфект. Я лічу, што эфект ёсць і трэба глядзець не па буйных землятрусах. Калі абраць у каталогу падземныя штуршкі з магнітудай ад 4 да 5 і глядзець колькасць землятрусаў у суткі, то з набліжэннем поўні іх колькасць павялічваецца, – адзначае С. Пулінец.

Месяц рухаецца вакол Зямлі не па ідэальна круглай арбіце, а па выцягнутай, эліптычнай. І па меры свайго руху па ёй яна то набліжаецца да нашай планеты, то аддаляецца ад яе. 384 000 км – сярэдняя адлегласць паміж Месяцам і Зямлёй. А насамрэч у перыгеі – бліжэйшай да Зямлі кропцы – Месяц аказваецца ўсяго ў 356 000 – 370 000 км, а ў апагеі, самай далёкай кропцы, у 404 000 – 407 000 км. І з кожным новым абарачэннем перыгей і апагей у той ці іншай ступені вар’іруюцца. Змяняюцца яны таму, што ў Сонечнай сістэме і наогул у космасе ўсё знаходзіцца ва ўзаемадзеянні адзін з другім: Зямля таксама не заўсёды на аднолькавай адлегласці ад Сонца, і ўсё гэта неўзаметку ўплывае на ход падзей.

Перыгей зусім не абавязкова супадае з поўняй або маладзіком. Таму не выключана, што насамрэч глядзець трэба не на тое, у якой фазе быў Месяц у момант землятрусу, а на яго адлегласць ад Зямлі. У гэтым сэнсе асабліва характэрна, што 21 студзеня 2023 года адлегласць да Месяца дасягнула мінімуму ці ледзь не за апошнюю тысячу гадоў і склала 356 568 км.

Па афіцыйна прынятым у агульнасусветнай навуцы пункце гледжання, гравітацыя Месяца занадта слабая, каб выклікаць у зямных нетрах дастаткова магутныя для землятрусу прыліўныя сілы, тлумачыць С. Пулінец. На яго думку, зусім не абавязкова цалкам і поўнасцю вінаваціць у кожным бедстве адзін толькі спадарожнік Зямлі.

– Землятрус ужо падрыхтаваны працэсамі ў нетрах планеты, а прыцягненне Месяца – гэта трыгер, маленькая дабаўка, каб сарваць з ланцуга гэтую падрыхтаваную падзею. Гэта не значыць, што менавіта Месяц выклікаў землятрус, – тлумачыць эксперт.