Дзень у гісторыі. 10 кастрычніка. Сталін перадаў Літве беларускую Вільню. Нараджэнне “рускай” водкі, гісторыкаў Міхаіла Без-Карніловіча, Кастуся Тарасава, Валеря Галубовіча і «паэта з рысамі рыцара» Леаніда Дранько-Майсюка

 Сусветны дзень псіхічнага здароўя (World Mental Health Day, з 1992 года). Псіхічнае здароўе з’яўляецца неад’емнай часткай і найважнейшым кампанентам здароўя. 

Яно вызначаецца як стан дабрабыту, пры якім кожны чалавек можа рэалізаваць свае здольнасці і ўласны патэнцыял, супрацьстаяць звычайным жыццёвым стрэсам, прадуктыўна і плённа працаваць і ўносіць уклад у жыццё сваёй супольнасці. 

У гэтым пазітыўным сэнсе псіхічнае здароўе з’яўляецца асновай дабрабыту кожнага чалавека і эфектыўнага функцыянавання ўсёй супольнасці.

У свеце больш за 450 мільёнаў чалавек пакутуюць на псіхічныя захворванні. 

Кожны сёмы – дакучлівы параноік / умераны шызафрэнік, альбо схільны дэпрэсіям і алкагалізму, розным фобіям.

1503 год. Манахі маскоўскага Крамля ўпершыню атрымалі “рускую” водку. Яе выкарыстоўвалі як антысептычны сродак.

Тэрмін «водка» уваходзіць шырока ў мову з 1533 года ў адносінах да лекавай спіртавой настойкі са збожжа. 

На землях ВКЛ першыя моцныя алкагольныя рэктыфікаваныя напоі называліся хлебнае віно, акавіта (з 1398), гаржалка (gorzałka, 1528-1532), віні крамаці (“паленае віно”,  1537 год).

1702 год. Капітуляцыяй абаронцаў горада скончылася аблога Быхава казакамі і войскам ВКЛ.

Гераічны старабыхаўскі гарнізон мусіў здацца на ганаровых умовах і прысягнуць каралю Аўгусту II. 

Усе абаронцы амнісціраваліся. Мяшчанам пакідаліся ўсе вольнасці і прывілеі.

Аблога цягнулася з 29 жніўня да 10 кастрычніка 1702 года. 

Прычына аблогі ў тым, што ўладальнік Быхава К. Сапега падтрымліваў шведскага караля Карла XII і быў супраць хаўруса Рэчы Паспалітай з Пятром І.

1783 год. Пайшоў з жыцця Людвік Грынцэвіч. 

Вялікалітоўскі архітэктар эпохі позняга барока, манах-дамініканец.

Злучыў традыцыі архітэктуры барока з элементамі мясцовай архітэктуры. 

Пабудаваў шэраг храмаў, у тым ліку  касцёл і дамініканскі кляштар Святога Юрыя каля в. Валынцы (зараз Верхнядзвінскі раён), спраектаваў фасад віленскага касцёла Узнясення Гасподняга.

У 1749 годзе апублікаваў неаднаразова перавыдаваны малітоўны даведнік па Жэмайцкай Кальварыі.

1794 год. У баі пад Мацяёвіцамі быў цяжка паранены і трапіў ў расійскі палон Тадэвуш Касцюшка.

На наступны дзень Т. Касцюшку, пад імем Шыманскага, праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад адправілі ў Санкт-Пецярбург.

Начальнікам узброеных сіл 12 кастрычніка 1794 года Найвышэйшая Рада прызначыла Тамаша Ваўжэцкага.

1796 год. Нарадзіўся Міхаіл Без-Карніловіч.

Беларускі гісторык, краязнавец, этнограф, вайсковы тапограф, статыстык, генерал-маёр. 

Брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

Карніловіч стаў Без-Карніловічам у выніку бюракратычнай памылкі.

Праводзіў тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай і іншых губерняў, Беластоцкай акругі. 

Збіраў звесткі аб беларускіх старажытнасцях.

Аўтар ваенна-статыстычнага агляду Віцебскай губерніі, кнігі «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (1855).

Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. 

Беларусамі лічыў нашчадкаў крывічоў, гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ. 

1867 год. Памёр Ігнат Легатовіч

Беларускі і польскі паэт, педагог. 

Вёў педагагічную дзейнасць у Лепелі, Полацку, Вількаміры, Мінску. Блізкі сябар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіч.

Бібліёграф, выдавец гісторыка-літаратурных помнікаў, перакладчык, збіральнік афарызмаў. Меў багаты кнігазбор з унікальнымі выданнямі.

Аўтар навуковай працы «Даследаванне пра лісты» (1817), кніг на польскай мове «Эпіграмы» (Вільня, 1848), дыдактычных двухрадковых максімаў «Алафтэгмы» (Вільня, 1854), павучальных кніг для дзяцей і юнацтва.  

1938 год. Памёр у ГУЛАГу Адам Бабарэка

Беларускі пісьменнік і крытык, паэт, філосаф.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Працаваў у БДУ, Інстытуце беларускай культуры.

Аўтар кнігі прозы, літатурна-крытычных прац, распрацоўваў  метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, творчасць Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядулі і іншых.

Рэпрэсаваны НКУС у 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі».

На фота А. Бабарэка сядзіць 2-гі злева

1939 год. Вільня і частка Віленскай вобласці БССР перададзены Літве. 

Сталінам перададзена Літве 6909 км² з 490 тысячамі жыхароў.

У склад БССР тэрыторыя ўваходзіла з 24 верасня 1939 года. 

Арганізоўваліся  беларускія школы, установы, выходзіла газета “Вiленская праўда”. Абмяркоўваліся планы аб переносе сталіцы БССР з Мінска ў Вільню.

Пасля далучэння Літоўскай ССР да СССР у кастрычніку 1940 года ад БССР дадаткова перададзена Літве тэрыторыя ў 2637 км².

1940 год. Нарадзіўся Кастусь Тарасаў. 

Беларускі пісьменнік, гісторык, дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага руху.

Працаваў у  геалагічнай экспедыцыі, у выдавецтвах, часопісах, газетах, на кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар кніг аповесцяў, эсэ, раманаў на гістарычныя тэмы, пра Грунвальдскую бітву, Рагнеду, Міндоўга. 

Па матывах яго аповесці  «Чорны шлях» драматург Аляксей Дудараў напісаў п’есу «Ядвіга» (Купалаўскі тэатр, рэжысёр Валер Раеўскі).

Узнагароджаны Прэміямі Міністэрства абароны СССР за раман «Пагоня на Грунвальд» (1988), «Залаты апостраф» журнала «Дзеяслоў» (2007), імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру (2010).

Памёр 20 сакавіка 2010 года.

 1943 год. У Магілёве нарадзіўся Валеры Галубовіч. 

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук, прафесар.

Даследчык гісторыі гаспадаркі ў IX-XIII стагоддзях, БССР у 1940-1980-я, гісторыі развіцця ў Беларусі эканамічнай навукі і адукацыі.

Пад яго кіраўніцтвам упершыню для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцяў распрацаваны курсы «Эканамічная гісторыя Беларусі», «Эканамічная гісторыя Беларусі і замежных краін».

Сябар рэдакцыйнай калегіі “Беларускага гістарычнага часопіса”.

1957 год. Нарадзіўся Леанід Дранько-Майсюк. 

Беларускі паэт. Аўтар 16 кніг. 

Асобныя яго вершы пакладзены на музыку. Уладзімір Караткевіч называў яго  «паэтам з рысамі рыцара». 

Па словах Уладзіміра Някляева, ўяўленні пра рыцарства Дранько-Майсюка «злучаны з яго стаўленнем да жанчыны, да сяброў, да паэзіі, да Беларусі і ўсяму крэўнаму, беларускаму».