Кіраўск прыехаў здзівіць Магілёў сваёй народнай творчасцю

На базе Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці праходзіць прэзентацыя Кіраўскага раёна. 

На Тэатральнай плошчы ў канцэртнай зале “Магілёў” дзеячы культуры Кіраўскага раёна прадстаўляюць праграму-прэзентацыю творчых дасягненняў і асаблівасцяў свайго рэгіёна. Не выязджаючы з Магілёва можна паглядзець цэлы раён са знакамітым аграпрадпрыемствам імя Кірылы Арлоўскага і самым вялікім панскім палацам Беларусі. 

Усё ладзіцца ў рамках праекта “Беларусь родная, музычная, народная”, які на працягу бягучага года знаёміць з поспехамі, дасягненнямі, гістарычнай спадчынай рэгіёнаў Магілёўшчыны. 

Канцэртная праграма, у якой прымуць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці раёна, пачнецца ў 17.30. Кошт квітка – 5 рублёў. Як паказвае вопыт падобных канцэртаў іншых раёнаў, на мерапрыемстве амаль заўжды бывае цікава. 

 

У Магілёве абмяркоўваюць пытанні гісторыка-культурнай спадчыны без замежных даследчыкаў

Навуковая канферэнцыя «Гісторыка-культурная спадчына Падняпроўя» праходзіць у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава. Гісторыкі і краязнаўцы сабраліся з нагоды 155-годдзя заснавання першага магілёўскага музею. Падзея мае як навуковы так і ідэалагічны складнікі.

У мінулыя гады ў канферэнцыі ўдзельнічалі навукоўцы з Польшчы, Украіны, Літвы, Расіі. Цяпер жа міжнароднага статусу канферэнцыя не мае. Аднак беларускія даследчыкі, якія стала вывучаюць беларускі край, адгукнуліся на запрашэнне з радасцю.

З-за пандэміі каронавірусу падобныя канферэнцыі апошнія гады праходзілі дыстанцыйна. Цяпер сітуацыя змянілася. Навуковыя паплечнікі і адначасова супернікі сустрэліся, каб распавесці пра вынікі сваёй працы, паказаць здабыткі і даведацца пра новыя гістарычныя факты. У сценах абласнога музею пануе атмасфера таварыскай сустрэчы.

На пленарным пасяджэнні абмеркавалі гісторыю стварэння краязнаўчага музею і перспектывы музейнага будаўніцтва, стан вывучэння археалагічнай спадчыны.

Не абышлося без ідэалогіі. Адкрылася экспазіцыя «Генацыд беларускага народу».