Набілі сумкі абуткам – маладая пара спрабавала абакрасці краму ў Бабруйску

Бясхітрасны спосаб крадзяжа спрабавалі правярнуць 23-гадовыя хлопец і дзяўчына ў раённым цэнтры. Яны зайшлі ў краму і затаўкалі шэсць пар абутку а таксама некалькі пальчатак у свае сумку і заплечнік. Агульная сума крадзяжу склала 3250 рублёў – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Прадаўцы абутковай крамы заўважылі няладнае, паколькі ў магазін парачка заходзіла з пустымі сумкай і заплечнікам, а выходзіла з поўнымі. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Быхаўскія міс Марпл дапамаглі знайсці злодзея

Пра крадзёж 100 рублёў грошай быхаўская 70-гадовая пенсіянерка нават не ведала. Яна двойчы выходзіла са сваёй кватэры на пяць-дзесяць хвілін не замыкаючы дзверы, і гэтага аказалася дастаткова, каб са стульчыка ў пярэднім пакоі знікла сумка з кашальком – паведамляе афіцыйны сайт Камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці.

Затое прапажу западозрыла іншая пенсіянерка з таго ж самага пад’езда ў шматкватэрным доме па вуліцы Савецкай у Быхаве. Яна знайшла знаёмую сумку суседкі ў падвальным памяшканні і прынесла яе пацярпелай.

 

Жанчыны выявілі прапажу грошай з кашалька пенсіянеркі і выклікалі міліцыю. Следча-аператыўная група яшчэ не паспела наведаць пацяраелую, як пранізлівасць прыватнага дэтэктыва праявіла яшчэ адна пенсіянерка з таго ж самага пад’езда. Яна знайшла ў падвальным памяшканні бутэльку з-пад піва і прынесла яе ў дом абрабаваны суседкі.

Эксперты выявілі на бутэльцы адбіткі пальцаў і ў той жа дзень быў затрыманы 45-гадовы мясцовы жыхар за адміністратыўнае правапарушэнне (верагодна, першапачаткова яму інкрымінавалася толькі распіццё піва). Мужчына прызнаўся ў крадзяжы грошай з кватэры пацярпелай. 

Па словах затрыманага, ён прыходзіў да былой жонкі, якая пражывае ў гэтым жа доме, і пакуль чакаў яе, выпіваў піва. І заадно зазірнуў у адчыненую кватэру пенсіянеркі. Выкрадзеныя грошы ў яго канфіскавалі часткова – частку сумы ён паспеў патраціць. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру.

Магілёвец выцягнуў гаманец у хлопца, пакуль той біў яго сябра

Дзве кампаніі адпачывалі ў адным з начных клубаў Магілёва – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Адзін з дваіх маладых людзей з адной кампаніі непрыгожа выказаўся пра дзяўчын з другой. 26-гадовы прыяцель дзяўчын вырашыў паставіць на месца нахабніка і стаў ад душы мясіць яго кулакамі і каленам.

Сябар хлопца, які бездапаможна цярпеў удары, наблізіўся да бойкі, нібыта спрабуючы спыніць агрэсара, а сам незаўважна выцягнуў у 26-гадовага прыяцеля дзяўчын кашалёк з задняй кіішэні. 500 рублёў з гаманца забраў сабе, пагуляў па горадзе а потым падкінуў пусты кашалёк назад пад дзверы начнога клуба. Узбуджана крымінальная справа за крадзёж.

Аферыст дня – магілёвец заплаціў гардэробшчыцы за “згублены” нумарок, каб скрасці жаночую куртку

Гардэробшчыцу пры гэтым не засмуціла, што хлопец забраў жаночую вопратку, хоць заяўляў што згубіў жэтончык ад сваёй. Крадзёж адбыўся ў адным з начных клубаў Магілёва – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 22-гадовы раней не судзімы жыхар горада звярнуўся да гардэробшчыцы ў клубе, што ён нібыта згубіў нумарок ад сваёй вопраткі. Жанчына прапанавала яму аплаціць кошт жэтончыка ў касе. Заплаціўшы невялікую суму, хлопец атрымаў доступ да гардэроба і вынес куртку 19-гадовай дзяўчыны, што адпачывала ў тым жа клубе, коштам у 500 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Магілёвец падглядзеў будаўнічыя матэрыялы і абакраў гараж на 5 000

64-гадовы жыхар абласнога цэнтра завіхаўся ў сваім гаражы, калі міма праходзіў 42-гадовы мужчына. Апошні заўважыў унутры памяшкання цэглу і іншыя будаўнічыя матэрыялы, вярнуўся праз некаторы час і ўзламаў навясныя замкі. Усе скрадзеныя матэрыялы ён прадаў трэцяй асобе, але яго ўдалося затрымаць праваахоўнікам. Сума шкоды сягае 5 000 рублёў. Цяпер супраць непрацуючага і раней не судзімага магілёўца ўзбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Дачніцу ў Бабруйску абакраў “прафесійны жабрак” – і патраціў два даляры

Неаднаразова судзімы мужчына часта стаяў на паперці Свята-Іверскага храма ў бабруйскім мікрараёне Кісялевічы, пагэтаму запомніўся прыхаджанам і служыцелям царквы. 

Як паведамляе komkur.info, у пачатку лістапада адна з мясцовых жыхарак вярталася з лецішча на ровары і вырашыла зайсці ў храм. Яна прыпаркавала веласіпед каля царкоўнай агароджы, дастала з заплечніка грошы каб зрабіць пакупкі ў свячной лаўцы, а сам заплечнік таксама пакінула на вуліцы. За маніпуляцыямі жанчыны назіраў 42-гадовы “прафесійны” жабрак, які раней ужо адбываў пакаранне за крадзёж.

Дачакаўшыся, калі жанчына зойдзе ў царкву, жабрак парыўся ў яе заплеччніку і скраў з яго кашалёк, мабільнік, прадукты і швэдар. Жанчына заўважыла прапажу толькі дома. У той жа дзень праваахоўнікі адшукалі злачынцу. Высветлілася, што амаль усе скрадзеныя рэчы засталіся пры ім, жабрак паспеў патраціць толькі два даляры з кашалька жанчыны. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Магілёвец пакінуў гаманец і тэлефон на скамейцы, іншы магілёвец іх, канечне, забраў

Знойдзены кашалёк перастаў быць прыкметай удачлівасці – у гэтым пераканаўся 33-гадовы жыхар абласнога цэнтра, калі на скамейцы каля крамы знайшоў чужыя грошы і тэлефон. Забраўшы і тое і другое, раней не судзімы рабочы аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў проста пайшоў да сябе дахаты. Як высветлілася, гаманец з 1 600 рублёў і мабільнік за 900 на гэтым месцы пакінуў 31-гадовы жыхар горада. Ён тэрмінова вярнуўся ў краму для вырашэння канфліктнай сітуацыі з іншым пакупніком. Супраць мужчыны, які прысабечыў чужую ўласнасць, узбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар

Бізнэсмен у Магілёве вывез чужы пагрузчык сярод белага дня, хоць яго спрабавалі спыніць

48-гадовы магілёвец скраў пагрузчык свайго дзелавога партнера, у якога раней набыў прадпрыемства – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС. 

Папярэдні ўладальнік прадпрыемства не паспеў вывезці сваё абсталяванне з ужо прададзенага аб’екта. Гэтым скарыстаўся пакупнік бізнэса, які распарадзіўся вывезці пагрузчык коштам 8 тысяч рублёў на свой іншы аб’ект. 

Работнікі прадпрыемства спрабавалі спыніць адкрыты крадзёж, але безвынікова. Супраць бізнэсмена, які завалодаў чужой маёмасцю, узбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры. Пагрузчык вернуты ўладальніку.

 

Жанчына распрадала сядзібу сваякоў пад Бабруйскам – і дом па частках, і тэхніку, і нават плот

Гаспадары дома рэдка прыяжджалі на радзіму з Расіі, а махлярка высылала ім старыя фотаздымкі каб пераканаць, што ўсё ў парадку.

45-гадовая жыхарка Бабруйскага раёна знайшла ключы ад дачнага доміка сваіх родных у сядзібе маці, калі тая памерла ў 2020 годзе. Раней асуджаная за махлярства і прысваенне чужой уласнасці, жанчына стала пастаянна наведвацца на прысядзібны ўчастак сваякоў – паведамілі прадстаўнікі Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці агенцтву БелТА.

Падчас візітаў жанчына паступова распрадавала маёмасць сваіх родных, выкладаючы паведамленні пра продаж на папулярнай інтэрнэт-пляцоўцы. 

– Інструменты, газонакасілку, трымер, бетонамяшалку і мэблю яна рэалізавала праз віртуальную гандлёвую пляцоўку, затым пайшлі ў ход будаўнічыя матэрыялы, з якіх быў пабудаваны прысядзібны домік, і заборная агароджа – расказала агенцтву БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Таццяна Старасотнікава.

З уласнікамі сядзібы звязаліся прадстаўнікі сельскага савета, калі на ўчастку ўтварылася пустка, якая праз дэмантаж агароджы і збудавання стала небяспечнай для жыхароў населенага пункта. Супрацоўнікі сельсавета прадманстравалі рэальны стан дачнага ўчастка на фотаздымках гаспадарам, якія даўно не прыяжджалі ў Беларусь з Расіі.

45-гадовая жанчына, што падазраецца ў махлярстве, спрабавала пераканаць сваякоў, што з іх уласнасцю нічога не здарылася. Дзеля гэтага яна высылала ім старыя фотаздымкі сядзібы, якія зрабіла да продажу маёмасці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Крадзёж.

фота з адкрытых крыніц

Брыгадзіра ў Кіраўскім раёне падазраюць у крадзяжы 79 галоў ската

Бабруйская міліцыя выявіла партыю буйнога рагатага ската, якую перавозілі на прыватнай аўтамашыне па трасе Бабруйск-Мозыр, паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Шсць бычкоў, якіх спрабавалі вывезці з Магілёўскай вобласці, мелі біркі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Кіраўскага раёна. 

У ходзе следчых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што брыгадзір  аграпрамысловага комплекса разам з саўдзельнікамі на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў жывёл гаспадаркі. Патэнцыйныя пакупнікі прыязджалі па начах на ферму і забіралі жывёлу, за якую разлічваліся наяўнымі грашыма па заніжаным кошце. Толькі адзін 28-гадовы прадпрымальнік з Магілёва з верасня па лістапад купіў такім чынам 54 асобіны буйной рагатай жывёлы.

Усяго ў гаспадарцы выяўлены недахоп у 79 галоў ската на агульную суму больш за 160 000 рублёў. Заведзена крымінальная справа.