Дзень у гісторыі. 2 снежня. Выхадцам з Магілёўшчыны адліта Цар-гармата. Утварэнне Бізоніі. Нарадзіліся гетман Януш Радзівіл, філосаф Анёл Доўгірд

Дзень у гісторыі. 2 снежня. Выхадцам з Магілёўшчыны адліта Цар-гармата. Утварэнне Бізоніі. Нарадзіліся гетман Януш Радзівіл, філосаф Анёл Доўгірд

Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства (International Day for the Abolition of Slavery).  

У гэты дзень у 1949 годзе ААН прыняла «Канвенцыю аб барацьбе з гандлем людзьмі і эксплуатацыяй прастытуцыі трэцімі асобамі”.

На жаль, на сенняшні дзень праблема застаецца актуальнай, а пытанні гандлю людзьмі паўстаюць у самых розных, нават добра забяспечаных краінах.

Паводле ацэнак ААН, ахвярамі сучаснага рабства сталі больш за 40 мільёнаў чалавек. Напрыклад, у Індыі на сёння самая вялікая колькасць рабоў у свеце – тут больш за 18 мільёнаў чалавек усё яшчэ знаходзяцца ў кайданах рабства.

Акрамя таго, гэты дзень таксама важны для спынення эксплуатацыі жанчын, якія сталі ахвярамі сексуальнага гвалту ў імя працы. Для таго, каб даць простае жыццё жанчынам і дзецям, неабходна прыкладаць пастаянныя намаганні, каб спыніць гэта.

«Чым большай свабодай мы карыстаемся, тым большую адказнасць мы нясем як перад іншымі, так і перад самімі сабой» (Оскар Арыяс Санчэс).

 

1586 год. Майстар Андрэй Чохаў скончыў адліўку Цар-гарматы.

Вялікая верагоднасць, што майстар паходзіць з Літвы, з Магілёўшчыны. Сваё навучанне ліцейнай прафесіі ён пачаў падлеткам у гарматнага майстра Кашпіра Ганусава ў Быхаўскай людвісарні.

За 60 гадоў працы Чохаў стварыў больш за 20 цяжкіх гармат.

Цар-гармата – спецзаказ цара Фёдара (сын Івана Жахлівага) і стваралася на маскоўскім Гарматным двары па задумцы Барыса Гадунова.

Даўжыня гарматы больш за 5 м, дыяметр ствала – 1,20 м. Вага 40 тон. Калібр снарада дасягаў 890 мм, тэарэтычна прылада магла страляць ядрамі дыяметрам амаль 1 м. 

Гармату з Гарматнага двара на Красную плошчу цягнулі 200 коней. 

Гармата павінна была сімвалізаваць ваенную моц рускай дзяржавы, ахоўваць Пакроўскі сабор і Спаскія вароты, садзейнічаць папулярнасці Барыса Гадунова. 

Адзіны раз яе прывялі ў баявую гатоўнасць у 1591 годзе, калі да Масквы наблізіліся войскі Казы-Гірэя.

З гарматы ні разу не стралялі, бо яе не дарабілі: унутраная частка ствала не была зачышчана пасля адліўкі, і ў ім меліся наплывы да 20 мм.

Цар-гармата Чохава занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

1612 год. Нарадзіўся Януш Крыштаф Радзівіл

Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі, ваявода віленскі. Князь Свяшчэннай Рымскай Імперыі.

Меў багатыя маёнткі, трымаў староствы, у тым ліку Мсціслаўскае.

Абаронца кальвінізму.

Удзельнік Смаленскай вайны, кампаній супраць казакаў. Пад Лоевым у 1649 і 1651 гадах разбіў казакаў Крэчаўскага і Нябабы. 

Атрымаў перамогу над рускімі войскамі ў бітве пад Шкловам 12 жніўня 1654 і паражэнне ў бітве пад Шапялевічамі 24 жніўня 1654. Паранены, ледзь пазбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава. У студзені 1655 года спрабаваў адбіць Магілёў.

Прыхільнік незалежнасці ВКЛ. Неяк у прысутнасці манарха кінуў польскім сенатарам: «Прыйдзе час, паны-палякі да дзвярэй не патрапяць – праз вокны іх выкідваць будзем».

Стаўшы ў 1654 годзе вялікім гетманам, засяродзіў у сваіх руках практычна ўсю ўладу ў Вялікім Княстве.

Пасля заняцця маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 года большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складанне уніі з шведскім каралём Карлам Густавам, якая была падпісаная 17 жніўня 1655 года ў Кейданах. Аднак акт Кейданскай уніі не быў ажыцёўлены. Супраць Я. Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай верных сіл ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, абложаны войскам Паўла Сапегі, адданым каралю. Неўзабаве памёр. Паводле некаторых звестак, быў атручаны, бо на целе выступілі плямы.

 

1776 год. У Мсціслаўскім павеце нарадзіўся Анёл Доўгірд

Беларуска-польскі філосаф, логік, псіхолаг, педагог. Доктар тэалогіі. Член-карэспандэнт Варшаўскай акадэміі навук.

Вучыўся ў езуіцкіх школах у Мсціславе, Магілёве, піярскіх навучальных установах, Віленскай акадэміі. Святар-піяр.

Выкладчык геаграфіі, матэматыкі, фізікі, французскай мовы, паэтыкі і рыторыкі ў розных піярскіх навучальных установах, прафесар Віленскага ўніверсітэта і духоўнай акадэміі.

Мецэнат. У 1812 годзе апекваў параненых і хворых салдат.

Сваю вялізную бібліятэку ахвяраваў Духоўнай акадэміі.

Паводле сведчання студэнтаў і прафесараў дэманстраваў вялікую дасведчанасць у навуках, асабліва ў філасофіі. Сярод яго студэнтаў быў і Адам Міцкевіч.

Аўтар даследаванняў па філасофіі Канта, логіцы, псіхалогіі. Пісаў вершы, цікавіўся эстэтыкай і крытыкай.

Памёр у 1835 годзе.

 

1879 год. нарадзіўся Фелікс Стацкевіч

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч.

Скончыў Пецярбургскі універсітэт.  Быў сасланы за рэвалюцыйную дзейнасць. 

Працаваў у прафсаюзных арганізацыях, у Наркамасветы ЛітБелССР,  дырэктарам Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, старшынёй Галоўнай управы Таварыства беларускай школы,  рэдактарам часопіса «Беларускі летапіс». Арыштоўваўся польскімі ўладамі.

У 1939-1941 гадах настаўнік у Вілейцы і Клецкім раёне. У Другую сусветную вайну працаваў суддзёй у г. Смаргонь, у 1944-1949 – у музеі Пушкіна ў Мяркучай пад Вільняй.

У 1949 арыштаваны і зняволены. Пасля вызвалення ў 1950-я гады  жыў у Вільні.

Актывіст руху эсперантыстаў. Склаў «Эсперанта-беларускі слоўнік». Пераклаў на мову эсперанта кнігу Л. Петражыцкага «Тэорыя права і маральнасць».

Аўтар успамінаў пра ўдзел у рэвалюцыйным руху.

Памёр 21 чэрвеня 1967 года. Пахаваны на Віленскіх Свята-Еўфрасіннеўскіх могілках.

 

1887 год. Нарадзіўся Уладзімір Пракулевіч.  

Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, журналіст, юрыст.

Працаваў суддзёй у Слуцку. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920 года.

Жыў у Вільне, Коўна, уваходзіў у склад Віленскага Белнацкама. Са жніўня 1923 года –  дзяржаўны сакратар Урада БНР.

З канца 1923 года працаваў у Празе у нацыянальных арганізацыях беларускай эміграцыі. Удзельнік 2-й Берлінскай беларускай палітычнай канферэнцыі.

У маі 1926 года вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, у 1932 годзе асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Паўторна арыштаваны НКУС у 1938 годзе. Расстраляны 20 жніўня 1938 года пад Свярдлоўскам (цяпер Екацярынбург).

 

1902 год. Нарадзіўся Анатоль Вольны (Ажгірэй). 

Беларускі паэт, празаік, кінадраматург, журналіст. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі ў 1921 годзе працаваў у ЦК ЛКСМБ, газеце «Малады араты». Член літаб’яднанняў «Маладняк», «Полымя».

Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай прозе.

Аўтар зборнікаў паэзіі, раманаў, аповесцей, кнігі гумарэсак і фельетонаў, п’ес, драматызаваных агітжартаў, камедый.

Па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы «Хвоі гамоняць», «Гатэль „Савой“», «У агні народжаная», «Сонечны паход», «Новая радзіма» і іншыя.

Арыштаваны ДПУ ў 1936 годзе, расстраляны 29 кастрычніка 1937 года

Фота: Анатоль Вольны і Міхась Чарот, 1925.

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро, на працягу 2 снежня паміж рэкамі Сож і Дняпро, на паўночны захад ад Гомеля, савецкія войскі “занялі больш за 80 населеных пунктаў. Сярод іх буйныя населеныя пункты Канава, Званец, Стары Доўск, Кляцішча, Петравічы, Хізава, Бераставец, Меркулавічы, Галавачы, Лазоў, Негаўка, Бронніца, Забаб’е, Губічы, Дзядоў Курган, Несоеў, Мікалаеў… Знішчана да 1500 нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіта і спалена 26 танкаў і 2 бронемашыны. У раёне ніжняй плыні ракі Прыпяць войскі занялі Ніжні Млынок, Завойць, Смалегаў, Буда, Будкі, Галоўчыцы, Грушаўку, Антонаў…  знішчылі да батальёна гітлераўцаў, падбілі 5 танкаў і 3 бронемашыны”.

 

1946 год. Утварэнне Бізоніі. Дамова аб аб’яднанні акупацыйных зон Германіі, якую падпісалі Вялікабрытанія і ЗША ў Нью-Ёрку.

У 1946 годзе СССР прыпыніў дастаўку сельскагаспадарчых прадуктаў са сваёй зоны ў заходнія рэгіёны Нямеччыны. Амерыканская ваенная адміністрацыя спыніла транзітныя перавозкі і дастаўку абсталявання з фабрык і заводаў Рурскай вобласці ў савецкую зону. У выніку пачаў развівацца сур’ёзны крызіс кіравання.

Амерыканская і брытанская зоны акупацыі былі аб’яднаны пад назвай “Бізонія” (Бі – два). Пасля таго, як ЗША і Вялікабрытанія пачалі ствараць дэмакратычныя органы ўлады ў сваёй аб’яднанай зоне акупацыі, Францыя 8 красавіка 1949 года далучыла да яе сваю зону. Амерыкана-англійская Бізонія ператварылася ў Трызонію, з якой 7 верасня 1949 года ўтварылася Федэратыўная Рэспубліка Германія. У адказ 7 кастрычніка 1949 года з савецкай зоны акупацыі ўтварылася Германская Дэмакратычная Рэспубліка.

1953 год. Нарадзіўся Аляксандр Фінскі

Беларускі скульптар. Аўтар твораў у манументальнай і станковай скульптуры, пластыцы малых форм, медальерным мастацтве. Прафесар кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Полацкім гісторыка-культурным запаведніку, мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея.

Вядомы, галоўным чынам, па творах: рэльеф «Максім Багдановіч» для бібліятэкі імя М. Багдановіча, “Калыска” ў парку імя Янкі Купалы, мемарыялы «Чырвоны Бераг»,  «Яма. Мінскае гета», помнікі Сімяону Полацкаму ў Полацку, А. Міцкевічу ў Мінску, Максіму Танку ў Мядзеле, скульптурныя кампазіцыі для Нацыянальнага тэатра оперы і балета, кампазіцыі «Беларускія святы» у Дортмундзе, «Анёл-ахоўнік» у парку Нясвіжа.

 

1953 год. Нарадзіўся Мікола Рыжы

Беларускі мастак, ілюстратар

Афарміцель больш за 60 кніг, сярод якіх «Блікі сонца» Максіма Танка, «Рэпартаж з пятлей на шыі» Ю. Фучыка, «Маўглі» Кіплінга, «Вужовы кароль» Ул. Ягоўдзіка, «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Ул. Бутрамеева, казак, дзіцячых падручнікаў.

Працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі, нацюрморта, малых форм і экслібрыса. Мастак падараваў мінскаму Музею сучаснага выяўленчага мастацтва 40 сваіх экслібрысаў.

Сапраўдны майстар паштовай мініяцюры. Распрацаваў больш за 200 арыгінал-макетаў паштовых марак, мастацкіх капэрт і картак.

Аўтар серый марак, якія прысвечаны паўстанню 1794 года, 480-годдзю Беларускага друку, 120-ці і 125-годдзю з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа.

Намаляваў графічную серыю партрэтаў землякоў-адраджэнцаў 1920-1930-х гадоў: К. Езавітаў, А. Бярозка, А. Калубовіч, А. Смоліч, В. Захарка, В. Ластоўскі, Р. Астроўскі, Я. Кіпель.

Памёр 30 сакавіка 2017 года.

 

1959 год. Нарадзіўся Міхал Андрасюк

Беларускі пісьменнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы.

Працаваў настаўнікам, у беластоцкай рэдакцыі Радыё «Рацыя», вядучым тэлеканала «Белсат».

Аўтар вершаў, зборнікаў апавяданняў, кніг прозы, аповесцей.

Лаўрэат літаратурнай прэміі прэзідэнта  Беластока імя Веслава Казанецкага, прэміі імя Ежы Гедройца, літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес».

 

1987 год. Памёр ураджэнец Мінска Якаў Зяльдовіч

Савецкі фізік, фізіка-хімік. Акадэмік АН СССР. Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы. Доктар фізіка-матэматычных навук.

Адзін са стваральнікаў атамнай (1949) і вадароднай (1953) бомб у СССР.

Аўтар прац па дэтанацыі, апісанню працэсаў гарэння, ядзернай фізіцы, астрафізіцы, гравітацыі.

Зяльдовіч і Солпітэр у 1964 годзе першымі і незалежна адзін ад аднаго выказалі здагадку, што крыніцамі энергіі квазараў служаць акрэцыйныя дыскі вакол масіўных чорных дзір.

У працах па касмалогіі асноўнае месца займала праблема ўтварэння буйнамасштабнай структуры Сусвету. Даследаваў пачатковыя стадыі пашырэння Сусвету.

Пабудаваў тэорыю ўзаемадзеяння гарачай плазмы пашыраемага Сусвету і выпраменьвання, стварыў тэорыю росту ўзмучэнняў у «гарачым» Сусвеце ў ходзе касмалагічную пашырэння, разгледзеў некаторыя пытанні, звязаныя з узнікненнем галактык у выніку гравітацыйнай няўстойлівасці гэтых узмучэнняў, паказаў, што ўзнікаюць утварэнні высокай шчыльнасці, якія з’яўляюцца, верагодна, протаскопішчамі галактык, маюць плоскую форму.

Дзень у гісторыі: 17 жніўня. Падпісанне Кейданскай уніі. Пабачыў свет першы нумар часопісу «Наша гісторыя». Бальшавіцкая Расія не дамовіліся з Польшчаю пра дзяржаўную мяжу, якая праходзіла па Беларусі

1655 год. Падпісаная Кейданская унія.

Яе ўдзельнікамі з аднаго боку былі ўплывовыя саслоўі Вялікага Княства Літоўскага, ачоленыя вялікім гетманам Янушам Радзівілам, а з другога – кароль Швецыі Карл X. Літоўская магнатэрыя спадзявалася, што ў выніку падпісання ўніі будзе ўтвораная канфедэрацыя Швецыі і Вялікага Княства Літоўскага.

Тады на абшарах Вялікага Княства трывала спусташальная вайна, якую распачалі маскоўцы. Кейданскага ўнія была спробаю ўратаваць краіну ад патопу. Польшча не змагла абараніць Вялікае княства ад маскоўцаў. Неўзабаве і сама была атакаваная Швецыяй.

Большасць магнатаў і шляхты Вялікага Княства Літоўскага не падтрымалі новы саюз. Іх не задавальняла ліквідацыя выбараў караля і патрабаванне Швецыі ваяваць супраць Польшчы.

Фактычна, унія спыніла сваё дзеянне са смерцю Януша Радзівіла, у тым жа 1655 годзе. Мяркуюць, што яго атруцілі.

1857 год. Нарадзіўся Ян Цепляк.

Каталіцкі царкоўны дзеяч Беларусі.

Старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, генеральны вікарый Магілёўскай архідыяцэзіі, апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі.

За абарону правоў касцёлу быў арыштаваны савецкімі ўладамі і зняволены. У 1923 годзе засуджаны да смяротнага пакарання, якое пазней замянілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1924 дэпартаваны ў Латвію, адкуль выехаў у Польшчу, потым у Рым.

На даручэнне Рымскага папы Пія XI ў 1925 годзе выехаў у ЗША для візітацыі польскіх парафій. Там атрымаў паведамленне аб прызначэнні на віленскую мітраполію, але напярэдадні ўрачыстага прыняцця кафедры памёр.

1907 год. Нарадзіўся Здзіслаў Стома.

Актор тэатру і кіно. Народны артыст савецкай Беларусі

У яго акторскім даробку – каля 500 роляў. Асаблівай вышыні дасягнуў у стварэнні нацыянальных беларускіх вобразаў. Іграў ролю Быкоўскага ў Купалавай «Паўлінцы»

1920 год. Пачаліся перамовы аб міры паміж бальшавіцкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай (Польшчаю).

Праходзілі перамовы ў Мінску.

Расія дамагалася ад палякаў прызнаць мяжу між краінамі па лініі Керзона (па гэтай лініі, з невялікімі адхіленнямі, праходзіць цяперашняя мяжа між Беларуссю і Польшчай, яе зацвердзілі ў 1947 годзе).

Саветы патрабавалі ад Польшчы скарачэння ўзброеных сілаў. Польская дэлегацыя не прыняла такіх умоваў і пакінула перамовы.

Неўзабаве бальшавіцкая Расія атакавала Польшчу, але няўдала. Польскія войскі адагналі бальшавікоў, а пазней мяжа прайшла пасярэдзіне Беларусі.

1934 год. Створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер.

У ім утрымлівалі «асобаў, якія ствараюць пагрозу бяспецы, спакою і грамадскаму парадку» у Польшчы.

У лагеры дазвалялася ўтрымліваць людзей да трох месяцаў без суда, выключна па адміністрацыйным рашэнні паліцыі або кіраўніка ваяводства.

Сярод нявольнікаў лагеру было шмат актывістаў беларускіх арганізацыяў.

2018 год. Выйшаў першы нумар часопісу «Наша гісторыя».

Выдаўцом гістарычнага навукова-папулярнага ілюстраванага штомесячнага выдання выступіла рэдакцыя інтэрнэт-партала «Наша Ніва».

Першы нумар выйшаў 17 жніўня 2018 года. Наклад быў раскуплены за некалькі дзён, таму быў дадрукаваны дадатковы наклад.

У 2021 гаду распаўсюд часопісу спынілі «Белсаюздрук», «Белкніга», «Акадэмкніга», «Белпошта».

8 ліпеня 2021 году арыштавалі Андрэя Дынько, які быў галоўным рэдактарам выдання. Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітычным вязнем.  21 ліпеня 2021 году вызвалены.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў