Дзень у гісторыі: 17 жніўня. Падпісанне Кейданскай уніі. Пабачыў свет першы нумар часопісу «Наша гісторыя». Бальшавіцкая Расія не дамовіліся з Польшчаю пра дзяржаўную мяжу, якая праходзіла па Беларусі

1655 год. Падпісаная Кейданская унія.

Яе ўдзельнікамі з аднаго боку былі ўплывовыя саслоўі Вялікага Княства Літоўскага, ачоленыя вялікім гетманам Янушам Радзівілам, а з другога – кароль Швецыі Карл X. Літоўская магнатэрыя спадзявалася, што ў выніку падпісання ўніі будзе ўтвораная канфедэрацыя Швецыі і Вялікага Княства Літоўскага.

Тады на абшарах Вялікага Княства трывала спусташальная вайна, якую распачалі маскоўцы. Кейданскага ўнія была спробаю ўратаваць краіну ад патопу. Польшча не змагла абараніць Вялікае княства ад маскоўцаў. Неўзабаве і сама была атакаваная Швецыяй.

Большасць магнатаў і шляхты Вялікага Княства Літоўскага не падтрымалі новы саюз. Іх не задавальняла ліквідацыя выбараў караля і патрабаванне Швецыі ваяваць супраць Польшчы.

Фактычна, унія спыніла сваё дзеянне са смерцю Януша Радзівіла, у тым жа 1655 годзе. Мяркуюць, што яго атруцілі.

1857 год. Нарадзіўся Ян Цепляк.

Каталіцкі царкоўны дзеяч Беларусі.

Старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, генеральны вікарый Магілёўскай архідыяцэзіі, апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі.

За абарону правоў касцёлу быў арыштаваны савецкімі ўладамі і зняволены. У 1923 годзе засуджаны да смяротнага пакарання, якое пазней замянілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1924 дэпартаваны ў Латвію, адкуль выехаў у Польшчу, потым у Рым.

На даручэнне Рымскага папы Пія XI ў 1925 годзе выехаў у ЗША для візітацыі польскіх парафій. Там атрымаў паведамленне аб прызначэнні на віленскую мітраполію, але напярэдадні ўрачыстага прыняцця кафедры памёр.

1907 год. Нарадзіўся Здзіслаў Стома.

Актор тэатру і кіно. Народны артыст савецкай Беларусі

У яго акторскім даробку – каля 500 роляў. Асаблівай вышыні дасягнуў у стварэнні нацыянальных беларускіх вобразаў. Іграў ролю Быкоўскага ў Купалавай «Паўлінцы»

1920 год. Пачаліся перамовы аб міры паміж бальшавіцкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай (Польшчаю).

Праходзілі перамовы ў Мінску.

Расія дамагалася ад палякаў прызнаць мяжу між краінамі па лініі Керзона (па гэтай лініі, з невялікімі адхіленнямі, праходзіць цяперашняя мяжа між Беларуссю і Польшчай, яе зацвердзілі ў 1947 годзе).

Саветы патрабавалі ад Польшчы скарачэння ўзброеных сілаў. Польская дэлегацыя не прыняла такіх умоваў і пакінула перамовы.

Неўзабаве бальшавіцкая Расія атакавала Польшчу, але няўдала. Польскія войскі адагналі бальшавікоў, а пазней мяжа прайшла пасярэдзіне Беларусі.

1934 год. Створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер.

У ім утрымлівалі «асобаў, якія ствараюць пагрозу бяспецы, спакою і грамадскаму парадку» у Польшчы.

У лагеры дазвалялася ўтрымліваць людзей да трох месяцаў без суда, выключна па адміністрацыйным рашэнні паліцыі або кіраўніка ваяводства.

Сярод нявольнікаў лагеру было шмат актывістаў беларускіх арганізацыяў.

2018 год. Выйшаў першы нумар часопісу «Наша гісторыя».

Выдаўцом гістарычнага навукова-папулярнага ілюстраванага штомесячнага выдання выступіла рэдакцыя інтэрнэт-партала «Наша Ніва».

Першы нумар выйшаў 17 жніўня 2018 года. Наклад быў раскуплены за некалькі дзён, таму быў дадрукаваны дадатковы наклад.

У 2021 гаду распаўсюд часопісу спынілі «Белсаюздрук», «Белкніга», «Акадэмкніга», «Белпошта».

8 ліпеня 2021 году арыштавалі Андрэя Дынько, які быў галоўным рэдактарам выдання. Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітычным вязнем.  21 ліпеня 2021 году вызвалены.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў