Гісторыя магілёўца Яўгена Бойкі – ад фалькларыста да палітвязня

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома аб асуджэнні за салідарнасць з палітвязнямі магілёўца Яўгена Бойкі. Сябры палітзняволенага ўпэўнены – яго руплівасць на карысць беларушчыны перажыве ўсё выпрабаванні, якія яму нясе лёс.

37-гадовы магілёвец Яўген Бойка — чалавек рэдкай шматграннасці, піша “Наша ніва”. Ён быў актывістам, збіральнікам фальклору, грамадскім дзеячам, бацькам двух сыноў і ініцыятарам беларусізацыі ў дзіцячых садках. Але ў верасні 2024 года яго затрымалі, а ў чэрвені 2025-га прысудзілі да пяці гадоў узмоцненага рэжыму – за дапамогу палітвязням. Блізкія кажуць: яго караюць за шматгадовую прысутнасць у актыўным беларускім грамадстве.

Яўген нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся на гісторыка ў МДУ, захапіўся этнаграфіяй, ездзіў у экспедыцыі, супрацоўнічаў са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. У архіве яго аўдыёзапісаў – сведчанні больш як 100 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі: былыя сяляне, ліквідатары ЧАЭС, людзі, якія захоўвалі традыцыі і мову.

Яго выключылі з універсітэта пасля спробы абараніць аднакурсніцу падчас візіту КДБ. Ён удзельнічаў у вулічных акцыях, распаўсюджваў незалежныя выданні, чытаў лекцыі для моладзі, падтрымліваў ініцыятыву «Мова нанова» і вёў праект GarnySvit, дзе запісваў біяграфіі старых людзей для іх нашчадкаў. Яго ініцыятыва «Вялікая місія маленькай Ядзвігі» мела на мэце пашырыць ужыванне беларускай мовы ў садках.

Праз расчараванне ў палітыцы Яўген скіраваўся ў іншы бок: працаваў у ІТ, спрабаваў адкрыць краму ў вёсцы, пераехаў у Гомель, дзе жыў з сям’ёй. Але пасля 2020 года, калі беларуская адукацыя зноў апынулася пад ціскам, ён зноў вярнуўся да культурніцкіх праектаў і ўдзелу ў грамадскіх ініцыятывах.

У верасні 2024-га Яўгена затрымалі. Па інфармацыі «Белпола», за ім лічыцца дзевяць адміністрацыйных спраў. Яго звязалі з дапамогай фондам палітвязняў, і хоць удзел у палітыцы ён нібыта спыніў, мінулая біяграфія зрабіла яго мішэнню. 12 чэрвеня 2025 года Мінскі гарадскі суд прызначыў яму найцяжэйшае пакаранне з усіх абвінавачаных у гэтай справе.

«Ён заўжды казаў, што будзе прасвятляць беларусаў нават тады, калі ім гэта будзе не патрэбна», – узгадваюць сябры. Яўген за кратамі, але яны вераць, што яго беларушчына жыве і там – натхняе тых, хто побач.

Нагадаем, што 20 снежня 2024 года на праўладных медыя з’явілася відэа, у якім прапагандысты казалі пра затрыманых людзей па справе супрацы з Фондамі дапамогі. У выніку гэтай аперацыі на лаве падсудных апынуліся тры чалавекі, якіх затрымалі ў жніўні і верасні 2024 года. Справу супраць іх пачалі разглядаць 30 траўня 2025 года ў Менскім гарадскім судзе. 12 чэрвеня былі агучаны прысуды. Яўгену Бойку прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота: ПЦ “Вясна”

Магілёўскі актывіст Яўген Бойка атрымаў пяць гадоў узмоцненага рэжыму

Стала вядома пра прысуд тром людзям, абвінавачаным у салідарнасці з палітвязнямі. 12 чэрвеня Мінскі гарадскі суд асудзіў іх на тэрміны ад 2 да 5 гадоў, піша Dissident.by. Найбольшы тэрмін і самы жорсткі прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму – атрымаў магілёвец Яўген Бойка.

Яўген Бойка добра вядомы ў Магілёве як удзельнік творчых актыўнасцяў у сферы нацыянальнага адраджэння – ён браў удзел у курсах “Мова Нанова”, у разнастайных спеўных ініцыятывах. У 2008 годзе ён быў адлічаны з трэцяга курса Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова, што было звязана з яго грамадскай дзейнасцю. Яўген тады імкнуўся забяспечыць адваката на сустрэчу супрацоўніка КДБ са студэнткай гэтага універсітэта, за што атрымаў вымову ад дэканата – пісала “Вясна”. Пазней Бойка атрымаў гістарычную адукацыю ва ўніверсітэце ў Познані, а таксама стаў ІТ-спецыялістам. 

Яўген Бойка быў затрыманы, прыблізна, у верасні 2024 г. – паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавачвалі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

20 снежня 2024 года на праўладных медыя з’явілася відэа, у якім прапагандысты казалі пра затрыманых людзей па справе супрацы з Фондамі дапамогі. У выніку гэтай аперацыі на лаве падсудных апынуліся тры чалавекі, якіх затрымалі ў жніўні і верасні 2024 года. Справу супраць іх пачалі разглядаць 30 траўня ў Мінскім гарадскім судзе. 12 чэрвеня 2025 г. былі агучаны прысуды. Яўгену Бойку прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Фота з сацыяльных сетак Яўгена Бойкі