У магілёўскім Сараканайску пракуратура выкапала косці ахвяр Халакосту ды так і пакінула

Верагодна, у хуткім часе сюды пачнуць прыводзіць школьнікаў, як у музей пад адкрытым небам, і расказваць пра “генацыд беларускага народа”.

Карыстальнік папулярнай суполкі ў Facebook “Магілёў – горад, які быў…” Сяргей Шышкоў апублікаваў фотаздымкі з раскопак у лясным масіве ў Сараканайску – гэта прыватны сектар на заходняй ускраіне абласнога цэнтра, каля Казіміраўкі. На здымках бачна, што раскапаная была вялікая траншэя, даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў. На дне траншэі – рэшткі чалавечых ахвяр. На гэты момант чалавечыя косці так і застаюцца ляжаць пад адкрытым небам, а тэрыторыя раскопак агароджаная засцерагальнай стужкай.

Сараканайск

Гэты лес – месца масавых растрэлаў яўрэяў у 1941 годзе, таму, найбольш верагодна, што гэтае месца якраз ёсць брацкай магілай ахвяр Халакосту. Больш дакладна гэта можна будзе высветліць па прадметным шэрагу, што суправаджае пахаванне. Рэшткі вопраткі, абутку, асабістыя рэчы могуць даць інфармацыю пра дакладны час пахавання, і нават пра нацыянальны склад ахвяр. 

Сараканайск косці

Аднак, прадбачым, што па нядаўняй беларускай традыцыі, месца смутку і жалобы ператворыцца ў інструмент ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва. Сюды, відаць, ужо ў хуткім часе пачнуць вадзіць школьнікаў, каб расказаць ім пра “генацыд беларускага народа” падчас Другой Сусветнай вайны, ігнаруючы тэму Халакосту – як гэта ўжо робіцца ў Палыкавічах.

Фота: “Магілёў – горад, які быў…”

Супраць Анатоля Ісачанкі могуць узбудзіць справу ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе

Як нядаўна стала вядома, Савет Еўропы запусціў працэс стварэння спецтрыбунала па Украіне. Пра прыцягненне ў рамках гэтай справы да Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе беларускіх топ-чыноўнікаў, замяшаных у агрэсіі Расіі супраць Украіны і генацыдзе ўкраінскіх дзяцей, у сваім інтэрв’ю “Еўрарадыё” расказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка. 

Паводле палітыка, намаганні каманды юрыстаў-міжнароднікаў, што працуюць у Народным антыкрызісным упраўленні, накіраваныя на тое, каб далучыць беларускіх чыноўнікаў да спецрасследавання, якое праводзіцца ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці падчас расійска-украінскай вайны Гаагскім трыбуналам. Пад разгляд суда трапляе не толькі сама ваенная агрэсія, саўдзел Беларусі ў якой заключаўся ў прадстаўленні сваёй тэрытоыі. 

Гаворка вядзецца таксама пра генацыд украінскіх дзяцей, якіх паміма іх волі вывозілі з радзімы, мэтанакіравана мянялі ім ментальнасць. Частка гэтых злачынстваў называецца “выкараненне ідэнтычнасці”, і некаторыя з іх праходзілі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. 

Нагадаем, што ў спіс беларускіх арганізацый, звязаных з уздзеяннем на псіхіку ўкраінскіх дзяцей, уваходзяць дзве ўстановы з Магілёўскай вобласці. Гэта дзіцячы лагер “Дубравенка”, які ўваходзіць у структуру Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, і лагер “Зара”, падпарадкаваны булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай” – пісалі mogilev.media.

Акрамя ўласна Аляксандра Лукашэнкі, пад юрысдыкцыю спецтрыбунала ў Гаазе могуць патрапіць – Беларускі міністр абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік Памежных войскаў у 2022 годзе, выхадзец з Бялыніччыны Анатоль Лапо, кіраўнікі Гомельскага і Магілёўскага аблвыканкамаў і іншыя беларускія чыноўнікі. 

Фота: udf.name