16 ліпеня ў гісторыі. Хіджра. Раскол Хрысціянскай царквы. Еўратунэль. Партызанскі парад. Музей гісторыі Магілёва. Трагічная маланка.

622 год. Прарок Мухамед перабраўся ў Медыну. Дзень Хіджры.

Заснавальнік ісламу Прарок Мухамед з групай сваіх паслядоўнікаў у сувязі з ганеннямі, якім падвяргалася новае веравучэнне ў яго родным горадзе, перабраўся з Мекі ў Медыну.

Дата гэтага перасялення (Хіджра – “адкачоўка”, “уцёкі”) пры халіфе Амары I прынята за пачатак мусульманскага летазлічэння.

1054 год. Раскол Хрысціянскай Царквы.

Патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый, баючыся пашырэння ўплыву каталікоў на грэцкіх хрысціян, закрыў усе лацінскія манастыры на тэрыторыі Візантыі і накіраваў у Італію ліст, у якім крытыкаваў дамаганні рымскіх першасвятароў на поўную ўладу ў хрысціянскім свеце.

У 1054 годзе для вырашэння спрэчкі папа Леў IX паслаў у Канстанцінопаль сваіх паслоў-легатаў на чале з кардыналам Гумбертам для вырашэння канфлікту. У суправаджальным лісце ён заяўляў, што ніхто не мае права крытыкаваць папу і аспрэчваць яго правы (як прамога спадчынніка апостала Пятра) на вяршэнства над усімі хрысціянамі.

Знайсці шлях да прымірэння не ўдалося, і 16 ліпеня 1054 года ў саборы Святой Сафіі ў Канстанцінопалі афіцыйныя прадстаўнікі Папы Рымскага аб’явілі аб звяржэнні Патрыярха Канстанцінопальскага Міхаіла Керуларыя і яго адлучэнні ад Царквы.

У адказ на гэта 20 ліпеня патрыярх і скліканы ім сабор адлучылі ад Царквы Папу і ягоных легатаў. Ніхто тады і ўявіць сабе не мог, што падзел, які адбыўся паміж тымі Цэрквамі, якія неўзабаве назавуць Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай, будзе доўжыцца стагоддзямі.

Так хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.

Пакінуўшы Канстанцінопаль, папскія легаты адправіліся ў Рым акруговым шляхам, каб апавясціць аб адлучэнні Міхася Кіруларыя іншых усходніх патрыярхаў. Сярод іншых гарадоў яны наведалі Кіеў, дзе сустрэліся са старажытнарускімі клірыкамі і былі прыняты пры княжым двары. Пры гэтым руская Царква захавала прыхільнасць да праваслаўя.

Папа рымскі Леў IX і патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый

1819 год. Пачалася кругасветная экспедыцыя шлюпаў “Усход” і “Мірны” пад камандаваннем М. Лазарава і Ф. Белінсгаўзена.

Мэта экспедыцыі – прабіцца як мага бліжэй да Паўднёвага полюса.

28 студзеня 1820 года адбылася сапраўды вялікая падзея – радасны крык вахтавага матроса “Зямля! Зямля!” абвясціў аб адкрыцці шостага кантынента, Антарктыды.

У пачатку жніўня 1821 года караблі шчасна вярнуліся ў Кранштадт.

1880 год. У Вялікабрытаніі прыступілі да пракладкі з боку Дуўру тунэлю пад Ла-Маншам.

На французскім беразе таксама заклалі разведвальную галерэю. Праз 2 гады, калі сумарная даўжыня падземных галерэй (дыяметр 2,8 м) з абодвух берагоў дасягнула 1 840 м, брытанскае міністэрства абароны запатрабавала неадкладнага спынення ўсіх прац, бо яны падрываюць дзяржаўную бяспеку краіны.

Да праекту вярнуліся толькі ў 1987 годзе, і 6 мая 1994 года каралева Вялікабрытаніі Лізавета II і французскі прэзідэнт Ф. Мітэран урачыста адкрылі “Еўратунэль”.

Даўжыня тунэля – каля 51 км, з іх 39 праходзяць непасрэдна пад марскім дном.

1941 год. Пачалася акупацыя Чэрыкаўскага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Немцы захапілі і Смаленск.

А абарончыя баі вакол Магілёва, тым часам, працягваліся.

1944 год. У вызваленым Мінску прайшоў Партызанскі парад.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў нядзелю 16 ліпеня на полі былога іпадрома з нагоды вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.

У парадзе ўзялі ўдзел 30 партызанскіх брыгад. Кожная брыгада мела ўласны сцяг і плакаты. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 000 партызан і 50 000 мінчукоў.

На парадзе была вялікая дэлегацыя байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі І. Чарняхоўскім.

Адкрывала парад брыгада “Народныя мсціўцы” імя В. Варанянскага. За ёй ішлі партызанскія разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі ў поўным баявым узбраенні з брыгад імя Шчорса, Чапаева, “Беларусь”, “Буравеснік”.

У калоне партызан таксама ішоў і казёл па мянушцы Малыш, які быў упрыгожаны стужкай з нямецкімі ордэнамі.

1950 год. Фінал чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі сабраў на стадыёне “Маракана” 199 854 гледача – рэкорд для спартыўных спаборніцтваў.

Тады зборная Уругвая нанесла паражэнне гаспадарам з лікам 2:1.

Увесь стадыён рыдаў, асабліва востра перажывалі гэтую сітуацыю бразільскія футбалісты і іх суайчыннікі. Бразілія фактычна пагрузілася ў жалобу. Штодня сталі паступаць паведамленні аб самагубствах. Неўзабаве журботны спіс ужо налічваў тры з лішнім сотні чалавек.

А ўрад Уругвая абвясціў 16 ліпеня нацыянальным святам.

1976 год. У ЗША памёр Ян Станкевіч (1891-1976).

Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» і іншымі.

Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады. Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.

1990 год. Вярхоўны Савет УССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. 

Украіна абвясціла свой намер стаць пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая не будзе прымаць удзел у ваенных блоках і абавязуецца выконваць тры няядзерныя прынцыпы: не прымяняць, не вырабляць і не набываць ядзернай зброі.

Дэкларацыя абвяшчала права Украіны непасрэдна рэалізаваць адносіны з іншымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі, консульскімі, гандлёвымі прадстаўніцтвамі.

З 1991 года Дзень незалежнасці Украіны сталі святкаваць 24 жніўня у гонар таго, што 24 жніўня 1991 года Вярхоўны савет УССР прыняў Акт аб абвяшчэнні незалежнасці.

1990 год. Заснаваны Музей гісторыі Магілёва.

Быў створаны віртуальна – не было ні будынка, ні фондаў, ні штата. Рэальная праца музея на базе будынка былога архірэйскага палаца на чале з першым дырэктарам Ігарам Пушкіным пачалася ў 1992 годзе. Ігар Пушкін працаваў дырэктарам у 1992-2001 гадах.

Больш за ўсё дырэктарам прабыў 7-ы дырэктар Аляксей Бацюкоў (2011-2021), пры якім праводзіліся найбольш значныя мерапрыемствы, актыўна папаўняліся фонды.

У маі 1999 года гарадскімі ўладамі выдзелена для размяшчэння службовых памяшканняў і выставачнай залы музея 1-ы паверх будынка па вул. Ленінскай, 13, дзе музей прыняў першых наведвальнікаў.

Пасля адбудовы гарадской ратушы ў 2008 годзе, музей пераведзены ў яе. У 2006  створаны філіял музея – мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».  Музей з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», якая праводзіцца з 1998 г.

1990 год. Памёр Мікалай Арэхва (1902-1990).

Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры.

Удзельнік грамадзянскай і польска-савецкай войнаў. Працаваў на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны – ў Войску Польскім.

З 1945 года працаваў у апараце дзяржбяспекі Польскай Народнай Рэспублікі.

З 1956 года працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху, Камуністычнай партыі і камсамола.

2002 год. Маланка ў Чэхіі.

Унікальнае, але ўсё роўна сумнае здарэнне адбылося ў Чэхіі. На поўдні гэтай краіны адным адзіным разрадам маланкі быў забіты цэлы статак з 22-х кароў.

У жніўні 2016 года ў Нарвегіі адным разрадам маланкі было забіта 323 алені.

 

“Еўрабачанне” у 2023 годзе пройдзе ў Ліверпулі, але ў колерах Украіны і Брытаніі

З-за агрэсіі Расіі ва Ўкраіне фінал Eurovision-2023 перанесены з Украіны ў Брытанію. Англічане робяць усё магчымае, каб даць належнае леташнім украінскім пераможцам. 

У 2022 годзе ў конкурсе перамагла ўкраінская рэп-група Калуш, таму менавіта ва Ўкраіне павінен быў прайсці фінал 2023 года. Але яшчэ ў чэрвені стала зразумела, што правесці конкурс у краіне, дзе працягваецца вайна, немагчыма. У выніку фінал конкурсу быў перанесены ў Брытанію, якая летась заняла другое месца.

Музычнае спаборніцтва пройдзе ў Ліверпулі. Арганізатары прадставілі свой лагатып у выглядзе сэрцаў у нацыянальных колерах Украіны і Брытаніі, якія “змагаюцца ва ўнісон”. Класічнае шматслойнае сэрца ў сінім, жоўтым, ружовым і фіялетавым колерах стане сімвалам шоў. Ён пройдзе пад лозунгам “Мы аб’яднаны музыкай”. 

Вялікі фінал спаборніцтваў адбудзецца на Liverpool Arena ў суботу, 13 мая, а паўфіналы 9 і 11 мая. Удзельнікі з Украіны аўтаматычна праходзяць у галоўны фінал разам з так званым “Вялікімі пяці”, у якія ўваходзіць і Вялікабрытанія. 

Украіну будзе прадстаўляць група Tvorchi (“творчыя”), якія граюць электронную музыку.

Фота ўзята з адкрытых крыніц. 

Арына Сабаленка выйграла Australian Open пад нейтральным сцягам

Беларуска Арына Сабаленка і расіянка Алена Рыбакіна, якая прадстаўляе Казахстан, упершыню прабіліся ў фінал Australian Open. У напружанай барацьбе паказаўшы характар перамагла беларуская спартсменка.

Да фіналу Сабаленка ў 2023 годзе не прайграла ніводнага матчу і не прайграла ніводнага сэта. Яна мела перад матчам паказчык перамог над Рыбакінай з лікам 4:0. Тым не менш, многія эксперты лічылі, што Рыбакіна будзе мець перавагу ў іх доўгачаканай разборцы.

Да 2023 года ў Мельбурне Рыбакіна ніколі не праходзіла далей трэцяга раўнда, але ў адрозненне ад сваёй суперніцы казахстанская спартсменка адчула смак поспеху ў адзіночным разрадзе Вялікага шлема на Уімблдоне ў 2022 годзе. Вопыт Алены Рыбакінай і павінен быў даць ёй перавагу ў фінале Australian Open.

23-гадовая Алена Рыбакіна абыграла ў паўфінале двухразовую чэмпіёнку Australian Open беларуску Вікторыю Азаранку ў двух сэтах. Казашка выйграла ў першым сэце ў Азаранкі, змагла ўтрымаць падачу пры ліку 0-40 пры ліку 5-5, а затым выйграла тайм-брэйк. У другім сэце зрабіўшы тры брэйкі яна замацавала перамогу.

Сабаленка гуляла ў сваім першым у гісторыі адзіночным фінале на буйных турнірах, але яна выйграла парны разрад разам з партнёркай Эліз Мертэнс у 2021 годзе і выходзіць у фінал адзіночнага разраду ў гэтым годзе з серыяй з дзесяці перамог. Беларуска ў 2023 годзе не прайграла ніводнага матчу і нават не прайграла сэта.

У паўфінале Сабаленка дзякуючы «добрай генетыцы» прадэманстравала ашаламляльную моц у сваёй паўфінальнай перамозе на Australian Open над Магдай Лінет. Пасля матчу Арына сказала, што спакой быў ключом да яе выхаду ў першы фінал турніру Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе. Пятая сеяная зрабіла шэсць эйсаў і 33 вінеры на шляху да пераканаўчай перамогі над Лінет з лікам 7-6 (7-1) 6-2.

Сам фінал выдаўся напружаным. Нервы падводзілі спартсменак. Першай саўладала з эмоцыямі Рыбакіна – 6:4. У другім сэце Сабаленка ўзяла рэванш, лік 6:3 на карысць Арыны.

У рашаючым сэце беларуска выйграла 6:4! У рашаючым розыгрышы Арына 4 разы падавала на фінал, але ён ёй не даваўся. І толькі затым яна атрымала даўгачаканы кубак Вялікага шлема.

Нагадаем, што ў сезоне ёсць чатыры галоўных турніра, і першы з іх выйграла беларуска праўда пад нейтральным сцягам.

Фота з адкрытых крыніц.