Дзень у гісторыі. 3 кастрычніка. Зацверджаны сігнал SOS. Дзень нараджэння пісьменніка М. Дуброўскага, паэта В. Жыбуля

Міжнародны дзень лекара (International Doctor’s Day, з 1971 года). 

Дзень салідарнасці і актыўных дзеяў лекараў ва ўсім свеце. Галоўная мэта любога лекара – паляпшэнне і захаванне здароўя насельніцтва.

У 1971 годзе пры падтрымцы кіраўнікоў усіх дзяржаў падчас старту праекта “Урачы без межаў” была заснавана Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

У Беларусі практыкуючых лекараў 52 на кожныя 10 тысяч жыхароў (Швецыя – 43, Данія – 42). 

 Сусветны дзень архітэктуры (World Day of Architecture, 1946 года) — міжнароднае прафесійнае свята архітэктараў і знаўцаў архітэктурных шэдэўраў. 

У Беларусі каля 1800 помнікаў архітэктуры, у тым ліку каля 150 ў Магілёве.

1458 год. Нарадзіўся Святы Казімір.

Каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі. 

Каталіцкі святы, патрон Вільні, апякун земляў Вялікага Княства Літоўскага, патрон Гродзенскага біскупства.

Сын Казіміра Ягелончыка. 

Кіраўнік справамі ў Польшчы (1481-1483), займаўся дабрачыннасцю.

Памёр у 1484 годзе ў Вільні.

У гонар святога праводзіцца асобная служба 4 сакавіка. У Вільні ў гэты дзень адбываецца святочны кірмаш – “Казюкас”.

1652 год. Памёр Крыштаф Хадкевіч

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага: вялікі харунжы  (1611-1623), вялікі канюшы (1623-1633), кашталян троцкі і віленскі, ваявода віленскі (1642-1652).

Быў старостам бабруйскім. 

Удзельнік войнаў з Турцыяй, Швецыяй, Расіяй. 

1786 год. У Магілёве і Полацку адкрыліся расійскія “галоўныя” (губернскія) народныя вучылішчы з чатырохгадовым тэрмінам навучання. 

Яшчэ сем “малых” вучылішчаў з 2-гадовым тэрмінам навучання з’явіліся ў павятовых цэнтрах. 

Гэтыя ўстановы былі адкрыты ў ліку першых  25 народных вучылішчаў у Расійскай імперыі па распараджэнню Кацярыны ІІ і з падачы серба Янковіч дэ Мірыево. 

Навучанне ў іх было значна слабейшым, чым ва ўстановах Эдукацыйнай камісіі (1773) Рэчы Паспалітай і езуіцкіх.

Галоўнае вучылішча ў Магілёве 15 верасня 1809 года было пераўтворана ў мужчынскую гімназію. 

Сярод знакамітых выпускнікоў установы можна ўзгадаць навукоўцаў, падарожнікаў К. Грум-Гржымайлу, М.Урончанку, С. Каваліка,  Дз. Дубягу, краязнаўца К.Гартынскага, прэзідэнта сената Гавайскіх астравоў М. Судзілоўскага, энцыклапедыстаў братоў Гранат, О. Шмідта, камандуючага Сербскай арміі М. Чарняева і іншых.

1848 год. Памёр Міхал Баброўскі

Славіст, арыенталіст, багаслоў. 

Доктар багаслоўя, прафесар Віленскага ўніверсітэта, канонік Брэсцкага капітула.

Даследчык старажытных славянскіх рукапісаў і старадрукаваных кірылічных выданняў. 

Адзін з пачынальнікаў скарыназнаўства.

Разам  з Ігнатам Даніловічам адзінз першых творцаў «беларускага нацыянальнага адраджэння», «беларускай нацыянальнай ідэі».

Валодаў беларускай мовай.

1889 год. Нарадзіўся Міхал Пятроўскі

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, каталіцкі святар. 

Прыхільнік беларусізацыі касцёла ў Беларусі, беларускага характару школьніцтва, культурнай і грамадскай дзейнасці. 

Прамаўляў казанні на беларускай мове.

На фота: Удзельнікі беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу на пачатку 1917 г. Злева  Міхал Пятроўскі.

1895 год. Нарадзіўся Сяргей Ясенін

Рускі паэт, адзін з самых папулярных і вядомых рускіх паэтаў XX стагоддзя.

Памёр у 1925 годзе.

Пашырана ілжывае меркаванне, што Ясенін служыў у Магілёве ваенным санітарам. 

Але гэтая інфармацыя не раз абвяргалася.

1897 год. У в. Казелле Краснапольскага раёна нарадзіўся Міхась Дуброўскі

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Супрацоўнік Інбелкульта, Усесаюзнага радыёкамітэту.

Выкладчык Брэсцкага, Гродзенскага педінстытутаў, Літаратурнага інстытута ў Маскве.

Перакладчык на беларускую мову паэмы О. Уайльда «Балада Рэдынгскай турмы».

1906 год. Міжнародным сігналам бедства зацверджаны сігнал SOS

Раней дзейнічаў сігнал CQD.

Памылкова лічыць, што сігнал SOS складаецца з першых літар фразы Saves Our Souls (Ратуйце нашы душы). 

Насамрэч ён абраны з чыста тэхнічных меркаванняў.

Самы вядомы выпадак падачы сігналу SOS да гэтага часу застаецца SOS “Тытаніка”.

З 1999 года ўсе марскія судны павінны выкарыстоўваць для перадачы сігналаў бедства больш дасканалую сістэму – GMDSS.

У сувязі з гэтым значэнне сігналу “SOS” паменшылася.

1978 год. Нарадзіўся Віктар Жыбуль

Беларускі паэт і літаратуразнавец.

Працаваў у часопісах «Першацвет», «Роднае слова»,  «Arche». 

Супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Удзельнік «Бум-Бам-Літ», многіх літаратурна-музычных праектаў, мастацкіх акцый, перформансаў. 

Прычыніўся да дзейнасці многіх музычных гуртоў, выступае з калектывам «Рацыянальная дыета».

Паэт-эксперыментатар, аўтар паліндромных паэм,  зборнікаў паэзіі.

Удзельнік праекта «(Не)расстраляныя».

1990 год. Аб’яднанне ФРГ і ГДР. Дзень адзінства Германіі.

Народная палата ГДР прыняла рашэнне пра далучэнне да ФРГ і ўтварэнне адзінай дзяржавы. У Берліне быў спушчаны сцяг ГДР.

З 00:00 гадзін ГДР спыніла сваё існаванне як дзяржава, Заходні Берлін – як самастойная палітычная адзінка з асаблівым міжнародным статусам. 

У склад ФРГ увайшлі пяць адноўленых земляў былой ГДР: Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Анхальт, Цюрынгія і тэрыторыя Берліна.

2006 год. Памерла Тамара Пузіноўская

Беларуская актрыса.

З’яўлялася адной з найболей запатрабаваных актрыс Купалаўскага тэатру.  

Талент актрысы асабліва раскрыўся ў спектаклях нацыянальнай драматургіі. 

Сярод яе выдатных роляў — Нэля («І змоўклі птушкі» І. Шамякіна), Ліда («Радавыя» А. Дударава), Маргарыта («Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча), Бона Сфорца («Чорная панна Нясвіжа» А. Дударава).