Самая старая чарапаха ў свеце Джонатан рыхтуецца святкаваць сваё 190-годдзе трохдзённай вечарынкай

Джонатан, гіганцкая сейшэльская чарапаха, падораная губернатару выспы Святой Алены ў 1882 годзе, таксама з’яўляецца найстарэйшай з вядомых цяпер наземных жывёл.

Джонатан жыве на востраве Святой Алены з 1882 года. Сюды ён прыбыў у якасці падарунка губернатару невялікай паўднёваатлантычнай выспы. Самец атрымаў прызнанне, трапіўшы ў Кнігу рэкордаў Гінэса як найстарэйшая з вядомых наземных жывёл.

У свой час Джонатан таксама быў у цэнтры рамантычных інтрыг – пасля перыяду раздражняльнасці яму ў 1991 годзе падарылі сяброўку, з якой ён шчасліва завязаў інтымныя адносіны. Але праз 26 гадоў адсутнасць патомства растлумачылася, калі яго любоўная напарніца – Фрыдэрыка – пры аглядзе апынулася самцом.

Джонатан таксама з’яўляецца ў некаторым родзе мясцовай знакамітасцю. Акрамя таго, што ён з’яўляецца вядомай славутасцю, ён намаляваны на рэверсе мясцовай манеты ў пяць пенсаў.

Джонатан і яго сябры на выспе Святой Алены ў 1886 годзе

Хоць Джонатан ужо даўно пакрыты зморшчынамі, аслеп ад катаракты і пазбаўлены нюху, сваё 190-годдзе ён збіраецца адсвяткаваць трохдзённай вечарынкай – паведамляе The Guardian. 

Дакладная дата яго нараджэння застаецца невядомай, а паводле ацэнак, ён вылупіўся прыкладна ў 1832 годзе. Але толькі ў лістападзе гэтага года яму нарэшце быў афіцыйна прысвоены дзень нараджэння, 4 снежня 1832 года, ад Найджэла Філіпса, губернатара брытанскай заморскай тэрыторыі.

У Кнізе рэкордаў Гінэса адзначаецца: «Узрост Джонатана заснаваны на тым факце, што ён быў цалкам сталым, а значыць, яму было не менш за 50 гадоў, калі ён прыбыў на востраў Святой Алены з Сейшэльскіх астравоў у 1882 годзе. Па ўсёй верагоднасці, ён нават старэйшы, чым мы думаем.”.