Падрабязнасці гучнай аварыі пад Бабруйскам – абвінавачвалі маршрутчыка, а пасадзілі трактарыста

Пасля сутыкнення маршруткі і трактара летам мінулага года два чалавекі трапілі ў рэанімацыю, васьмярых шпіталізавалі. Гучнае ДТЗ адбылося каля вёскі Брожка ў Бабрйскім раёне на трасе Бабруйск – Мазыр, пісалі mogilev.media. Аварыя з удзелам маршруткі выклікала вялікі рэзананс на фоне іншых падобных дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам маршрутных таксі, што адбываліся па Беларусі. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што першапачаткова Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу менавіта супраць кіроўцы таксі.

Абвінавачанне і нечаканы паварот

32-гадоваму мужчыне інкрымінавалася парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За медыцынскай дапамогай пасля аварыі звярнуліся 13 чалавек. У выніку на лаву падсудных сеў… другі кіроўца – трактарыст. Прэс-служба Магілёўскага абласнога суда паведамляе падрабязнасці.

Следствам было ўстаноўлена, што вадзіцель трактара з прычэпам вырашыў павярнуць налева, каб з’ехаць на прасёлкавую дарогу, не пабачыўшы, што ў гэты момант яго збіраецца абагнаць маршрутка.

Суд і прысуд

Падчас судовага паседжання абвінавачаны віну не прызнаў. Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў трактарыста вінаватым у парушэнні ПДР і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 гадоў.

Было таксама пастаноўлена спагнаць з прадпрыемства, кіроўцам якога з’яўляўся абвінавачаны, на карысць пяцярых пацярпелых матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды на агульную суму 95 000 рублёў. Акрамя таго, з абвінавачанага на карысць аднаго з пацярпелых. спагнаны расходы па аплаце паслуг адваката ў суме 3600 рублёў.

аварыя з маршруткай

Фота: Прэс-служба УУС

Магілёвец ударыў міліцыянера нажом у жывот і загінуў падчас пагоні

Сямейны канфлікт завяршыўся драмай – пажылы магілёвец раптоўна напаў на ўчастковага і разбіўся на машыне, уцякаючы ад пагоні.

Выкліканы на сямейны скандал участковы міліцыянер у Магілёве стаў ахвярай нападзення – паведамляе прэс-служба абласнога Упраўлення унутраных спраў. На відэа, запісаным на відэафіксатар міліцыянера, можна пабачыць, што міліцыянер спрабаваў завяршыць сямейны канфлікт паміж мужчынай і жанчынай, выклікаўшы дадатковы нарад для затрымання кагосьці з удзельнікаў спрэчкі. У адказ на гэтае рашэнне ўчастковага 61-гадовы магілёвец раптоўна выхапіў нож і ўдарыў міліцыянера ў вобласць жывата.

Пасля нападу магілёвец спрабаваў уцячы на аўтамабілі, накіраваўшыся на поўдзень па Гомельскай шашы. Дзеля затрымання нападніка ў Магілёўскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Адна з міліцэйскіх машын пераследвала 61-гадовага магілёўца ў раёне вёскі Вараніно ў Быхаўскім раёне. Падчас пагоні аўтамабіль нападніка выкінула на сустрэчную паласу, дзе ён сутыкнуўся з карэтай хуткай дапамогі, прыпаркаванай на ўзбочыне. У аварыі магілёвец, што ўцякаў ад пагоні, загінуў – паведамляе ведамства ўнутраных спраў.

Фота: УУС

Два ДТЗ на трасе пад Асіповічамі: чатыры чалавекі шпіталізаваныя

На 109-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гомель Citroen сутыкнуўся з Mitsubishi, а на 81-м кіламетры той жа аўтадарогі адбылося сутыкненне грузавіка Mercedes-Benz з трактарам «Беларус».

Днём 23 красавіка 41-гадовы кіроўца аўтамабіля Citroen, рухаючыся па 109-м кіламетры аўтадарогі М-5 Менск-Гомель, здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем Mitsubishi, які ехаў у тым жа кірунку.

Тры дарослыя пасажыры і дзіця дастаўлены ў шпіталь для агляду. 9-гадовая дзяўчынка знаходзілася ў бустэры і была прышпіленая рамянём бяспекі.

У гэты ж дзень на 81-м кіламетры аўтадарогі Менск-Гомель адбылося папутнае сутыкненне грузавіка Mercedes-Benz пад кіраваннем 24-гадовага жыхара Мінска з трактарам «Беларус». Ад моцнага ўдару трактарыста – 42-гадовага жыхара Асіповіч – выкінула з кабіны транспартнага сродку на праязную частку. З цяжкімі траўмамі ён быў шпіталізаваны.

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава, папярэдне ўстаноўлена, што трактарыст выконваў працы па добраўпарадкаванні абочыны, а кіроўца грузавіка адцягнуўся ад кіравання і здзейсніў сутыкненне.

ДТЗ

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама, Следчы камітэт

У Бабруйскім раёне загінуў пешаход – ён ішоў ледзь не па цэнтры дарогі

Увечары 20 красавіка на трасе Р43 у Бабруйскім раёне адбылося смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

На 242-м кіламетры аўтадарогі мяжа РФ – Бабруйск – Івацэвічы 60-гадовы вадзіцель аўтамабіля Volkswagen здзейсніў наезд на 66-гадовага мужчыну, які знаходзіўся на праезнай частцы. Ад атрыманых траўм пешаход памёр на месцы.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, пацярпелы не меў на вопратцы святлоадбівальных элементаў, што магло спрыяць трагедыі. Варта адзначыць, што гледзячы па фотаздымках з месца здарэння, удар прыйшоўся на левае крыло аўтамабіля, а гэта значыць, што пешаход мог рухацца ледзь не па цэнтры дарогі.

У Бабруйску і яго ваколіцах за апошнія гады адбываліся дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў, некаторыя з якіх завяршыліся трагічна.

Так, 14 снежня 2018 года на вуліцы Комбінатскай у Бабруйску жанчына-вадзіцель аўтамабіля Ford Galaxy збіла двух пешаходаў. Адзін з іх, 27-гадовы мужчына, загінуў на месцы, другі быў шпіталізаваны ў цяжкім стане. Пасля наезду аўтамабіль урэзаўся ў дом.

5 лістапада 2016 года каля вёскі Баяры вадзіцель Renault Megane здзейсніў наезд на жанчыну і двух яе дзяцей, якія пераходзілі дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Маці загінула на месцы, дзеці былі шпіталізаваны з траўмамі.