У Кемераве людзей выкінула на дарогу з трамвая, што імчаўся без тармазоў і ўрэзаўся ў іншы трамвай

Набіты бітком трамвай несся без тармазоў у расійскім Кемераве сёння раніцай. На павароце дзверы не вытрымалі і двох чалавек выкінула на праезжую частку. Адразу пасля гэтага трамвай сутыкнуўся з іншым трамваем, што ехаў наперадзе. Пацярпелі 50 чалавек, цудам ніхто не загінуў. Апошні раз тэхнічнае абслугоўванне трамвай праходзіў тры дні таму – піша тэлеграм-канал Baza, ніякіх праблем не было выяўлена. 

У бальніцу Кемерава даставілі 40 чалавек, 3 з іх – у цяжкім стане, яшчэ 10 пасажыраў самі звярнуліся ў траўмапункт.

Двое ў рэанімацыі, васьмярых шпіталізавалі – маршрутка ўехала ў трактар пад Бабруйскам

Аварыя адбылася сёння каля 15.00 на аўтадарозе Бабруйск — Мазыр паблізу вёскі Брожка Бабруйскага раёна. Кіроўца маршрутнага таксі Mercedes-Benz Sprinter, 32-гадовы мужчына, сутыкнуўся з трактарам МТЗ, які рухаўся наперадзе ў тым жа кірунку і рабіў паварот налева – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя з 17 пасажыраў маршруткі траўмы атрымалі 13 чалавек, 10 з іх былі шпіталізаваныя, прычым двое знаходзяцца ў рэанімацыі.

Фота: УУС аблвыканкама

Незвычайнае ДТЗ у Бабруйску – відэа

Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.

 

Бабруйскі маршрутчык пратараніў BMW на пешаходным пераходзе, чатырох чалавек шпіталізавалі

ДТЗ з удзелам запоўненай людзьмі маршруткі адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бабруйску надвячоркам 18 траўня. 

28-гадовы кіроўца маршруткі не паспеў адрэагаваць на дзеянні 26-гадовага вадзіцеля BMW – той рэзка затармазіў на светлафоры. Сутыкненне двух транспартных сродкаў трапіла на камеры відэаназірання. Ад удару маршруткі BMW адкінула на некалькі метраў на пешаходны пераход, на якім, на шчасце, нікога не аказалася. Чатырох чалавек, што знаходзіліся ў аўтамабілях, даставілі ў лякарню – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”. 

 

 

Жыхароў Клімавіч затрымалі за абыходжанне з афіцыйным сцягам чатыры гады таму

Тэлеграм-канал магілёўскіх сілавікоў апублікаваў відэа з удзелам жыхара Клімавіч Кірыла Вазмілава. На камеру хлопец гаворыць, што ў 2020 годзе да яго дадому знаёмы прынёс чырвона-зялёны сцяг. Потым затрыманы ў кампаніі іншых хлопцаў «таптаўся» па ім і «штурхаў нагамі», а сам сцяг спалілі ў двары дома.

Пакуль невядома, што інкрымінуецца затрыманаму. Верагодна, відэа, якое стала прычынай затрымання, узята з гаджэтаў кагосьці з удзельнікаў кампаніі, што забаўляліся з афіцыйным сцягам чатыры гады таму. Сыходзячы з таго, што ў публікацыі сілавікі кажуць пра затрыманых у множным ліку, іх можа быць двое альбо некалькі чалавек.

Фота з сацыяльных сетак

На пешаходным пераходзе ў Бабруйску збілі двух дзяцей

5-гадовага хлопчыка і 6-гадовую дзяўчынку збіў кіроўца аўтамабіля Volkswagen на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай у Бабруйску – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Дзеці пераходзілі дарогу разам са сваёй маці па пешаходным пераходзе, на якім працаваў светлафор у рэжыме жоўтага міргання. Зараз пацярпелыя дастаўленыя ў лякарню.

Фота: УУС

У Магілёве таксіст збіў хлопчыка, які выбег на дарогу з-за аўтобуса

На Тагільскім завулку ў Магілёве вечарам 10 траўня кіроўца аўтамабіля Nissan не змог адрэагаваць на паводзіны 8-гадовага хлопчыка. Дзіцёнак нечакана выскачыў на дарогу з-за аўтобуса, што спыніўся на прыпынку. Хлопчык дастаўлены ў лякарню, праводзіцца праверка абставін здарэння – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Жанчына насмерць разбілася пад Шкловам, не ўпісаўшыся ў паварот дарогі

Сёння каля 14:50 ў раёне вёскі Гаваракі Шклоўскага раёна 44-гадовая кіроўца аўтамабіля Nissan не ўпісалася ў закругленне дарогі і яе машыну вынесла ў кювет. Ад траўмаў жанчына памерла на месцы, яе 47-гадовы пасажыр дастаўлены ў шпіталь – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Пад Чавусамі фура вылецела ў лабавую на легкавушку, яе кіроўца ў рэанімацыі

Аварыя адбылася на трасе Магілёў-Чавусы раніцай 10 сакавіка ў Чавускім раёне. 26-гадовы кіроўца фуры Mercedes Benz з паўпрычэпам не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Renault. Як бачна па фота УУС Магілёўскага аблваканкама з месца здарэння, адбылося лабавое сутыкненне аўтамабіляў. 51-гадовы кіроўца Renault атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, паведамляе БелТА.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Пад Асіповічамі насмерць збілі жанчыну – пераходзіла трасу без флікераў

Раніцай 29 лютага каля 7:00 на трасе Мінск-Гомель кіроўца аўтамабіля Ford не заўважыў жанчыну, што пераходзіла дарогу ў неабсталяваным для гэтага месцы. Паведамляецца таксама, што на жанчыне не было флікераў. 55-гадовая жыхарка Асіповіцкага раёна загінула на месцы.

Фота: ДАІ