Платная паркоўка ў цэнтры Магілёва з 1 сакавіка яшчэ не запрацавала

Mogilev.media звязаліся з аператарамі Дарожна-маставога прадпрыемства Магілёва і высветлілі, што з 1 сакавіка сервіс па аказанні платнай паслугі за паркоўку на вуліцы Міронава і бульвары Леніна так і не запрацаваў. Верагодна, гэта звязана з недастатковай распрацаванасцю праграмнага забеспячэння – паведамілі аператары ДМП.

Трэба адзначыць, што і на саміх шчытах, размешчаных на ўказаных вуліцах, пакуль адсутнічае нумар, на які трэба адпраўляць SMS. Ён быў заклеены скотчам яшчэ летась, а новы так і не з’явіўся. Супрацоўнікі ДМП назвалі неабходны нумар у размове – 2046, дадаўшы, што аўтамабілістам трэба абавязкова ўказваць нумар рэгіёна, у якім зарэгістраваная машына. У адваротным выпадку грошы за паркоўку – калі сервіс пачне працаваць – пойдуць у бюджэт Мінска, а не Магілёва.

Фота: mogilev.media

Двух п’яных трактарыстаў-прыбіральшчыкаў затрымалі ў Магілёве

Інцыдэнт адбыўся раніцай 26 студзеня – супрацоўнікі ДАІ спынілі двух механізатараў у раёне дома №3 па праспекце Шмідта ў Магілёве. У абодвух работнікаў Дарожна-маставога прадпрыемства аказалася 0,8-1 праміле алкаголю. Як паведамілі ў ведамстве, перад пачаткам працоўнай змены трактарысты праходзілі медыцынскае асведчанне і былі цвярозымі. Гэта значыць, што алкаголь яны ўжывалі ўжо на працоўным месцы, падчас начной змены. У службовыя абавязкі работнікаў уваходзіла ўборка вуліц і ямачны рамонт на дарогах горада. 

Дзеля прадухілення далейшых падобных выпадкаў кіраўніцтва ДМП вырашыла рабіць рэгулярныя рэйды па сваіх супрацоўніках на працоўныя месцы, а таксама ўвесці практыку медыцынскага асведчання пасля заканчэння змены. Праштрафіўшыяся трактарысты-прыбіральшчыкі былі звольненыя.

Фота ілюстрацыйнае.

У Магілёве з’явіліся чатыры новых снегаўборачных машыны

Пра гэта агенцтву БелТА расказаў дырэктар дарожна-маставога прадпрыемства Мікалай Харц. 

– На ўзбраенне нашага прадпрыемства паступілі чатыры камбінаваныя дарожныя машыны на базе МАЗ. Яны ўніверсальныя. Зімой абсталяваны шчоткамі для ўборкі дарог і апрацоўкі вуліц супрацьгалалёдным складам. Улетку іх пераабсталююць пад палівальна-мыйныя, якія ў спякоту будуць абрашаць дарогу і дапамагаць камунальным службам у палівальных працах. – паведаміў чыноўнік.

У найбліжэйшыя дні новыя машыны ў поўным складзе выедуць на маршруты для ўборкі і апрацоўкі вуліц горада.

Акрамя гэтага, у канцы мінулага года тэхніку ДМП дапоўнілі тры самазвалы МАЗ грузападымальнасцю 25 т. Цяпер машыны ўжо працуюць – заняты на адвозцы снегу на спецыяльна абсталяваны палігон. 

Пасля зімы машыны задзейнічаюць у перавозцы асфальта для рамонту дарог, нарыхтоўцы пяску і друзу. Аўтапарк камунальнага прадпрыемства ў снежні мінулага года дапоўнілі яшчэ тры трактары з адваламі і шчоткамі.

Фота: БелТА