Сапраўдны круглянскі герой – Аляксандр Калін

«Ён казаў, што золата з сабой не забярэш, лепей зрабіць нешта для іншых». Дачка бізнэсоўца-палітвязня Аляксандра Каліна распавяла “Нашай ніве”, як разам з братам чакае яго з калоніі.

Аляксандр Калін – адзін з самых вядомых прадпрымальнікаў Круглянскага раёна. Яго сетка з трох крам з прадуктамі, адзеннем і абуткам забяспечвала працай каля 50 чалавек. Ён своечасова плаціў заробкі, дапамагаў школам, ветэранам і дзецям. Але пасля 2020 года, калі Калін адкрыта падтрымаў пратэсты, жыццё яго і сям’і рэзка змянілася.

Ад поспеху да калоніі

У лютым 2023 года бізнэсоўца затрымалі. У лістападзе яго асудзілі на шэсць з паловай гадоў калоніі, абвінаваціўшы адразу па двух артыкулах: «удзел у пратэстах» і «нясплата падаткаў». Зараз Калін адбывае пакаранне ў івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы”.

Дачка прадпрымальніка, 26-гадовая Настасся, распавядае, што ціск пачаўся яшчэ задоўга да суда. «За паўгода да затрымання супрацоўнікі ДФР прыходзілі амаль кожны дзень. У дзень арышту бацька ўжо ведаў, што гэта адбудзецца» – кажа яна.

Сілавікі абвясцілі, што за дзесяць гадоў працы Калін нібыта не даплаціў 3,5 млн рублёў падаткаў. Але ў невялікім горадзе з насельніцтвам у 7 тысяч чалавек гэтая сума выглядае нерэальнай. Паводле дачкі, следчыя ўлічылі нават тавар, які яшчэ ляжаў на складах.

Ціск і абразы

Сітуацыя абвастрылася пасля таго, як у 2020 годзе Калін далучыўся да вулічных акцый. На адным з мітынгаў кіраўнік райвыканкама публічна крычаў у бок прадпрымальнікаў «ганьба» і нават называў іх «фашыстамі». Калін звяртаўся ў пракуратуру з заявай, але справа так і не зрушылася.

Першы яго арышт адбыўся ў Мінску на акцыі ў дзень нараджэння Лукашэнкі. Тады мужчыну адпусцілі праз тры дні, але дачка памятае яго словы пасля Марша студэнтаў: «Уяўляеш, яны не на лінейцы, а на пратэстах» – і слёзы за стырном.

«Золата з сабой не забярэш»

У тым жа годзе Калін разам з іншымі прадпрымальнікамі вярнуў уладам усе граматы і падзякі. Ён заўсёды падкрэсліваў: галоўнае – рабіць нешта для людзей. «Ён дапамагаў усім: дзецям, ветэранам. Тавары часта аддаваў у доўг тым, хто не меў грошай» – успамінае Настасся.

Ён быў чалавекам дабрачыннасці і прынцыпаў. Калі дачка папрасіла залаты ланцужок на выпускны, ён адказаў: «Золата з сабой не забярэш. Лепш зрабіць нешта для іншых».

Разам з мясцовым тэлеканалам 6TV Bielarus прадпрымальнік паказваў занядбанасць сельскай гаспадаркі: паказваў сапсаванае сена, закінутыя палі з ільном і грэчкай.

Рэпрэсіі супраць сям’і

Пад ціск трапіла і сям’я. У 2023 годзе Настассю і яе 31-гадовага брата з праблемамі зроку затрымлівалі разам з бацькам. Ім прысудзілі па 15 сутак за скрыншот, які сам Калін даслаў дачцэ.

«Ён убачыў у TikTok плётку пра смерць Сяргея Ціханоўскага і даслаў мне, пытаючыся, ці гэта праўда. Я адказала, што не ведаю. Але суд палічыў, што гэта распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» – кажа дзяўчына.

У ізалятары іх дапытвалі супрацоўнікі КДБ, цікавіліся фотаздымкамі з пратэстаў і магчымай арганізацыяй аўтапрабегаў у Круглым. Гэтыя здымкі пазней выкарысталі і супраць самога Аляксандра. Да яго абвінавачання дадалі артыкул аб «грубым парушэнні грамадскага парадку».

Пасля вызвалення Настасся і брат былі вымушаныя з’ехаць спачатку ў Грузію, а пазней у Польшчу.

Жыццё ў выгнанні і чаканне

Зараз Настасся працуе ў «Бядронцы». Першыя месяцы яны жылі ў хостэле, цяпер здымаюць кватэру. Дзяўчына прызнаецца, што бытавыя цяжкасці вялікія: «Мы пачыналі з чыстага ліста: новая краіна, моўны бар’ер, стрэсы. Але галоўнае – падтрымліваць тату. Мы рэгулярна пішамся з ім, хоць пра палітыку ніколі не гаворым».

Настасся здымае ролікі ў TikTok, дзе распавядае пра бацьку, яго справу і прадпрымальніцкую дзейнасць. Сам ён пра гэта пакуль не ведае.

У Круглянскім раёне крамы сям’і працягвае весці маці, але фінансавае становішча цяжкае, і, паводле дачкі, яны могуць хутка закрыцца.

«Для мяне бацька самы добры чалавек у свеце. Ён ніколі не сварыўся, заўсёды дапамагаў іншым. Мы з братам чакаем яго кожны дзень і верым, што хутка зможам абняць» – кажа Настасся.

Скрыншот з відэа: 6TV Bielarus