Сталоўка ў магілёўскім БТІ – а вы пра яе ведалі? Знаёмімся

Смачны абед з някепскім выбарам і за невялікія грошы – у цэнтры Магілёва ёсць сталоўка, пра якую мала хто ведае.

Нядаўна mogilev.media выклаў матэрыял пра “схаваную” ў ЦУМе сталоўку. Як выявілася па каментарах да нашага відэа, знайшліся жыхары горада, якія ўпершыню дазналіся пра гэтую сталовую менавіта ад нас і моцна дзякавалі. А іншыя глядачы накідалі нам альтэрнатыўных малавядомых адрасоў для бюджэтнага харчавання ў цэнтры горада. Адзін з іх стаў сюрпрызам нават для нас.

Будынак былога Бюро тэхнічнай інвентарызацы – якое цяпер афіцыйна называецца РУП “Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” – знаходзіцца на вуліцы Язерскай, за Трохсвяціцельскім саборам і Дашкольным цэнтрам развіцця. Адсюль рукой падаць таксама да Мінскага рынка, аблвыканкама, абласной стаматалогіі і аўтавакзала.

Сталовая ў БТІ знаходзіцца на першым паверсе, пасля ўваходу – справа. Невялікая, але ўтульная зала мае дзевяць столікаў і працуе з 10.00 да 16.00. На выбар для наведвальнікаў тут звычайна прапануюць пару разнавіднасцяў супу, некалькі варыянтаў другой стравы і тры салаты. З мяснога гэта могуць быць катлеты і філе, а таксама рыба. З лядоўні можна ўзяць марозіва, сасіскі ў цесце, смажанку, блінцы, шаурму.

Стандартны абед з першай, другой страваў і салату абыйдзецца ў даволі камфортныя 7-8 рублёў, што крышачку танней, чым у ЦУМе.
БТІ

сталоўка

сталовая