Дзень у гісторыі. 18 кастрычніка. З чаго пачаліся Крыжовыя паходы. Расія прадае Аляску. Нарадзіўся кінарэжысёр «Звычайнага прэзідэнта» Юрый Хашчавацкі. Дзень памяці паэта, які пісаў на лагерных мяшках з-пад цэменту

1009 год. Па загадзе егіпецкага кіраўніка аль-Хакіма разрабаваны, разбураны храм Труны Гасподняй і ўсе іерусалімскія будынкі хрысціян.

Вестка аб гэтым хутка дасягнула Еўропы і прычынілася да пачатку Крыжовых паходаў.

Ацалелі толькі асобныя фрагменты будынка. 

Пачатак збудаванню храма Труны Гасподняй у 325 годзе паклала імператрыца Алена, маці Канстанціна Вялікага. 

Матывы ж, якімі кіраваўся аль-Хакім Вар’ят, не зусім ясныя, хоць дакладна вядома, што ён чыніў ганенні не толькі хрысціянам, але і іудэям, і ўнутрыісламскім апанентам – сунітам. 

Хутчэй за ўсё, гэта была чарговая праява самадурства чалавека, які ў розныя гады загадаў знішчаць сабак, якія раздражнялі яго брэхам, які забараняў ёсць нялюбую ім гародніну і, нарэшце, абвясціў сябе боствам.

tunnel.ru

 1680 год. Нарадзіўся Ян Фрыдэрык Сапега

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Вялікі канцлер літоўскі.

Быў старостам берасцейскім, прапойскім.

У Кодні сабраў вялікую бібліятэку (3500 кніг), стварыў партрэтную галерэю Сапегаў.

Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодні, гістарычна-генеалагічны нарыс роду Сапегаў.

wikimedia.org

1867 год. Прайшла цырымонія афіцыйнай перадачы Рускай Амерыкі ЗША у абмен на чэк на суму 7,2 млн. долараў.

У сталіцы рускай калоніі Новаархангельску (Сітка) рускі гарнізон саступіў месца амерыканскаму, быў падняты сцяг ЗША.

У гэты ж дзень на Алясцы ўведзены грыгарыянскі каляндар, які дзейнічаў у ЗША.

Аляска была адкрыта ў 1732 годзе рускай экспедыцыяй, і была адзіным уладаннем Расіі ў Паўночнай Амерыцы. 

Засваенне гэтай тэрыторыі вялося спачатку прыватнымі асобамі, а з 1799 года – Руска-амерыканскай кампаніяй.

Да 1864 году на рускай Алясцы і Алеўцкіх астравах жылі 2,5 тысяч рускіх і да 60 тысяч індзейцаў і эскімосаў.

Прычына продажу: выдаткі на ўтрыманне і абарону Аляскі перавышалі патэнцыйны прыбытак.

tunnel.ru

 1891 год. Нарадзіўся Лукаш Голад. 

Праваслаўны святар, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч міжваеннай Заходняй Беларусі.

Протаіерэй Літоўскай епархіі. Прымаў удзел у беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Праследаваўся польскімі ўладамі.

Рэдактар і выдавец рэлігійнага часопіса «Праваслаўная Беларусь».

Памёр у Вільні 6 лістапада 1947 года.

1893 год. Нарадзіўся Уладзімір Уладамірскі. 

Беларускі акцёр. Другі ў гісторыі Народны артыст БССР пасля У. Галубка. Народны артыст СССР.

Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Бабруйску.

Працаваў у Другім паказальным тэатры Заходняга фронту ў Бабруйску, Смольным тэатры Петраграда, у мінскім Купалаўскім тэатры.

Стварыў высокамастацкія вобразы ў беларускім рэпертуары.

Зняўся ў фільмах “Кастусь Каліноўскі”, “Хто смяецца апошнім”, “Палеская легенда”, “Наперадзе – круты паварот”.

Жока – артыстка Кацярына Азбукіна, сястра адраджэнца Мікалая Азбукіна.

Памёр 24 студзеня 1971 года.

wikimedia.org

На фота – В.Волкаў. Групавы партрэт дзеячаў беларускага тэатру Г. Глебава, А. Марыкса, У.Уладамірскага (справа). 1959 год

1906 год. Нарадзіўся Алесь Салагуб.  

Беларускі паэт. Вязень турмы Лукішкі.

Аўтар зборніка вершаў «Лукішкі».

У 1961 годзе ў часопісе «Полымя» апублікаваны яго «Лукішскі дзёньнік».

Расстраляны ў 1934 годзе.

wikimedia.org

1918 год. У Віцебску расстраляны чэкістамі Уладзімір Стукаліч. 

Гісторык і краязнавец, літаратуразнавец, юрыст. Заходнерусіст.

Аўтар кніг «Беларусь і Літва», пра творчасць М. Нікіфароўскага і А. Сапунова. 

Даследаваў аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе». 

Член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выступаў за адкрыццё ў Віцебску ўніверсітэта.

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў кансерватыўна-клерыкальнай грамадскай арганізацыі Беларускі народны саюз.

1919 год. Нарадзіўся Усевалад Кароль. 

Беларускі палітычна-грамадскі дзеяч.  «Хросны бацька Баранавічаў», «жаночы Кароль». Акушэр-гінеколаг.

Актыўны грамадскі дзеяч Вільні: друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях, з’яўляўся апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюза, актыўны барацьбіт з антысемітызмам.

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі працаваў у Баранавічах лекарам, выкладаў у медыцынскай школе, удзельнічаў у нацыянальным падполлі, кіраваў Баранавіцкім камітэтам Беларускай незалежніцкай партыі, за што быў рэпрэсаваны НКУС. 

Пасля ГУЛАГу, у Баранавічах яго сядзіба стала месцам збора рэпрэсаваных ветэранаў нацыянальнага руху. Тут былі Пятро Рашэтнік, Янка Геніюш, Лявон і Юрка Луцкевічы і іншыя.

Усё пасляваеннае жыццё прапрацаваў “другой асобай” радзільні. Як лекара ведалі і па за межамі Беларусі.

Калі памёр у 1984 годзе, развітацца з ім прыйшло шмат людзей. Улады забаранілі ўсенароднае пахаванне рэпрэсаванага лекара.

wikimedia.org

 1947 год. Нарадзіўся Юрый Хашчавацкі. 

Беларускі кінарэжысёр, грамадскі дзеяч, палітык. 

Член Міжнароднай і Еўразійскай акадэмій тэлебачання і радыё.

Аўтар 40 кінафільмаў, многія адзначаныя прызамі міжнародных фестываляў.

Найбольш вядомая стужка — «Звычайны прэзідэнт» (1996), якая атрымала Прэмію міру на Берлінскім кінафестывалі, Гран-пры «Human Rights Watch» у Нью-Ёрку, прыз «Залатая брама» ў Сан-Францыска.

Розгалас мела і стужка «Плошча», што прысвечана прэзідэнцкай кампаніі 2006 года і абаронцам палатачнага лагера на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

Стаяў ля вытокаў Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры, уваходзіў у Савет дырэктароў Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў.

Паслядоўны апанент рэжыму Лукашэнкі.

1968 год. XIX летняя Алімпіяда ў Мехіка: амерыканскі лёгкаатлет Роберт Бімон здзейсніў фенаменальны скачок з вынікам – 8,90 м. 

Рэкорд ахрысцілі “скачком у XXI стагоддзе”.

 “Ён забіў гэты від спорту”, – сказаў алімпійскі чэмпіён 1964 года Дэвіс. 

Ранейшы сусветны рэкорд быў пераўзыдзены на 55 сантыметраў – падобнага гісторыя сусветнага спорту проста не ведала. 

Цікава, што ў спартсмена фактычна не было трэнера, у дзяцінстве ён марыў аб кар’еры наркабарона. 

Споўніўшы мару стаць алімпійскім чэмпіёнам, Бімон хутка астудзеў да спартыўных арэн.

tunnel.ru

1971 год. Памёр Язэп Гайлевіч. 

Каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі каталіцкай царквы, дзеяч беларускага руху ў Латвіі.

Вучыўся ў Магілёўскай (Пецярбург) і Мінскай духоўных каталіцкіх семінарыях. 

Служыў святаром у Беларусі, Латвіі, адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах. 

Выступаў з казаннямі на беларускай мове. 

Пераследаваўся латышскімі і савецкімі ўладамі.

У 1949 годзе арыштаваны дзяржбяспекай  за «правядзенне антысавецкай агітацыі».

Вязень ГУЛАГу.

wikimedia.org

1991 год. Памёр Пятро Бітэль. 

Беларускі настаўнік, пісьменнік і перакладчык.

У 1947 годзе звольнены з настаўніцкай працы і стаў праваслаўным святаром. Рэпрэсаваны ў 1950 годзе. Вязень ГУЛАГу. 

У 1956-1963 гадах служыў святаром, у 1963-1974 настаўнічаў.

Аўтар паэм «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ю. Крашэўскага, Б. Пруса, Г. Сянкевіча, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Гётэ і іншых.

Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту. Зараз ён ахоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

librusec.pro