Жыхар Магілёўскага раёна, які спаліў сваю сужыцельку, асуджаны на 11 гадоў

67-гадовы жыхар вёскі Шапчыцы Магілёўскага раёна асуджаны на 11 гадоў калоніі за падпал дома, у якім знаходзілася яго сужыцелька. Жанчына памерла ў бальніцы ад апёкаў.

Як паведамляе Магілёўскі аблсуд, у судзе Магілёўскага раёна ўстаноўлена, што 6 студзеня 2025 года абвінавачаны, будучы п’яным, пасля сваркі са сваёй 66-гадовай сужыцелькай, з якой пражываў каля 15 гадоў, здзейсніў наўмысны падпал яе дома. Ён абліў дыван гаручай вадкасцю, а пасля падпаліў яго запалкамі.

Да прыезду супрацоўнікаў МНС дом гарэў адкрытым полымем. На вуліцы знаходзіўся мужчына, сужыцель гаспадыні будынку, які патлумачыў, што ў доме нікога няма, паведамлялі тады ратавальнікі.

На самой жа справе, у доме знаходзілася жанчына. Пра гэта ведаў абвінавачаны, сцвярджаюць у судзе, але пры гэтым мужчына не пераканаўся, што сужыцелька зможа пакінуць памяшканне без шкоды для здароўя і не зрабіў спроб аказаць ёй дапамогу.

У выніку пажару яна атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе тэрмічных апёкаў каля 33% паверхні цела, і 24 студзеня 2025 года памерла ў бальніцы.

Абвінавачаны віну ў здзяйсненні злачынства не прызнаў, сцвярджаючы, што падпал адбыўся па неасцярожнасці.

Суд адправіў пенсіянера ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 11 гадоў. Ён таксама павінен выплаціць дачцэ памерлай сужыцелькі кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 тысяч рублёў.

Фота: Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС

Тры чалавекі падпалілі сябе па неасцярожнасці ў Магілёўскай вобласці

Тры выпадкі, калі людзі па неасцярожнасці атрымалі апёкі, зафіксаваныя на мінулых выходных на Магілёўшчыне – паведамляе прэс-служба МНС.

Мужчына 1968 года нараджэння ў Бабруйску падпальваў папіросу ад газавай пліты і на ім успыхнуў швэдар, прычыніўшы апёкі. Гэта здарылася яшчэ 5 траўня, але бабруйчанін не стаў звяртацца да медыкаў, пакуль не стаў адчуваць сябе дрэнна. Толькі 9 траўня ён патэлефанаваў дачцэ і паскардзіўся на самаадчуванне. Пабачыўшы на ім апёкі, жанчына выклікала хуткую.

11 траўня апёкі ног атрымаў мужчына 1999 года нараджэння ў вёсцы Азер’е Шклоўскага раёна. Як высветлілася, у 00:11 ночы ён распальваў кацёл бензінам і выпадкова абліў свае ногі.

Таксама 11 траўня ў Кіраўску да лекараў звярнулася мясцовая жыхарка 1987 года нараджэння. На ёй загарэлася вопратка, калі яна гатавала ежу – жанчына выпадкова падсунулася пад агонь і вопратка ўспыхнула.

Фота ілюстрацыйнае.