На бульвары Непакораных, 23Б у Магілёве ідзе работа над мураламі на фасадзе новабудоўлі «Авіятар». Аўтар – мастак Анатоль Рабкоў.
Назва і канцэпцыя роспісу адсылаюць да гісторыі месца. У 1930-х гадах тут быў пабудаваны аэрапорт, які працаваў да 1972 года: ён прымаў пасажыраў і грузы, адсюль узляталі самалёты.
Пазней аэрапорт перанеслі за горад, да Нікіцінічаў, а ў спусцелым будынку размясцілі школу №5. Не так даўно школу знеслі, а на яе месцы пабудавалі жылую шматпавярхоўку з гаваркой назвай.
Першы мурал адлюстроўвае аэрапорт такім, якім яго памятаюць старажылы. Другі, які яшчэ ў рабоце, будзе з буслом, сучасным лайнерам і беларускай дзяўчынай. Паводле слоў Рабкова, першапачаткова канцэпцыя была шырэйшая, але ў выніку яе скарэктавалі.
Гэта не першая работа Рабкова ў Магілёве. Раней ён распісваў шматпавярховікі на плошчы Касманаўтаў. Наступны мурал, паводле яго планаў, з’явіцца на вуліцы Чалюскінцаў побач з ААТ «Лента» і будзе прысвечаны тэме рабочых.
Фота «МагілёўАнлайн».
