БАЖ спрабуе абараніць магілёўскага журналіста Буракова ў АБСЕ і ААН

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) звярнулася ў АБСЕ і ААН з нагоды парушэння правоў журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова, якому забаронена ўязджаць у Шэнгенскую зону.

Журналіст даведаўся аб тым, што яму забароны ўезд у Шэнгенскую зону па прылёце з Кішынёва ў Берлін. Забарона з’явілася паўторна, раней ён быў вымушаны чакаць, пакуль скончыцца тэрмін папярэдняй пяцігадовай адмовы ў наведванні краін Шэнгенскага пагаднення. Як і ў папярэдні раз, прычынай стала забарона на знаходжанне ў Шэнгенскай зоне, уведзеная польскімі ўладамі. Раней даведацца аб падставах забароны, нават праз суд, Буракоў не змог.

Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала зварот да Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ з просьбай умяшацца ў сітуацыю. У арганізацыі адзначаюць, што адсутнасць тлумачэнняў адносна прычын забароны і немагчымасць уезду ў краіны Шэнгенскай зоны непасрэдна ўплываюць на прафесійную дзейнасць журналіста. Аналагічны зварот БАЖ накіравала і Спецыяльнаму дакладчыку ААН.

Нагадаем, што папярэдняя забарона ўжо дзейнічала ў дачыненні да Буракова з 2021 па 2026 год. На працягу пяці гадоў журналіст разам з адвакатамі спрабаваў высветліць яе прычыны, аднак польскія ўлады адмовіліся іх раскрываць.

У сакавіку 2026 года тэрмін абмежавання скончыўся. 13 красавіка Буракоў атрымаў пацвярджэнне, што зноў можа знаходзіцца на тэрыторыі Еўрапейскага звяза. Аднак ужо 16 красавіка Польшча, як высветлілася пазней, увяла новую забарону – да 2031 года.

Фотаздымак: БАЖ

Журналісту-палітуцекачу Аляксандру Буракову не даюць уехать у Еўразвяз

Магілёўскаму журналісту Аляксандру Буракову пасля пяцігадовай забароны на ўезд у ЕЗ зноў не дазволілі прыехаць у Шэнгенскую зону.

4 чэрвеня 2026 года Буракоў, які мае статус уцекача ў Малдове, прыляцеў у Берлін з Кішынёва. Аднак на пашпартным кантролі журналіста затрымалі і паведамілі, што яго дадзеныя знаходзяцца ў Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме SIS як асобы, якой забаронены ўезд у краіны Еўразвязу.

Як распавёў журналіст, папярэдняя пяцігадовая забарона скончылася 2 сакавіка 2026 года. Больш за тое, у красавіку ён праз адваката атрымаў адказ ад чэшскай паліцыі, што абмежаванне больш не дзейнічае.

Толькі ў берлінскім аэрапорце Буракоў даведаўся, што 16 красавіка Польшча зноў унесла яго ў базу SIS і забараніла ўезд у Шэнгенскую зону да 2031 года. Падставай стала фармулёўка пра нібыта пагрозу нацыянальнай бяспецы Польшчы. «Я нават не быў у Польшчы апошнія гады і ўвогуле знаходжуся па-за межамі Еўразвязу. Чаму мяне зноў унеслі ў базу, мне ніхто не тлумачыць», – кажа журналіст.

Нямецкія памежнікі паведамілі, што прэтэнзій да дакументаў беларуса не маюць. Ён меў сапраўдны біяметрычны пашпарт уцекача, выдадзены Малдовай, і мог законна ўехаць у Германію, калі б не польская забарона.

Гісторыя супрацьстаяння Буракова з польскімі ўладамі цягнецца ўжо некалькі гадоў. Яшчэ ў 2021 годзе ён нечакана даведаўся, што ўключаны ў спіс асоб, якія нібыта пагражаюць бяспецы Польшчы. Пры гэтым журналіст сцвярджае, што ніколі не атрымліваў тлумачэнняў, якія канкрэтна дзеянні сталі прычынай такой ацэнкі.

На працягу апошніх гадоў ён спрабаваў праз адвакатаў дамагчыся доступу да матэрыялаў сваёй справы і абскардзіць рашэнне. Польскі суд нават прызнаў незаконнай адмову ў азнаямленні з дакументамі, але сутнасць абвінавачванняў так і засталася для журналіста невядомай.

Аляксандр Буракоў быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля палітычнага пераследу. Журналіст супрацоўнічаў з незалежнымі беларускімі і замежнымі медыя, пасля падзей 2020 года неаднаразова затрымліваўся і адбываў адміністрацыйныя арышты.

Цяпер замест запланаванай паездкі ў Германію яму давялося вярнуцца ў Кішынёў, а прычына новай пяцігадовай забароны на ўезд у Еўразвяз па-ранейшаму застаецца невядомай.

Фотаздымак: Беларуская асацыяцыя журналістаў