З’явіўся ўнікальны малюнак Магілёва 1830-х гадоў у высокай якасці

Нядаўна ў вольным доступе для даследчыкаў паявіўся малюнак Магілёва і некалькіх гарадоў колішняй Магілёўскай губерніі 1830-х гадоў на сімвалічнай мапе губерніі. Аўтарам малюнка з’яўляўся магілёўскі губернскі землямер калежскі саветнік і кавалер Ігнаці Фёдаравіч Лада-Кладніцкі.  

Гэтая рукапісная карта вядомая ў адзіным асобніку, які захоўваецца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Некалькі спробаў магілёўскіх аматараў старажытнай гісторыі атрымаць ад расійскай бібліятэкі скан выявы ў высокай якасці не давалі плёну. Цяпер жа намаганнямі колішняга намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы выява ў высокім пашырэнні трапіла да беларускіх краязнаўцаў. Найбольшую цікавасць на ёй выклікае выява экзэрцыргаўза. Гэты манеж для трэніровак вайскоўцаў размяшчаўся ў раёне сучаснага кінатэатра “Чырвоная зорка” і згарэў яшчэ ў 1860-х гадах. Выява ўнікальная тым, што гэта адзінае адлюстраванне магілёўскага экзэрцыргаўза.

Выява прадстаўлена магілёўскім краязнаўцам і калекцыянерам Алегам Давідам Лісоўскім.