Уладальнік узнагароднага корціка Ігар Шчарбачэня – два бакі аднаго медаля

Начальнік Магілёўскага УУС Ігар Шчарбачэня быў добрым аператыўнікам, але 2020-ы ўсё змяніў: ён прынёс Ігару Уладзіміравічу і генеральскія пагоны, і нядобрую славу ініцыятара здзекаў над палітвязнямі.

Генерал-маёр Ігар Шчарбачэня нядаўна даў інтэрв’ю ІА «Магілёўскія ведамасці», дзе расказаў пра тое, як ідуць справы ў яго ведамстве. 

Цікава, што ў інтэрв’ю генерал ні словам не згадаў пра злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Ну, а паколькі ў Магілёўскай вобласці яны, не-не, ды і здараюцца, лагічна меркаваць, што Шчарбачэня не хоча закранаць гэтую слізкую тэму.

Мы ж прапануем бліжэй пазнаёміцца з чалавекам, які ў 44 гады стаў генералам і кіруе адной з самых грозных структур Магілёўскай вобласці.

Ігар Шчарбачэня нарадзіўся ў 1976 годзе на Любаншчыне Мінскай вобласці. У 1997 годзе скончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і пачаў службу аперупаўнаважаным групы крымінальнага вышуку Мінскага РАУС.

З 2001 па 2004 год узначальваў Ждановіцкі аддзел міліцыі УУС Мінскага райвыканкама. Затым быў прызначаны намеснікам начальніка УУС Мінскага райвыканкама, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі, а пазней – першым намеснікам начальніка, начальнікам крымінальнай міліцыі.

З 2006 па 2009 год Ігар Шчарбачэня ўзначальваў Смалявіцкі РАУС, а з 2009 па 2018 год кіраваў упраўленнем крымінальнага вышуку УУС Мінскага аблвыканкама.

Па сутнасці, уладальнік медаля «За бездакорную службу» трох ступеняў і вышэйшай узнагароды МУС – корціка, прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы і цалкам заслужана атрымаў генеральскія пагоны ў лютым 2020 года.

Што ж здарылася з бліскучым, без перабольшання, афіцэрам, які займаўся крымінальным вышукам, падчас масавых пратэстаў 2020 года? Што адбылося, калі міліцыянерам давялося рабіць выбар паміж прысягай і абаронай асабістых інтарэсаў чалавека, чыё імя асацыюецца з фразай «часам не да законаў»?

Тут усё проста – Ігар Шчарбачэня выбраў Лукашэнку. І з тых часоў на яго сумленні:

  • брутальныя затрыманні і разгоны мірных пратэстоўцаў магілёўскім і бабруйскім АМАПам;
  • гвалт і катаванні супраць мірных дэманстрантаў у Ленінскім РАУС Магілёва;
  • нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Магілёва і Бабруйска для затрыманых па палітычных прычынах;
  • пераслед журналістаў і праваабаронцаў Магілёва.

Усё змяніла адна фраза, якую Ігар Шчарбачэня вымавіў у адказ на загадзя супрацьзаконныя ўказанні міністра Юрыя Караева, накіраваныя супраць беларусаў, якія патрабавалі сыходу Аляксандра Лукашэнкі, з трэскам прайграўшага выбары.

Генерал Шчарбачэня тады сказаў: “Таварыш міністр, пытанняў няма, задача зразумелая”.

Фота з адкрытых крыніц.

У Круглым рыхтуюцца даць бой “беглым” у 2030 годзе

У Круглым трывожна – улады пачалі рыхтаваць насельніцтва да “прэзідэнцкіх выбараў” 2030 года.

Да 2030 года, як сцвярджаюць мясцовыя эксперты, яшчэ прорва часу. Але ў Круглым ужо чуваць глухі гул трывожных барабанаў: “беглыя” пачалі падрыхтоўку да “прэзідэнцкіх выбараў” загадзя. Відаць, настолькі загадзя, што гэтую падрыхтоўку пакуль, акрамя былога “беглага” Рамана Пратасевіча, ніхто не бачыў, але ў Круглым яе адчуваюць. І настолькі моцна адчуваюць, што нават забыліся пра чарговую элегантную перамогу ў нядаўна прайшоўшым 2025 годзе. Магчыма таму, што падзеі 2020-га мацней запалі ў памяць, чым леташнія дурыбары.

Сілавы сцэнарый 2020-га, як нагадваюць у Круглым, не спрацаваў. Праўда, аднак, у тым, што якраз спрацаваў – пратэсты былі задушаныя сіламі “красаўцаў”, якіх натхняў той самы з сінімі пальцамі і аўтаматам без ражка. У гэтым, пэўна, і была сіла і воля “нашага Главы дзяржавы – Аляксандра Лукашэнкі”, як адзначаецца ў круглянскім тэксце. 

Расслабляцца круглянцам нельга, бо разлічваць, што “змагары” ціхенька прасядзяць пад плінтусамі аж да 2030-га, – гэта, як лічаць у Круглым, недапушчальная раскоша. 

Таму заклік просты і гучны: не далі разваліць краіну ў 2020-м – не дамо і ў 2030-м. А значыць, рыхтавацца не даць разваліць краіну трэба ўжо сёння, каб за чатыры гады паспець.

Фотаздымак: БелТА