Стравы з таркаванай бульбы ўганаруюць статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Абяцае Міністэрства культуры

235 народных рэцэптаў з таркаванай бульбы зафіксавана ў Беларусі.

Міністэрства культуры неўзабаве ўнясе традыцыі прыгатавання і спажывання такіх страў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, пра тое гаворыцца ў тэлеграм-канале ведамства.

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, гаворыцца ў паведамленні, адзінагалосна падтрымала прапанову аб наданьні такога статусу ўлюбленай страве беларусаў.

«Шырокае распаўсюджванне страў з таркаванай бульбы – асаблівасць нацыянальнай кухні беларусаў, якая сфарміравалася ў канцы ХІХ стагоддзя і захоўваецца да цяперашняга часу», – цытуе тэлеграм-канал намесніка Міністра і старшыню рады Сяргея Саракача.

 

Гісторыя адносінаў беларусаў з бульбай: ад сабатавання да «другога хлеба»

Беларусы гатуюць з бульбы дранікі, бульбяныя бліны, бабкі. Паходзіць гэтая клубняносная травяністая расліна з Паўднёвай Амерыкі. Першымі каштавалі бульбу іспанскія маракі. Паводле гістарычных крыніцаў у Еўропу яе завезлі ў 16 стагоддзі.

У Беларусі гэту культуру сталі культываваць у 18 стагоддзі падчас каралявання Аўгуста III. Першапачаткова беларускае сялянства ставілася надзвычай недаверліва да новай расліны і нават сабатавала яе сяўбу.

Праз тры сотні гадоў бульба для беларусаў стала «другім хлебам» і нацыянальнай культурай.