Узбуйненне

Сталі вядомыя акалічнасці далучэння Горацкага і Мсціслаўскага паветаў да БССР

Аб супраціве смаленскіх чыноўнікаў узбуйненню БССР ў 1924 годзе стала вядома з даваеннага архіва Смаленскай вобласці, які апынуўся ў ЗША.

Нацыянальнае ўпраўленне архіваў і дакументацыі ЗША выклала ў інтэрнэт поўны масіў дакументаў Смаленскага абласнога і гарадскога камітэтаў партыі за 1917-1941 гады. Пра гэта піша “Наша ніва”. У Смаленскім архіве, у прыватнасці, можна знайсці дакументы, датычныя працэсу першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе. 

Тады Мінск, абапіраючыся на звесткі навукоўцаў і перапіс 1897 года, прэтэндаваў на шырокія этнічна беларускія тэрыторыі, а смаленскае чынавенства было супраць гэтага. Смаленскія губернскія чыноўнікі даказвалі, што насельніцтва мяркуемых да далучэнне да БССР тэрыторый цалкам абрусела. Прычынай такога супраціву і маніпулявання статыстыкай было тое, што тыя чыноўнікі баяліся страціць маскоўскія датацыі і ўласныя пасады. У выніку той бюракратычнай вайны Беларусь атрымала ад тагачаснай Смаленшчыны толькі Горацкі і частку Мсціслаўскага паветаў.

Архіў быў захоплены немцамі падчас Другой Сусветнай вайны, а потым перавезены ў ЗША. Цяпер амерыканцы зрабілі Смаленскі архіў дасягальным для ўсяго свету.

Фотаздымак: Вікіпедыя

← Усе навіны Магілёва