Сасновы парк у выглядзе пяціканцовай зоркі высадзілі пад Магілёвам

Новы парк закладзены ў Вейна, што на поўдзень ад абласнога цэнтра. Высаджаныя дрэвы зверху ствараюць абрыс зоркі. Дзіўнае на першы погляд рашэнне каранямі сыходзіць у сярэдзіну ХХ стагоддзя. 

Як паведаміла Прыдняпроўская Ніва, для акцыі «Магілёўскі лясгас», прывез 151 сасну, а школьнікі і мясцовыя жыхары высадзілі іх каля ўезду ў аграгарадок. 

Тутэйшае начальства лічыць, што новыя насаджэнні на тэрыторыі Вейнянскага сельсавета будуць цікавыя не толькі як месца адпачынку, але і як ландшафтны аб’ект, што ацэняць і мясцовыя жыхары, і госці аграгарадка.

Сапраўды, парк мае некалькі цікавостак. Колькасць саджанцаў была вызначана не выпадкова – менавіта такая колькасць пахаванняў загінулых воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на могілках каля аграгарадка Вейна. Акрамя знакавага ліку соснаў сімвалічнай стала і форма высаджаных дрэў – будучы парк уяўляе сабой зорку, дзе размах прамянёў складае больш за 50 метраў. 

Такім чынам, парк будзе мемарыяльным, а не рэкрэацыйным. Прысвечаны ён падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Пра аўтара канцэпцыі парка нічога не гаворыцца.