Праваслаўнае духавенства возьмецца вучыць студэнтаў сельгасакадэміі патрыятызму

Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія наладзіла супрацоўніцтва з Магілёўскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Дамова аб тым падпісаныя 2 чэрвеня.

Бакі, гаворыцца ў ёй, будуць выкарыстоўваць патэнцыял традыцыяў і каштоўнасцяў беларускага народу дзеля духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі, гаворыцца на партале Беларускай праваслаўнай царквы.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва праваслаўнага духавенства і адміністрацыя навучальнай установы лічаць выхаванне, культурную і творчую дзейнасць, а таксама захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны ды сацыяльную працу.

У 1985 годзе акадэмію ў Горках скончыў Аляксандр Лукашэнка. Вучыўся ён на эканамічным факультэце.

На сайце навучальнай установы яго біяграфія размешчаная ў раздзеле выбітныя выпускнікі.

У акадэміі вучацца больш за 10 тысяч студэнтаў. На сайце навучальнай установы гаворыцца, што яе навучэнцамі з’яўляюцца грамадзяне з 20 краінаў. Сярод іх пераважаюць краіны Афрыкі. Згадваецца Ізраіль, Расія, Украіна ды Грузія. Усяго ў акадэміі 425 студэнтаў з-за мяжы.

фота: baa.by