Пракуратура ўгледзела ў сельскай гаспадарцы сістэмныя парушэнні і за тыдзень арыштавала 6 аграрнікаў

Ім інкрымінуюць хабарніцтва і іншыя злачынствы.

Пракуроры каардынуюць усе кантрольныя органы, якія выяўляюць і выкараняюць сістэмныя парушэнні ў аграпрамысловым комплексе. Заяўляецца, што мэта дзейнасці – павысіць эфектыўнасць працы сельскай гаспадаркі. Такую задачу ім паставіў Лукашэнка.

“Толькі за апошні тыдзень за атрыманне хабару і іншыя злачынствы арыштаваныя шэсць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў” – кажа намеснік начальніка аддзелу па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генпракуратуры Павел Елісееў.

Пракурорскія работнікі ў выніку праверак выкрываюць шматлікія факты безгаспадарчасці, нядбайнасці, бяздзейнасці, крадзяжоў, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, піша БелТА.

Пракуратура ўбачыла, што службовымі падлогамі займаюцца кіраўнікі і матэрыяльна адказныя асобы прадпрыемстваў, супрацоўнікі ветэрынарнай службы і органы выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў неналежным чынам дбаюць аб захаванасці буйной рагатай жывёлы, паліўных рэсурсаў і тэхнікі, псаванні ўраджаю, утойванні рэальных праблем.