Пасол Ізраілю падзякаваў магілёўскім музеям за сабраныя звесткі аб Халакосце

Пасол Ізраілю ў Беларусі Алекс Гольдман-Шайман выказаў удзячнасць удзельнікам праекту «Памятаць нельга забыць» за руплівасць у збіранні гісторый яўрэяў. Па ягоных словах такая праца важная як для Беларусі, так і для Ізраілю. Ён адзначыў унёсак выхадцаў з Магілёўшчыны ў станаўленні дзяржавы Ізраіль.

Дыпламат у музеі этнаграфіі прысутнічаў на падвядзенні вынікаў праекту «Памятаць нельга забыць».

Летась па ініцыятыве магілёўскіх актывістаў Іды Шэндэровіч і Аляксандра Ліціна магілёўскія даследчыкі яўрэйскай спадчыны разам з работнікамі музеяў Быхава, Клімавічаў і Касцюковічаў збіралі вусныя ўспаміны сведак Халакосту на Магілёўшчыне, сямейныя гісторыі жыцця яўрэйскай грамады. Адначасова расшыфроўваліся надпісы на надмагіллях яўрэяў, што на габрэйскіх могілках абласнога цэнтру.

У выніку рэалізацыі праекту свет пабачыў буклет пра яўрэяў Быхава і кнігі з гісторыямі яўрэйскай грамады Клімавічаў і Касцюковічаў. Створаны лічбавыя каталогі могілак.

Іда Шэндэровіч падкрэсліла значнасць такой працы для сучаснікаў. Выхадцы з Магілёва, якія пражываюць  за мяжой, дзякуючы каталогам адшукалі магілы сваіх продкаў.

Аляксандр Ліцін падкрэсліў, што ўкладальнікі кніг здолелі сабраць каштоўныя матэрыялы аб гісторыі магілёўскіх яўрэяў з дапамогай простых інфармацыйных аб’яў у інтэрнэце, на якія адгукнуліся людзі.